Эфектыўнасць: вымогі да правядзення дэбатаў
Ключавы прынцып грамадскіх дэбатаў заключаецца ў тым, што ён павінен паважаць інтарэсы і свабоды ўдзельнікаў, прынцып, які таксама ляжыць у аснове правоў чалавека. Эфектыўнасць мерапрыемстваў грамадскіх дэбатаў не можа быць забяспечана толькі распрацоўкай адпаведнага дызайну, але патрабуе правядзення іх у адпаведнасці з прынцыпамі працэсуальнай справядлівасці.
Працэдурныя меры могуць дапамагчы ў супрацьдзеянні дысбалансам і няроўнасцям сярод тых, хто далучаны да ўдзелу, у тым ліку тых, хто непасрэдна ўдзельнічае і тых, хто ініцыюе альбо фінансуе грамадскія дэбаты у дадзеных рэкамендацыях і ў артыкуле 28 Канвенцыі Аўеда ўсёабдымная канцэпцыя "публічных дэбатаў" выкарыстоўваецца для апісання дыскурсіўнага ўзаемадзеяння ў публічнай сферы (гэта значыць не ў прафесійным кантэксце), з дапамогай якога асобы і групы могуць выяўляць, вывучаць і развязваць іх розныя інтарэсы ў пытаннях, якія закранаюць (альбо патэнцыйна закранаюць) усіх іх (глядзі таксама "Дэбаты")..
Вызначэнне і ўсталяванне прынцыпаў паводзін, якія неабходна выконваць падчас грамадскіх дэбатаў, можа дапамагчы павысіць празрыстасць і падсправаздачнасць.
Справядлівасць
Забеспячэнне павагі да ўсіх удзельнікаў можа патрабаваць надання асаблівай увагі альбо прыняцця спецыяльных мер для заахвочвання і забеспячэння ўдзелу пэўных груп, а таксама забеспячэння справядлівага слухання ўсіх галасоў, у тым ліку тых, якія выказваюць супрацьлеглыя альбо неардынарныя погляды. Важна, каб у цэнтры ўвагі ў грамадскіх дэбатах была тэма, якая будзе дэбатавацца, а не чалавек, які дэбатуе.
У прыватнасці, павінна быць забяспечана павага да этнічных, культурных, рэлігійных і сацыяльна-дэмаграфічных адрозненняў, а таксама роўнае права ўсіх удзельнікаў на ўлічванне іхных поглядаў. Дэманстрацыя павагі і справядлівасці стымулюе давер да ініцыятывы.
Мадэрацыя альбо незалежнае, бесстаронняе і кваліфікаванае садзейнічанне можа дапамагчы гарантаваць, што ўсе ўдзельнікі будуць мець справядлівую магчымасць таго, каб іх меркаванні былі пачуты, незалежна ад сацыяльных, палітычных, адукацыйных і эканамічных адрозненняў.
Прыватнасць
Нароўні з фактычнымі дадзенымі і доказнай інфармацыяй трэба таксама ўлічваць асабісты жыццёвы досвед людзей, які можа даць важную інфармацыю. Асобныя людзі могуць находзіць свой асабісты досвед адпаведным тэме грамадскіх дэбатаў і, магчыма, пажадаюць падзяліцца ім з іншымі. Важна, каб дэбаты прапанавалі "бяспечную прастору", дзе можна гэта зрабіць. Павага прыватнасці шляхам абароны ананімнасці ўдзельнікаў можа быць важнай, напрыклад, для абароны ўдзельнікаў ад умяшання СМІ ў іх асабістае жыццё. У любым выпадку гэта можа быць патрабаваннем заканадаўства аб абароне персанальных дадзеных.
Удзел некаторых асоб можа можа зрабіць іх уразлівымі, падвергнуць стыгматызацыі, дыскрымінацыі ці нават нанесці прамую шкоду. Гэта можа быць асабліва важна ўлічваць, калі дзейнасць прадугледжвае ўдзел дзяцей і моладзі. Шматлікія біямедыцынскія распрацоўкі ўздымаюць пытанні, якія ўздзейнічаюць непрапарцыйна на асобаў рознага полу, узросту, стану здароўя, наяўнасці інваліднасці, што цягне за сабой рызыку пагаршэння структурных няроўнасцей, калі пазбаўленыя спрыяльных умоў групы не могуць справядліва ўдзельнічаць у іх абмеркаванні.
У выпадках, калі ўдзел пэўных груп альбо асоб, закранутых прапанаванай мерай, мае важнае значэнне, але іх непасрэдны ўдзел уяўляе пагрозу прыватнасці, варта разгледзець альтэрнатыўныя спосабы ўдзелу. Напрыклад, гэта можна зрабіць праз відэаканферэнцыю, праз давераных пасярэднікаў альбо даслаўшы пісьмовыя матарыялы. Калі для ўдзелу асоб, якія закранутыя ў велькай ступені, патрабуецца ананімнасць, легітымнасць працэсу можа быць захавана, напрыклад, шляхам незалежных засведчанняў.
Неабходна разгледзець магчымасць канфлікту паміж важнасцю празрыстасці і неабходнасцю абараніць прыватнае жыццё асоб, якія ўдзельнічаюць у грамадскіх дэбатах.
Магчыма, у некаторых выпадках мэтазгодна прыцягваць розныя групы грамадскасці асобна, калі па структурных або ўмоўных прычынах некаторыя падгрупы не могуць удзельнічаць на роўных з іншымі.
Правіла, падобнае на "правіла Чатэм Хаўза" (калі атрыманая інфармацыя можа надалей адкрыта выкарыстоўваццца, але не павінны раскрывацца асобы ані крыніцы інфармацыі, ані іншых удзельнікаў) можа дазваляць людзям, прыцягнутых да ўдзелу ў грамадскіх дэбатах, выказваць меркаванне без боязі негатыўных наступстваў. У выпадку выкарыстання дадзенага прынцыпу, ён павінны быць узгоднены ад самага пачатку і надзейна выконвацца.
Празрыстасць інтарэсаў
Празрыстасць – важны аспект справядлівасці. Ініцыятары і ўдзельнікі павінны падаваць празрыстую інфармацыю пра свае мэты і інтарэсы ў фінансаванні ці ўдзелу ў грамадскіх дэбатах, а таксама пра крыніцы фінансавання. З-за наяўнасці інтарэсаў спонсарам ініцыятыў часта мэтазгодна аддзяліць сябе ад непасрэднага працэсу альбо прыцягнуць незалежных спецыялістаў для правядзення грамадскіх дэбатаў ад іх імя.
Датычныя дэбатаў інтарэсы не абмяжоўваюцца толькі грамадскімі. Таксама варта ўлічваць і дэклараваць асабістыя інтарэсы, бо схаваныя асабістыя інтарэсы ўдзельнікаў, экспертаў ці зацікаўленых бакоў могуць падарваць давер і павагу да вынікаў грамадскіх дэбатаў. Аднак наяўнасць асабістых інтарэсаў не павінна перашкаджаць удзелу. Наадварот, гэта падстава для ўдзелу. Аднак у пытаннях, якія ўяўляюць грамадскі інтарэс, гэта не павінна цягнуць за сабой прывілеяваны ўплыў.
Ініцыятары, эксперты, спонсары і ўдзельнікі павінны раскрываць любыя адпаведныя інтарэсы датычна ініцыятывы альбо яе вынікаў. Гэта можа быць зроблена пры першым прадстаўленні сябе іншым альбо, у выпадку экспертаў, шляхам пісьмовай дэкларацыі пра інтарэсы.
Шчырасць
Важна, каб людзі ўдзельнічалі шчыра і добрасумленна, а не маніпулявалі грамадскімі дэбатамі ў асабістых інтарэсах. Гэта асабліва важна, калі ў грамадскіх дэбатах бакі абапіраюцца на пытанні навуковых фактаў і доказаў, а таксама калі ідзе размова пра экспертныя заключэнні. Каб пазбегнуць непаразумення, пажадана выкарыстанне яснай, нетэхнічнай і недвухсэнсоўнай мовы. Тыя, хто прапануе экспертныя доказы, павінны растлумачыць любыя нявызначанасці і абмежаванні тэхнічных ведаў. Важна сумленнасць адносна крыніц дадзеных. Варта нагадаць экспертам, што трэба пазбягаць ацэначных выразаў і выказвання асабістага меркавання.
Важна пераканацца, што адпаведным доказам надаецца належная ўвага, і што баланс меркаванняў экспертаў прадстаўлены сумленна.
Варта прасіць экспертаў быць празрыстымі адносна вядомых рызык і наступстваў, а таксама межаў ведаў і прагназавання.
Часам перакрыжаваны допыт экспертаў альбо ўдзел экспертаў з супрацьлеглымі поглядамі можа дапамагчы дасягнуць балансу там, дзе бесстароннасць малаверагодная.