Тэрміны, выкарыстаныя ў гэтых рэкамендацыях
Паколькі грамадскія дэбаты сталі сферай прафесійнай практыкі, былі распрацаваныя тэрміналогія і пэўныя канцэпцыі, многія з якіх аспрэчваюцца альбо адлюстроўваюць розныя перавагі і прыхільнасці. Ніжэйпрыведзенае не з'яўляецца канчатковым тлумачэннем значэння тэрмінаў, а толькі паясненнем таго, як пэўныя, патэнцыйна заблытаныя тэрміны выкарыстоўваюцца ў гэтых рэкамендацыях.
Ініцыятар
асоба, якая бярэ ініцыятыву ў правядзенні мерапрыемстваў грамадскіх дэбатаў (глядзі "Запрошаныя/ незапрошаныя грамадскія дэбаты"). Ініцыятар звычайна забяспечвае або каардынуе рэсурсы для гэтай дзейнасці і можа даручыць спецыялістам садзейнічаць альбо можа ажыццяўляць дзейнасць ад іх імя.
Грамадзянін
фізічная асоба, якая падпарадкоўваецца законам і палітыцы дзяржавы і карыстаецца юрыдычнымі правамі, якія абараняе гэтая дзяржава. Напрыклад, у такіх складовых тэрмінах, як "збор грамадзян", значэнне "грамадзянін" шырэйшае, чым проста тыя, хто мае грамадзянства альбо мае права голасу ў гэтай дзяржаве.
Грамадскасць
многія навукоўцы, сацыёлагі і практыкі грамадскага ўдзелу аддаюць перавагу множнаму паняццю "грамадскасць" перад адзінкавым "грамада", каб пазбегнуць намёка на існаванне адзінай аднароднай групы альбо на тое, што "грамада" мае аб'ектыўнае існаванне незалежна ад пытанняў, пра якія ідзе гаворка.
Грамадская сфера
прастора грамадскіх дэбатаў; умоўнае камунікатыўнае асяроддзе, у якім прыватныя асобы могуць фармуляваць і абмяркоўваць грамадскія выклікі, якія закранаюць іх і ўплываць на палітыку. На практыцы яе могуць падтрымліваць пэўныя сацыяльныя і палітычныя інстытуцыі, а таксама СМІ.
Грамадскія дэбаты
у дадзеных рэкамендацыях і ў артыкуле 28 Канвенцыі Аўеда ўсёабдымная канцэпцыя "публічных дэбатаў" выкарыстоўваецца для апісання дыскурсіўнага ўзаемадзеяння ў публічнай сферы (гэта значыць не ў прафесійным кантэксце), з дапамогай якога асобы і групы могуць выяўляць, вывучаць і развязваць іх розныя інтарэсы ў пытаннях, якія закранаюць (альбо патэнцыйна закранаюць) усіх іх (глядзі таксама "Дэбаты").
Дарадчыя метады
устойлівыя дыскурсіўныя сустрэчы, падчас якіх удзельнікі вырашаюць праблему, якая ўяўляе агульны інтарэс, абменьваючыся інфармацыяй, вывучаючы доказы і прыводзячы ўзаемна паважлівыя аргументы.
Дзейнасць у межах грамадскіх дэбатаў
арганізаваная дзейнасць, абмежаваная па маштабе, з намерам стымуляваць удзел у грамадскіх дэбатах па пэўнай тэме ў разліку на тое, што ў выніку яны паспрыяюць інфармаванню альбо будуць непасрэдна ўплываць на распрацоўку палітык ці кіраванне.
Дыялог
«грамадскі дыялог» ёсць адной з формаў дарадчага ўзаемадзеяння паміж прафесіяналамі, асобамі, якія ствараюць палітыку, і неспецыялістамі, у якім удзельнікі звяртаюцца і рэагуюць адзін на аднаго, і які адбываецца на ўмовах, прызначаных для нейтралізацыі асіметрыі ўлады і ведаў.
Дэбаты
любы дыскурс, у якім некалькі асоб ці груп узаемадзейнічаюць для выяўлення, вывучэння і развязання сваіх розных пунктаў гледжання і інтарэсаў шляхам прадстаўлення доказаў, аргументаў і каштоўнасцей. У дадзеных рэкамендацыях гэтае больш агульнае паняцце "дэбаты" трэба адрозніваць ад афіцыйнага абмеркавання між двума супрацьлеглымі бакамі па прапанове аднаго з іх (глядзі таксама "Грамадскія дэбаты").
Запрошаныя/ незапрошаныя грамадскія дэбаты
падчас запрошаных грамадскіх дэбатаў адказны орган запрашае прадстаўнікоў грамадскасці прыняць удзел у дзейнасці з мэтай, якую яны вызначылі; падчас незапрошаных грамадскіх дэбатаў прадстаўнікі грамадскасці і грамадскіх арганізацый самі звяртаюцца да адказнага органа з мэтай унесці змены.
Кансультацыя
атрыманне якасных дадзеных з мэтай мадыфікацыі альбо пацверджання прапанаванай меры, якая належыць да сферы адказнасці ініцыятара. Як правіла, мэта палягае ў тым, каб атрымаць дадзеныя з шырокага кола пунктаў гледжання. Кансультацыі могуць быць адкрытымі для грамадскасці (асабліва па пытаннях дзяржаўнай палітыкі, якія могуць апасродкавана закранаць кожнага), альбо факусавацца на групах ці асобах, якія маюць канкрэтныя інтарэсы, веды ці досвед. Рэспандэнты падбіраюцца самастойна.
Кіраванне
у дадзеных рэкамендацыях "кіраванне" азначае адказнае падсправаздачнае выкарыстанне ўлады або паўнамоцтваў для ўстанаўлення, надзора і забеспячэння выканання стандартаў і паводзін у сістэмах або арганізацыях. Гэта можа азначаць як кіраванне паводзінамі людзей, так і забеспячэнне іх справаздачнасці. Кіраванне можа быць ажыццёўлена шляхам прымусовых і непрымусовых мер (прававыя нормы, сістэмы ліцэнзавання, прафесійныя нормы, кодэксы паводзін, рэкамендацыі і г.д.). Кіраванне можа быць функцыяй як дзяржаўных, так і прыватных суб'ектаў.
Рэпрэзентатыўнасць
запрашэнне да ўдзелу можа быць арганізавана такім чынам, каб прадстаўляць агульную сукупнасць альбо пэўную падгрупу насельніцтва ў адпаведнасці з пэўнымі крытэрыямі, напрыклад сацыяльнымі і дэмаграфічнымі. Уважлівага крытычнага разважання патрабуюць мэтазгодны памер выбаркі, крытэрыі рэпрэзентатыўнасці і значэнне "рэпрэзентатыўных" знаходак.
Сумесны дызайн
распрацоўка дызайну і вызначэнне працэсу публічных дэбатаў удзельнікамі альбо паміж сабой (пры садзейнічанні), альбо шляхам перамоваў з ініцыятарам.
Удзельнік
прадстаўнікі дзяржаўных органаў, эксперты і грамадзяне могуць разглядацца як удзельнікі актыўнасцей з грамадскім удзелам альбо дэбатаў.
Якасныя/ колькасныя метады
колькасныя метады збіраюць інфармацыю ў выглядзе лічбавых значэнняў (напрыклад, колькасць альбо доля людзей, якія даюць канкрэтны адказ на пытанне);
якасныя метады падаюць дыскурсіўную інфармацыю і звычайна дазваляюць глыбока даследаваць з'явы шляхам апытання і разважанняў.