Poverty
Паміж беднасцю і правамі чалавека існуе цесная сувязь. У Венскай дэкларацыі і Праграме дзеянняў Сусветнай канферэнцыі па правах чалавека 1993 года адзначаецца:
Існаванне шырока распаўсюджанай крайняй беднасці перашкаджае поўнаму і эфектыўнаму ажыццяўленню правоў чалавека; яе неадкладнае аблягчэнне і канчатковае знішчэнне павінны заставацца першачарговай задачай для міжнароднай супольнасці.
Наш свет поўніцца няроўнасцю. Паведамляецца, што самы багаты чалавек у свеце зарабіў у 2010 годзе 15 мільярдаў еўра. Каб зразумець, наколькі неверагодным з’яўляецца такі «заробак», трэба паглядзець на валавы ўнутраны прадукт (ВУП) некаторых краін. У 2009 годзе Афганістан з насельніцтвам 29 мільёнаў чалавек меў ВУП памерам 10 мільярдаў еўра; ВУП Грузіі з насельніцтвам 4 мільёны чалавек складаў 8 мільярдаў еўра.1 Мы жывем у свеце, дзе адзін мільярдэр зарабляе столькі ж грошай, колькі складае гадавы аб’ём вытворчасці цэлай краіны. Ашаламляльныя няроўнасць і беднасць уплываюць не толькі на рэгіёны, якія развіваюцца, але і на багатыя краіны. У Еўропе ўсё яшчэ ёсць бяздомныя людзі, якія спяць на вуліцах, сем’і, якія высяляюць за тое, што яны не могуць плаціць за арэнду, дзеці, якія не атрымліваюць дастаткова ежы, і старыя, якія з цяжкасцю абаграваюць свае дамы зімою. Беднасць – гэта не лёс, які нельга кантраляваць; гэта пытанне сацыяльнай справядлівасці і ажыццяўлення правоў чалавека.
Азначэнне і ацэнка беднасці
Беднасць можна вызначыць як стан чалавека, які характарызуецца пастаяннай або хранічнай нястачай рэсурсаў, магчымасцей, выбару, бяспекі і сілы, неабходных для ажыццяўлення адэкватнага ўзроўню жыцця і іншых грамадзянскіх, культурных, эканамічных, палітычных і сацыяльных правоў.
Камітэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па сацыяльных, эканамічных і культурных правах2
Ёсць некалькі спосабаў вызначыць паняцце і ацаніць узровень беднасці. Адрозненні ў вызначэннях і ацэнцы паказваюць не толькі розныя спосабы збору і аналізу статыстычных даных, але і прыводзяць да розных падыходаў да барацьбы супраць беднасці. Звычайна беднасць ацэньваецца або як абсалютная, або як адносная. У абодвух выпадках акрэсліваюцца парог або мяжа беднасці, і людзі, якія знаходзяцца ніжэй за гэты парог, лічацца беднымі.
Абсалютная беднасць
Абсалютная беднасць (якую таксама называюць крайняй беднасцю) – гэта нястача рэсурсаў для забеспячэння асноўных жыццёвых патрэб, якія ўключаюць сярод іншага пітную ваду, ежу і санітарныя ўмовы. Мяжа беднасці часта вылічваецца на аснове даходу: калі даход чалавека або сям’і апускаецца ніжэй за пэўны ўзровень, які лічыцца мінімальным для забеспячэння разумнага ўзроўню жыцця, то гэты чалавек або сям’я лічацца беднымі.
На сёння У цяперашні час Сусветны банк вызначае абсалютную беднасць як пражыванне менш чым на 1,25 долара ЗША (што адпавядае 0,9 еўра) у дзень.3 Паводле ацэнкі Сусветнага банка, у 2005 годзе 1,4 мільярда чалавек жылі па-за мяжой беднасці. Гэтыя паказчыкі абсалютнай беднасці, прадстаўленыя Сусветным банкам, часцей за ўсё цытуюцца ў СМІ і выкарыстоўваюцца ўрадамі і НУА. Аднак хоць Сусветны банк і сцвярджае, што распаўсюджанасць абсалютнай беднасці панізілася з 1980-х гадоў, шэраг даследчыкаў4 крытыкавалі метадалогію ацэнкі банка і заявілі, што лічбы, якімі вызначаецца абсалютная беднасць, заніжаныя.
Сяляне з арганізацыі La Via Campesina мабілізаваліся супраць паглыблення беднасці
У маі 2010 года прадстаўнікі «La Via Campesina» («Шлях сялян») з Еўропы і Лацінскай Амерыкі далучыліся ў Мадрыдзе да дэманстрантаў, якія патрабавалі спынення перамоў адносна падпісання пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕС і лацінаамерыканскімі краінамі. Удзельнікі кампаніі сцвярджалі, што такія пагадненні будуць прыбытковымі для транснацыянальных карпарацый, але пры гэтым будуць пагаршаць беднасць. La Via Campesina выступае супраць неаліберальнай палітыкі Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнай гандлёвай арганізацыі і верыць, што толькі заснаваны на правах чалавека падыход можа дапамагчы ў пераадоленні голаду, беднасці і кліматычных змен.
Адносная беднасць
Міжнародны сялянскі рух La Via Campesina прадстаўляе фермераў у 70 краінах Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Азіі і Еўропы.
www.viacampesina.org
У Еўропе беднасць у асноўным разумеецца як адносная беднасць, пры якой чалавек або сям’я лічацца беднымі, калі іх даход і рэсурсы ніжэй за тыя, што ўспрымаюцца як адэкватныя або сацыяльна прымальныя ў грамадстве, у якім яны жывуць. Бедныя людзі часта выключаюцца з эканамічнай, сацыяльнай і культурнай дзейнасці, якія лічацца натуральнымі для іншых людзей, і іх доступ да правоў чалавека можа быць абмежаваным.5 Той факт, што ў еўрапейскіх краінах пры абмеркаванні праблем беднасці звычайна кажуць пра адносную беднасць, не азначае, што ў гэтых краінах няма людзей, якія жывуць у абсалютнай беднасці. Напрыклад, у паўднёва-ўсходняй Еўропе і Садружнасці Незалежных Дзяржаў 25 % дзяцей жывуць у абсалютнай беднасці.6
Жыццё ў беднасці можа характарызавацца…
- ізаляцыяй ад сям’і і сяброў
- пачуццём бяссілля і ізаляцыі, слабым кантролем над рашэннямі, якія ўплываюць на паўсядзённае жыццё
- недахопам інфармацыі пра даступныя падтрымку і паслугі
- узнікненнем праблем з забеспячэннем асноўных патрэб, у тым ліку даступнасці годнага жылля, медыцынскіх паслуг, школ і адукацыйных магчымасцей на працягу ўсяго жыцця
- пражываннем у небяспечных раёнах з высокім узроўнем злачынстваў і гвалту і дрэннымі экалагічнымі ўмовамі або ў аддаленай і ізаляванай сельскай мясцовасці
- немагчымасцю дазволіць сабе такія неабходныя камунальныя паслугі, як вада, ацяпленне і электрычнасць або немагчымасць набываць здаровую ежу і новае адзенне і выкарыстоўваць грамадскі транспарт
- немагчымасцю набыць лекі або скарыстацца паслугамі стаматолага
- жыццём без ашчаджанняў або запасаў на выпадак такога крызісу, як страта працы або хвароба
- становішчам, калі чалавека эксплуатуюць або прымушаюць да нелегальных дзеянняў
- сутыкненнем з расізмам і дыскрымінацыяй
- немагчымасцю ўдзельнічаць у нармальным грамадскім жыцці і правядзення вольнага часу, напрыклад, немагчымасцю пайсці ў бар, кіно, на спартыўнае мерапрыемства, у госці да сяброў або набываць падарункі на дзень нараджэння для членаў сям’і.
Адаптавана з сайта арганізацыі «Еўрапейская сетка супраць беднасці» (EAPN) http://www.eapn.eu
Развіццё чалавека – новы падыход да беднасці
Развіццё чалавека, калі разглядаецца як падыход, звязана тым, што я называю асноўнай ідэяй развіцця, – а менавіта павелічэннем багацця чалавечага жыцця, а не багацця эканомікі, у якой жывуць людзі, бо эканоміка – гэта толькі частка жыцця.
Амарція Сен
Справаздачы аб чалавечым развіцці можна знайсці на сайце
www.hdr.undp.org/en/
Дамінуючы ў 1980-х гадах падыход, паводле якога беднасць разглядалася як адсутнасць даходаў, а стратэгіі па скарачэнні беднасці былі прывязаны да эканамічнага развіцця, быў моцна раскрытыкаваны шэрагам навукоўцаў, якія вераць, што свабода ад беднасці – гэта больш, чым проста даступнасць багацця. Новы падыход да скарачэння беднасці быў прапанаваны разам з новым метадам ацэнкі развіцця. Індэкс чалавечага развіцця ўяўляе сабой параўнальную ацэнку разнастайных параметраў, якія ўплываюць на якасць жыцця ў краіне, напрыклад, верагоднай працягласці жыцця, пісьменнасці, адукацыі, узроўню жыцця, гендарнай роўнасці і дабрабыту дзяцей. Індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу публікуецца па даручэнні Праграмы развіцця ААН у штогадовых справаздачах аб развіцці чалавецтва.
Правы чалавека і беднасць
Беднасць можа быць як прычынай, так і вынікам парушэння правоў чалавека, а гэта азначае, што не толькі няздольнасць ажыццяўляць правы чалавека можа выклікаць беднасць, але і беднасць можа прывесці да павелічэння колькасці парушэнняў правоў чалавека. Дзяржавы маюць юрыдычныя абавязкі перад людзьмі, якія жывуць у беднасці; усе гэтыя абавязкі зыходзяць з эканамічных, культурных, грамадзянскіх і палітычных правоў людзей. У Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах тлумачыцца, што ўсе правы павінны выконвацца «індывідуальна і дзякуючы міжнароднай дапамозе і супрацоўніцтву». Гэта азначае, што існуе не толькі нацыянальная, але і міжнародная адказнасць для развітых дзяржаў і тых, хто «ў стане дапамагаць» у выкараненні беднасці. Такім чынам, знішчэнне беднасці – гэта не пытанне дабрачыннасці або добрай волі самых багатых дзяржаў; гэта пытанне выканання абавязкаў па правах чалавека.
Кампанія «За годнае абыходжанне»
У 2009 годзе Amnesty International запусціла кампанію, якая называецца «За годнае абыходжанне». Гэтая кампанія запланавана па меншай меры на 6 гадоў і накіравана на тое, каб мабілізаваць людзей патрабаваць справаздачнасці нацыянальных і міжнародных арганізацый адносна парушэнняў правоў чалавека, якія пагаршаюць беднасць і трымаюць людзей у пастцы нястачы. Сярод міжнародных і мясцовых мерапрыемстваў кампаніі – семінары, канцэрты, фотавыставы, канферэнцыі і многае іншае.
Даведайцеся больш пра кампанію і пра тое, як прымаць меры, на сайце www.amnesty.org або на вэб-сайце мясцовага аддзялення Amnesty International.
Калі вы прыйшлі, каб дапамагчы мне, то вы проста губляеце свой час. Але калі вы прыйшлі, таму што ваша вызваленне звязана з маім, то давайце працаваць разам.
Ліла Уотсан, мастачка з карэннага насельніцтва Аўстраліі
Пытанне: Ці павінны развітыя краіны несці адказнасць, калі яны не дапамагаюць змагацца з беднасцю?
Правы чалавека, асабліва важныя пры барацьбе супраць беднасці
Калі ўлічваць усю непадзельнасць, узаемазвязанасць і ўзаемазалежнасць правоў чалавека, то ўсе правы чалавека маюць значэнне пры знішчэнні беднасці. Пры гэтым некаторыя з правоў адзначаюцца як асабліва важныя ў дадзеным кантэксце. У публікацыі ААН «Праект кіруючых прынцыпаў: стратэгіі памяншэння беднасці на аснове правоў чалавека»7 рэкамендуецца пры планаванні палітыкі па скарачэнні беднасці сфакусіравацца на наступных правах чалавека:
Права на здароўе. Дрэнны стан здароўя можа быць як прычынай, так і вынікам беднасці. Дрэннае здароўе можа адмоўна ўплываць на паспяховасць дзяцей у школе, прадукцыйнасць працы, можа прывесці да беспрацоўя і адмоўна адбіцца на здольнасці ўдзельнічаць у сацыяльным і культурным жыцці. У той жа час жыццё ў беднасці можа прывесці да дрэннага харчавання, большай схільнасці да ўплыву нездаровага асяроддзя і абмежаванага доступу да медыцынскага абслугоўвання, што можа стаць прычынай пагаршэння стану здароўя.
Права на адукацыю. Адукацыя – гэта найлепшае доўгатэрміновае вырашэнне праблемы беднасці. З дапамогай адукацыі дзеці і дарослыя, якія жывуць у беднасці, могуць здабыць кампетэнцыі, што дапамогуць яе пераадолець.
Вулічныя бібліятэкі
У 2007 годзе Міжнародны рух «АТД Чацвёрты свет» (ATD Fourth World) распачаў праект вулічных бібліятэк у Польшчы. Кожны тыдзень каманда аніматараў наведвае цэнтр для бежанцаў з Чачні ў Варшаве, дзе ў шматкватэрным доме пражываюць каля 350 сямей у чаканні рашэння, ці будзе ім дазволена застацца ў Польшчы або іх адправяць назад у Чачню. Некаторыя дзеці не ходзяць у школу; менавіта таму каманда аніматараў і адкрыла бібліятэку непадалёку.
Больш пра гэты праект вы можаце даведацца на сайце www.atd-fourthworld.org
Адсутнасць працы непакоіць мяне. Мае дзеці былі галодныя, і я казаў ім, што рыс яшчэ гатуецца, пакуль яны не заснулі ад голаду.
Пажылы чалавека з Бедсы, Егіпет8
Права на дастойную працу. Неадпаведныя і небяспечныя ўмовы здабычы сродкаў для існавання спрыяюць распаўсюджанню беднасці. Як вынік абмежаваных магчымасцей працы, бедныя людзі часта пагаджаюцца на часовую, нізкааплатную, нелегальную працу і працуюць у небяспечных і нездаровых умовах. Яны больш уразлівыя ў дачыненні да дрэннага стаўлення і дамаганняў з боку працадаўцы і маюць менш магчымасцей дамагацца кампенсацыі, чым іншыя. Многія з іх апынуліся ў пастцы небяспечнай і нелегальнай дзейнасці, такой як сексуальныя паслугі, дзіцячая праца, прымусовая праца і іншыя практыкі, падобныя да рабства.
Пытанне: Ці хапае ў вашай краіне мінімальнай зарплаты на тое, каб дастойна жыць?
Права на нармальнае харчаванне. Жыццё ў беднасці можа прывесці да голаду і недаядання, што адмоўна ўплывае на здольнасць дзяцей і дарослых канцэнтравацца ў школе і на працы. Фізічныя і псіхалагічныя наступствы недахопу якаснай ежы могуць толькі паглыбіць беднасць.
Прыйшоў час думаць глабальна і дзейнічаць лакальна?
Развітыя краіны таксама сустракаюцца з праблемамі голаду і недаядання. У 2009 годзе ў Еўрапейскім саюзе налічвалася 115 мільёнаў чалавек на мяжы беднасці.10 Еўрапейская федэрацыя харчовых банкаў (FEBA), які аб’ядноўвае 240 харчовых банкаў у Еўропе, з’яўляецца адной з ініцыятыў па барацьбе з голадам і марнатраўствам прадуктаў. У 2010 годзе Еўрапейскія харчовыя банкі ў супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі і сацыяльнымі службамі сабралі 359 960 тон ежы і перадалі іх 4,9 мільёнам чалавек. Харчовыя банкі аб’ядноўваюць у сабе барацьбу супраць беднасці, ізаляцыі і марнатраўства з прызывам да салідарнасці.
Усе члены FEBA з’яўляюцца валанцёрамі, якія раней працавалі на розных пасадах у сферах бізнесу, грамадскіх паслуг і асацыяцый.
Знайдзіце свой мясцовы харчовы банк на сайце www.eurofoodbank.eu
Пытанне: Ці ёсць у вашай супольнасці людзі, якія не могуць сабе дазволіць харчавацца тры разы на дзень?
Нягледзячы на тое, што ў свеце вырабляецца дастаткова ежы, каб накарміць усіх, у 2011 годзе амаль 1 мільярд дзяцей, мужчын і жанчын штодня кладуцца спаць галоднымі.
Даклад аб бедствах у свеце9
Права на нармальнае жыллё. Права на нармальнае жыллё – гэта права ўсіх набыць і захоўваць бяспечнае і надзейнае жыллё, у якім яны могуць жыць у міры і годнасці. Большасць бедных людзей жывуць у небяспечных раёнах у жыллі нізкай якасці або зусім без жылля. Яны могуць сустракацца з праблемамі перанаселенасці, забруджвання, шуму і могуць не мець доступу да пітной вады, каналізацыі і ацяплення. Бедныя людзі часта жывуць у аддаленых і небяспечных раёнах, за што іх звычайна ганьбяць іншыя людзі. Жыллё нізкай якасці або яго адсутнасць з’яўляюцца вынікамі беднасці і могуць прывесці да яшчэ большых нягод і ізаляцыі.
Крымінальная адказнасць за бяздомнасць
У 2011 годзе парламент Венгрыі прагаласаваў за закон, які дазваляе саджаць у турму тых, хто «вінаваты» ў тым, што спаў у грамадскіх месцах двойчы за паўгода. У інтэрв’ю венгерскі міністр унутраных спраў сказаў, што ўрад «ачысціць грамадскія месцы ад жабракоў і тых, хто можа сапсаваць вам настрой…»11. Новы закон, які разглядае перыядычнае пражыванне ў грамадскіх месцах як правапарушэнне, прынялі нягледзячы на тое, што ў многіх гарадах Венгрыі адсутнічаюць адпаведныя службы, якія б дапамагалі людзям без нармальнага жылля.
Беднасць – гэта як жыццё ў турме, жыццё ў няволі, у чаканні свабоды.
Чалавек з Ямайкі12
Пытанне: Як праблема бяздомнасці вырашаецца ў вашай супольнасці?
Дзе няма бяспекі, няма жыцця.
Чалавек з Самалі13
Права на асабістую бяспеку. Бедныя людзі звычайна сутыкаюцца са шматлікімі формамі небяспекі. Апрача таго, што яны адчуваюць на сабе фінансавы, эканамічны і сацыяльны прыгнёт, яны таксама нярэдка сутыкаюцца з пагрозамі смерці, дамаганнямі, запужваннем, дыскрымінацыйным стаўленнем і фізічным гвалтам з боку дзяржаўных і недзяржаўных асоб. Яны звычайна жывуць у раёнах з павышаным узроўнем злачыннасці, і іх не так моцна ахоўвае паліцыя.
Права з’яўляцца ў грамадскіх месцах без пачуцця сораму. Права з’яўляцца ў грамадскіх месцах без пачуцця сораму вынікае з некаторых іншых правоў чалавека, такіх як права на прыватнае жыццё, на нармальнае адзенне, на прыманне ўдзелу ў культурным жыцці і права на годнае жыццё. Бедныя людзі часта маргіналізуюцца і ізалююцца. Жыццё ў беднасці можа адмоўна адбіцца на пачуцці ўласнай годнасці асобы і абмежаваць здольнасць з’яўляцца ў грамадскіх месцах без пачуцця сораму і прымаць актыўны ўдзел у сацыяльным і культурным жыцці.
Банк, які дае крэдыты толькі бедным
У 2006 годзе Нобелеўская прэмія міру была прысуджана сумесна Мухамаду Юнусу і банку Grameen Bank «за іх намаганні ў садзейнічанні эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю знізу».
Grameen Bank быў заснаваны Юнусам у Бангладэш у 1976 годзе. Банк працуе толькі для бедных, і ў асноўным крэдыты бяруць жанчыны. Банк выдае доўгатэрміновыя мікракрэдыты і не патрабуе дадатковых гарантый. Задача праграмы заключаецца ў тым, каб аказваць фінансавыя паслугі бедным людзям і дапамагаць ім забяспечыць сабе дастойныя ўмовы жыцця і даць адукацыю сваім дзецям. Нават жабракі могуць атрымаць невялікія пазыкі без працэнтаў.
Права на роўны доступ да правасуддзя. Бедныя асабліва ўразлівыя да дыскрымінацыі пры выкананні правасуддзя. Бедныя людзі часта няздольны атрымаць абарону ад суда, бо маюць недастаткова грошай, каб дазволіць сабе юрыдычнае прадстаўніцтва. У выпадках, калі даецца бясплатная прававая дапамога, бедным людзям можа ўсё роўна не хапаць неабходнай інфармацыі і ўпэўненасці, каб спрабаваць дабівацца справядлівасці ў судзе. Апрача гэтага, практыка паказвае, што бедных людзей часцей абвінавачваюць у злачынных паводзінах, і ў выпадках з імі не можа быць гарантыі, што прынцып прэзумпцыі невінаватасці будзе выконвацца.
Пытанне. На вашу думку, ці роўнай абаронай у судзе ў вашай краіне карыстаюцца бедныя і багатыя людзі? Калі не, ці можна неяк забяспечыць роўную абарону?
Беднасць – гэта боль; па адчуваннях як хвароба. Яна навальваецца на чалавека не толькі фізічна, але і маральна. Яна з’ядае годнасць і вядзе чалавека да поўнага адчаю.
Жанчына з Малдовы14
Права на роўны доступ да правасуддзя. Бедныя асабліва ўразлівыя да дыскрымінацыі пры выкананні правасуддзя. Бедныя людзі часта няздольны атрымаць абарону ад суда, бо маюць недастаткова грошай, каб дазволіць сабе юрыдычнае прадстаўніцтва. У выпадках, калі даецца бясплатная прававая дапамога, бедным людзям можа ўсё роўна не хапаць неабходнай інфармацыі і ўпэўненасці, каб спрабаваць дабівацца справядлівасці ў судзе. Апрача гэтага, практыка паказвае, што бедных людзей часцей абвінавачваюць у злачынных паводзінах, і ў выпадках з імі не можа быць гарантыі, што прынцып прэзумпцыі невінаватасці будзе выконвацца.
Пытанне: Як прадстаўлены інтарэсы бедных людзей у працэсе прыняцця рашэнняў у вашай супольнасці?
Права чалавека на развіццё
Дэкларацыя аб праве на развіццё, прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН у 1986 годзе, была першым міжнародным дакументам, які быў прысвечаны выключна праву на развіццё. Дакумент прапануе падыход да развіцця і барацьбы супраць беднасці на аснове правоў чалавека. Незалежны эксперт ААН па пытаннях аб праве на развіццё, доктар Арджун Сенгупта, адзначаў, што вынішчэнне беднасці – гэта неабходны элемент пры распаўсюджванні і рэалізацыі развіцця як права чалавека і што неабходна палегчыць доступ бедных людзей да такіх умоў, як арганізацыі аховы здароўя, адукацыя, жыллё і ежа, дзеля павышэння іх шанцаў пераадолець беднасць.
Сенгупта таксама тлумачыў, што права на развіццё можна разглядаць як камбінацыю розных правоў, сярод якіх – права на ежу, права на здароўе, права на адукацыю, права на жыллё і іншыя эканамічныя, сацыяльныя, культурныя, грамадзянскія і палітычныя правы разам з эканамічным ростам. Права на развіццё можа быць рэалізавана толькі тады, калі паляпшаюцца ўсе правы чалавека або калі хаця б адно права паляпшаецца і ніводнае не парушаецца. Калі некаторыя правы паляпшаюцца ў той час, як іншыя парушаюцца, немагчыма казаць пра паляпшэнне права на развіццё.16
Права на развіццё
1. Права на развіццё з’яўляецца неад’емным правам чалавека, у сілу якога кожная асоба і ўсе народы маюць права ўдзельнічаць у такім сацыяльным, эканамічным, культурным і палітычным развіцці, пры якім усе правы і фундаментальныя свабоды чалавека будуць цалкам рэалізаваны, а таксама рабіць уклад у яго развіццё і карыстацца яго вынікамі.
Артыкул 1 Дэкларацыі аб праве на развіццё15
Беднасць і Мэты развіцця тысячагоддзя (МРТ)
Сачыць за працэсам дасягнення Мэт развіцця тысячагоддзя можна на сайце http://www.un.org/millenniumgoals/
Канчатковая справаздача ААН па Мэтах развіцця тысячагоддзя (МРТ) адзначае пра статус беднасці ў свеце ў 2015 годзе наступнае:
Крайняя беднасць стала значна менш распаўсюджанай за апошнія два дзесяцігоддзі. У 1990 годзе амаль палова насельніцтва краін, якія развіваюцца, жыла менш чым на 1,25 долара ў дзень; доля бедных людзей у грамадстве паменшылася да 14 працэнтаў у 2015 годзе.
- Па ўсім свеце колькасць людзей, якія жывуць ва ўмовах крайняй беднасці, скарацілася больш чым у два разы – з 1,9 мільярда чалавек у 1990 годзе да 836 мільёнаў у 2015. Прагрэс стаў асабліва заўважным пасля 2000 года.
- Колькасць людзей працоўнага сярэдняга класа – тых, хто жыве больш чым на 4 долары ў дзень –павялічылася амаль у тры разы ў перыяд з 1991 да 2015 года. Цяпер гэта група складае палову працоўнай сілы ў рэгіёнах, якія развіваюцца, пры тым, што ў 1991 годзе яна складала толькі 18 працэнтаў.
- У рэгіёнах, якія развіваюцца, доля людзей, якія не атрымліваюць дастаткова харчавання, паменшылася практычна ў два разы: з 23,3 працэнтаў у 1990–1992 гг. да 12,9 працэнтаў у 2014–2016 гг.
Зразумела, застаецца яшчэ шмат працы. Таму 25 верасня 2015 года Генеральная Асамблея ААН прыняла праграму развіцця да 2030 года, якая называецца «Змяняючы наш свет: праграма па ўстойлівым развіцці да 2030 года». (Кароткія звесткі пра ўсе мэты ўстойлівага развіцця можна знайсці ў раздзеле «Дадатковая інфармацыя» практыкавання «Колькі нам патрэбна?»)
Мэта ўстойлівага развіцця (МУР) 1 у тым, каб «пакончыць з беднасцю паўсюль ва ўсіх яе праявах да 2030 года». Ёсць пяць задач:
- 1.1 Да 2030 года знішчыць крайнюю беднасць, якая зараз характарызуецца як жыццё менш чым на 1,25 долара ў дзень, па ўсім свеце для ўсіх людзей
- 1.2 Да 2030 года паменшыць мінімум у два разы долю мужчын, жанчын і дзяцей усіх узростаў, якія жывуць у беднасці паводле паняццяў сваіх краін
- 1.3 Прымяняць сістэмы і меры сацыяльнай абароны, адпаведныя краінам, для ўсіх, у тым ліку мінімальны ўзровень, і да 2030 года дасягнуць значнага ахопу бедных і ўразлівых груп
- 1.4 Да 2030 года забяспечыць роўны доступ усіх мужчын і жанчын, а асабліва бедных і ўразлівых груп, да эканамічных рэсурсаў, асноўных паслуг, уласнасці і кантролю над зямлёй і іншымі формамі маёмасці, спадчыны, прыродных рэсурсаў, адпаведных новых тэхналогій і фінансавых паслуг, у тым ліку да мікрафінансавання
- 1.5 Да 2030 года ўзмацніць устойлівасць бедных людзей і людзей ва ўразлівых сітуацыях, паменшыць іх успрымальнасці і безабароннасць у экстрэмальных падзеях, звязаных з кліматам, і ў іншых эканамічных, сацыяльных і экалагічных узрушэннях і катастрофах
Усё часцей заўважаюць, што выкананне правоў чалавека неабходна для ўстойлівага развіцця. Мэты развіцця тысячагоддзя прадстаўлялі пэўныя эканамічныя і сацыяльныя правы, але ігнаравалі сувязі з некаторымі іншымі важнымі правамі чалавека. З іншага боку, прынцыпы і стандарты правоў чалавека знайшлі дакладнае адлюстраванне ў рамках новага буйнамаштабнага плана глабальнага развіцця, а менавіта ў «Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года». Адпаведна з міжнародным законам па правах чалавека праграма прапануе крытычна важныя дзеянні для таго, каб без дыскрымінацыі распаўсюджваць правы чалавека для ўсіх людзей ва ўсім свеце.
Ніжэй прыводзіцца кароткае апісанне ўзаемасувязей паміж Мэтай устойлівага развіцця 1 (МУР) (адсутнасць беднасці) і міжнароднымі дакументамі ў галіне правоў чалавека:
- Права на дастатковы ўзровень жыцця [УДПЧ арт. 25; МПЭСКП арт. 11; КПД арт. 27]
- Права на сацыяльную бяспеку [УДПЧ арт. 22; МПЭСКП арт. 9; КПІ арт. 28; КПД арт. 26]
- Роўныя правы жанчын у эканамічным жыцці [CEDAW арт. 11, 13, 14(2)(g), 15(2), 16(1)] (http://www.ohchr.org)
Больш падрабязныя ўзаемасувязі можна знайсці ў Дапаможніку па правах людзей у дачыненні Мэт устойлівага развіцця (МУР), распрацаваным Дацкім інстытутам па правах чалавека (www.humanrights.dk). Ён раскрывае звязанасць з правамі чалавека ўсіх 17 мэт і 169 задач, а таксама адэкватнасць глабальных паказчыкаў. Дапаможнік дае суб’ектам магчымасць выкарыстоўваць правы чалавека ў якасці стымулу для ажыццяўлення МУР і выкарыстоўваць МУР для ажыццяўлення правоў чалавека.
Share The World´s Resources («Дзяліцеся сусветнымі рэсурсамі») – гэта няўрадавая арганізацыя, якая выступае за тое, каб устойлівае кіраванне такімі прыроднымі рэсурсамі, як нафта і вада, ажыццяўлялася ў інтарэсах сусветнай грамадскасці, а таксама за тое, каб неабходныя рэчы і паслугі, такія як ежа, годнае жыллё і медыцынскае абслугоўванне, былі даступнымі для ўсіх.
Даведайцеся больш на сайце: www.stwr.org
Моладзь і беднасць
Даныя з многіх краін пастаянна сведчаць пра тое, што маладыя людзі, якія выраслі ва ўмовах беднасці, звычайна больш уразлівыя: існуе верагоднасць таго, што ў іх дрэнны стан здароўя, цяжкасці ў навучанні і паводзінах, нізкая паспяховасць у школе, ранняя цяжарнасць, дрэнна развітыя навыкі і імкненні, невялікая зарплата або адсутнічае праца і ёсць залежнасць ад сацыяльнай дапамогі. Беднасць непасрэдна прыводзіць да парушэння іх іншых правоў чалавека: яна можа пазбавіць іх права на адукацыю, на аб’яднанні, на адпачынак і вольны час, на ўдзел у жыцці супольнасці, а таксама іншых грамадзянскіх і палітычных правоў.
Паводле Еўрастата – базы статыстычных даных Еўрапейскага саюза – больш за 20 % дзяцей і моладзі да 24 гадоў жылі пад пагрозай беднасці ў 2010 годзе ў ЕС. Гэта азначае, што кожны пяты малады чалавек жыве ў сям’і, даход якой складае менш за 60 % ад сярэдняга даходу па краіне.18
У 2010 годзе Еўрапейскі маладзёжны форум у сваім стратэгічным дакуменце па праблемах моладзі і беднасці звярнуў увагу на цяжкі пераход у аўтаномнае дарослае жыццё як адну з галоўных прычын беднасці моладзі ў Еўропе. Дакумент адзначае, што маладыя людзі, якія пакідаюць дом сваіх бацькоў, з большай верагоднасцю стануць беднымі.19.Тыя, хто жыве са сваёй сям’ёй, або сем’і без дзяцей маюць менш шанцаў апынуцца ў беднасці, чым тыя, хто жыве сам па сабе або ў няпоўнай сям’і. У апытанні, праведзеным Еўрабарометрам сярод моладзі ва ўзросце 15–30 гадоў,20 большасць людзей у адказе на пытанне, чаму маладыя людзі даўжэй, чым раней жывуць са сваімі сем’ямі, адзначалі фінансавыя прычыны.
ENTER! – доступ да сацыяльных правоў для ўсіх маладых людзей
У 2009 годзе маладзёжнае аддзяленне Савета Еўропы запусціла праект ENTER («УВАХОДЗЬЦЕ!»), каб паспрыяць сацыяльнай інтэграцыі моладзі. Праект уключаў у сябе доўгатэрміновы навучальны курс, падчас якога 33 маладзёжныя лідары і працаўнікі з моладдзю атрымалі кампетэнцыі для падтрымкі маладых людзей з праблемных раёнаў пры атрыманні імі доступу да сваіх сацыяльных правоў. Трэнеры таксама распрацавалі канкрэтныя праекты для моладзі ў сваіх уласных супольнасцях, у тым ліку накіраваныя на павышэнне патэнцыялу, барацьбу супраць дыскрымінацыі, пераадоленне гетаізацыі і барацьбу супраць гвалту.
Даведайцеся болей на сайце www.coe.int/enter
Пытанне: Што можаце зрабіць асабіста вы для памяншэння маштабу беднасці ў вашай супольнасці?
Дзейнасць Савета Еўропы па памяншэнні маштабу беднасці
Еўрапейская сацыяльная хартыя кантралюецца Еўрапейскім камітэтам па сацыяльных правах.
Савет Еўропы змагаецца супраць беднасці шляхам узмацнення сацыяльнай згуртаванасці і папярэджання і барацьбы з сацыяльнай ізаляцыяй. Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека, што гарантуе выкананне грамадзянскіх і палітычных правоў чалавека, дапаўняецца Еўрапейскай сацыяльнай хартыяй (ЕСХ), якая была прынята ў 1961 годзе і перагледжана ў 1996 годзе, і ў сваю чаргу гарантуе выкананне сацыяльных і эканамічных правоў чалавека. Паводле артыкула 30, «Усе маюць права на абарону ад беднасці і сацыяльнай ізаляцыі».
Парушэнне права на жыллё
У 2006 годзе Еўрапейская федэрацыя нацыянальных арганізацый па працы з бяздомнымі (FEANTSA) зарэгістравала скаргу на Францыю (Калектыўная скарга № 39/2006), у якой сцвярджалася, што Францыя не справілася з ажыццяўленнем права на жыллё для ўсіх, а асабліва для самых уразлівых членаў грамадства. Еўрапейскі камітэт па сацыяльных правах прызнаў факт парушэння Францыяй права на жыллё, якое прадугледжана артыкулам 31 перагледжанай Еўрапейскай сацыяльнай хартыі.
Камітэт абгрунтаваў сваё рашэнне21 шасцю аргументамі, сярод якіх было «дрэнае выкананне існуючых мер, звязаных з неадпаведнымі жыллёвымі ўмовамі; прадухіленнем высялення; памяншэннем колькасці бяздомных; забеспячэннем сацыяльным жыллём, накіраваным на найбольш абяздоленых; выдзяленнем сацыяльнага жылля; і дыскрымінацыяй у адносінах да вандроўнікаў».22
Мяне часта пытаюць, што з’яўляецца самай сур’ёзнай формай парушэння правоў чалавека ў сучасным свеце, і я заўсёды адказваю: крайняя беднасць.
Мэры Робінсан, былы Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека
Падобна рабству і апартэіду, беднасць не з’яўляецца натуральнай з’явай. Яна створана чалавекам і можа быць пераадолена і знішчана дзеяннямі людзей.
Нэльсан Мандэла
У 2011 годзе дакладчык Лука Валантэ ў сваёй справаздачы Парламенцкай асамблеі адзначыў, што беднасць і сацыяльная ізаляцыя ў апошні час сталі больш распаўсюджанымі ў краінах – членах Савета Еўропы і зараз пагражаюць поўнаму ажыццяўленню правоў чалавека, усё большай колькасці людзей і сацыяльнай згуртаванасці еўрапейскіх супольнасцей. Ён нагадаў, што беднасць можна эфектыўна ліквідаваць толькі шляхам пашырэння правоў і магчымасцей бедных людзей.23 На аснове гэтага дакладу Асамблея прыняла рэзалюцыю, у якой дзяржавы – члены СЕ заклікаліся «пачуць галасы людзей, якія жывуць у беднасці: разгледзець магчымасць развіцця новых форм кіравання і ўдзелу, каб аб'яднаць і пашырыць магчымасці людзей і супольнасцей, закранутых беднасцю, і садзейнічаць сацыяльнай інтэграцыі для ўсіх».24 У Парадку дня на перыяд да 2020 года25, асноўным дакуменце Савета Еўропы па маладзёжнай палітыцы, падкрэсліваецца важнасць доступу да адукацыі, працы, нармальных жыллёвых умоў, культурных, спартыўных і творчых мерапрыемстваў, а таксама дыялогу паміж пакаленнямі і салідарнасці як асноўных рухавікоў сацыяльнай інтэграцыі.
Канцавыя зноскі
1 Параўнанне было зроблена на аснове даных з сайтаў Forbes.com і Сусветнага банка data.worldbank.org
2 Беднасць і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, E/C.12/2001/10., 2001 www.unhchr.ch/tbs/doc.nsf/%28Symbol%29/E.C.12.2001.10.En
3 Гэтая сума вызначаецца на аснове «парытэту пакупніцкай здольнасці», які ўлічвае, колькі нацыянальнай валюты патрэбна, каб набыць той жа набор тавараў, што і на 1,25 долара ў ЗША.
4 Глядзіце Reddy Sanjay G. & Pogge Thomas W., 2005, How Not to Count the Poor , Colombia University, version 6.2.3. 29 October.
5 Заснавана на азначэнні беднасці паводле Еўрапейскай камісіі, апублікаваным у Сумесным дакладзе па сацыяльнай інтэграцыі ў 2004 г.
6 Сенці Дынеш і інш. Еўрапейская справаздача аб папярэджанні траўм сярод дзяцей, 2009 г., www.euro.who.int/__data/assets/pdf_file/0003/83757/E92049.pdf
7 Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека, Прынцыпы і ўказанні па падыходзе да стратэгій скарачэння беднасці, заснаваным на правах чалавека, HR/PUB/06/12
8 Narayan Deepa et al., Crying Out for Change, Voices of the Poor Volume II, 2000, World Bank, p 34; http://siteresources.worldbank.org/INTPOVERTY/Resources/335642-1124115102975/1555199-1124115201387/cry.pdf
9 Найт Ліндсі, (рэд.) Даклад аб бедствах у свеце, 2011 г., Міжнародная федэрацыя супольнасцей Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца www.ifrc.org/PageFiles/89755/Photos/307000-WDR-2011-FINAL-email-1.pdf
10 На аснове даных Еўрастата
11 Huth Gergely, Pintér Sándor: Nem ismerek tabutémát, Magyar Hírlap Online, 27 ліпеня 2010 года (на венгерскай мове) www.magyarhirlap.hu/interju/pinter_sandor_nem_ismerek_tabutemat.html
12 Crying Out for Change, гл. вышэй, с. 236
13 Crying Out for Change, гл. вышэй, с. 152
14 Can Anyone Hear Us?, гл. вышэй, с. 6
15 www.un.org/documents/ga/res/41/a41r128.htm
16 Сенгупта Арджун, Права на развіццё, справаздача незалежнага эксперта па праве на развіццё www.unhchr.ch/Huridocda/Huridoca.nsf/0/78e0cb0e6e6ea624c1256961004f7a98/$FILE/G0015327.pdf
17 Выконваючы абяцанне: разам для дасягнення Мэт развіцця тысячагоддзя, 2010 г., Рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН; www.un.org/en/mdg/summit2010/pdf/outcome_documentN1051260.pdf
18 Еўрастат http://epp.eurostat.ec.europa.eu/portal/page/portal/income_social_inclusion_living_conditions/data/main_tables
19 Стратэгічны дакумент па праблемах моладзі і беднасці, Еўрапейскі маладзёжны форум, 2010 г.;
www.endpoverty.eu/IMG/pdf/eyf-young-people-poverty-en.pdf
20 Апытанне сярод моладзі ва ўзросце 15–30 гадоў у Еўрапейскім саюзе – рэзюмэ, Flash EB No 202, 2007, http://ec.europa.eu/public_opinion/flash/fl_202_sum_en.pdf
21 Рэзалюцыя CM/ResChS(2008)8 Камітэта міністраў, https://wcd.coe.int/ViewDoc.jsp?Ref=CM/ResChS%282008%298&Language=lanEnglish&Ver=original&Site=CM&BackColorInternet=C3C3C3&BackColorIntranet=EDB021&BackColorLogged=F5D383
22 Права на жыллё: Прарыўная пастанова Савета Еўропы, прэс-рэліз, 5 чэрвеня 2008 г., FEANTSA, www.feantsa.org/files/housing_rights/Instruments_and_mechanisms_relating_to_the_right_to_housing/Collective%20complaints/2008June_PR_FEANTSAvsFrance.pdf
23 Валантэ Лука, Барацьба з беднасцю, Doc. 12555; http://assembly.coe.int/Main.asp?link=/Documents/WorkingDocs/Doc11/EDOC12555.htm#P18_58
24 Барацьба з беднасцю, Рэзалюцыя 1800 (2011) Парламенцкай асамблеі
http://assembly.coe.int/Main.asp?link=/Documents/AdoptedText/ta11/ERES1800.htm http://assembly.coe.int/Main.asp?link=/Documents/AdoptedText/ta11/ERES1800.htm - P7_33
25 Будучыня маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы: ПАРАДАК ДНЯ на перыяд да 2020 года, Дэкларацыя 8-й Канферэнцыі міністраў па справах моладзі дзяржаў – членаў Савета Еўропы, 2008 г.; www.coe.int/t/dg4/youth/Source/IG_Coop/Min_Conferences/2008_Kyiv_CEMRY_Declaration_en.pdf
compass-key-date
- 17 OctoberInternational Day for the Eradication of Poverty
- 5 DecemberInternational Volunteer Day for Economic and Social Development
Велізарная несуразмернасць, дваістасць багатага і беднага светаў падтрымліваюцца сілай.
Ален Баддзю