About this chapter
Вы павінны былі заўважыць, што кожнае практыкаванне ў главе 2 мае ў сваім складзе раздзел «Ідэі для дзеяння». Чаму? Таму што мы лічым, што адукацыя ў галіне правоў чалавека, якая вядзецца толькі ў класе або ў маладзёжным цэнтры, з'яўляецца няпоўнай. Практычныя дзеянні – гэта неад'емная частка адукацыі ў галіне правоў чалавека як таму, што гэта спосаб зрабіць правы чалавека часткай жыцця маладых людзей, так і таму, што гэту адукацыю мы разумеем як адукацыю, нацэленую на перамены. Сама ідэя адукацыі ў галіне правоў чалавека складаецца ў тым, каб весці да дзеяння.
Нагадаем (гл. главу 1), што адукацыя ў галіне правоў чалавека нацэлена на атрыманне ведаў пра правы чалавека, праз правы чалавека і для забеспячэння непарушэння правоў чалавека. Практычныя дзеянні для сцвярджэння правоў чалавека, такім чынам, не дадатак да працэсу адукацыі, а яго неад'емная частка: брацца за справу і ажыццяўляць дзеянні азначае дзейнічаць за межамі традыцыйнай адукацыйнай сферы, рабіць нешта, каб правы чалавека сталі рэальнасцю – дзеля стварэння свету, дзе паўней выконваюцца правы чалавека.
Гэта глава пазнаёміць вас з практычнымі аспектамі адукацыі ў галіне правоў чалавека. Яе можна разглядаць як злучальнае звяно паміж практыкаваннямі главы 2, якія выконваюцца ў клубе або класе, і больш «прафесійнай» дзейнасцю, якая апісана ў главе 4. Хоць змест дадзенай главы звязаны ў першую чаргу з адукацыйнымі мэтамі, яна задумана як спосаб дапамагчы маладым людзям іграць больш актыўную ролю ў абароне і зацвярджэнні правоў чалавека.
- У раздзеле 1 мы разглядаем, што разумеецца пад актывізмам, што – пад практычнымі дзеяннямі, а таксама іх сувязь з адукацыяй у галіне правоў чалавека.
- У раздзеле 2 мы прапануем шэраг простых метадаў і ідэй для дзеянняў, якія вы можаце выкарыстоўваць з групай маладых людзей. Большасць прапаноў для дзеянняў, выкладзеных раней у главе 2, грунтуецца на гэтых метадах.
- У раздзеле 3 мы разглядаем некаторыя інструменты планавання, якія дазваляюць больш глыбока ўнікнуць у праблему шляхам распрацоўкі доўгатэрміновай стратэгіі і ўліку індывідуальных інтарэсаў і навыкаў удзельнікаў.
Кожны з раздзелаў з'яўляецца аўтаномным, хаця, прачытаўшы раздзелы 1 і 2, вы зможаце лепш зразумець раздзел 3.
Свабодны ўніверсітэт
Вясной 2008 года літоўскія студэнты і іншыя групы актыўнай моладзі арганізавалі серыю акцый пратэсту супраць рэформы, якая павінна была пакласці канец бясплатнай вышэйшай адукацыі. Незадаволеныя студэнты прынялі ўдзел у розных акцыях і занялі цэнтральную плошчу ў Віленскім універсітэце. Хоць ім не ўдалося спыніць рэформы, удзел у акцыях аб'яднаў іх і пераканаў у неабходнасці забеспячэння таго, што тыя, хто жадае атрымаць адукацыю, але не мае на гэта сродкаў, не будуць заставацца выключанымі з працэсу адукацыі. Таму студэнты вырашылі стварыць альтэрнатыўную прастору, свабодную ад традыцыйных універсітэцкіх дысцыплін і адкрытую для ўсіх. «Свабодны ўніверсітэт» стаў цэнтрам навучання для ўсіх, хто хоча вучыцца ці вучыць, месцам, свабодным ад расізму, сексізму, дыскрымінацыі, месцам, дзе веды не разглядаюцца як прывілей «экспертаў», а валодаць імі ў роўнай ступені мае права кожны.
Для атрымання дадатковай інфармацыі пашукайце Free University Luni у Інтэрнэце.
- Глава 1 - Адукацыя ў галіне правоў чалавека і «Компас»: уводзіны
- Глава 2 - Практыкаванні і метады навучання ў галіне правоў чалавека
- Глава 3 - Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека
- Глава 4 - Разуменне правоў чалавека
- Глава 5 - Асноўная інфармацыя па глабальных тэмах правоў чалавека
- Дадаткі
- Гласарый
Словы і думкі аб дзейным спачуванні, якія не ўвасабляюцца на практыцы, як прыгожыя кветкі: яркія, але без водару.
Тхіць Нят Хань