Alphabet on the floor
Гэта практыкаванне-энерджайзер добра падыдзе для таго, каб пазнаёміць удзельнікаў у самым пачатку занятку. Удзельнікі пачынаюць гульню, пытаючыся адзін у аднаго, як іх завуць і адкуль яны родам, не кажучы пры гэтым занадта шмат. Гэта практыкаванне таксама можа стаць добрым увядзеннем у дыскусію аб разнастайнасці і павазе да яе.
Падрыхтоўка S
Напішыце кожную літару алфавіта на асобным аркушы паперы фармату А4.
Інструкцыі
1. Раскідайце літары на падлозе ў выпадковым парадку і папрасіце ўдзельнікаў стаць у круг вакол іх.
2. Растлумачце, што збіраецеся задаць некалькі пытанняў, напрыклад: «Як вас завуць?» Пачуўшы гэта пытанне, удзельнікі павінны як мага хутчэй знайсці першую літару свайго імя і стаць побач з ёй, дакранаючыся да аркуша паперы наском нагі. Напрыклад, Надзея стане каля літары Н, Святлана – каля літары С і гэтак далей.
3. Калі ўсе знойдуць свае літары, прайдзіце па крузе і каля кожнай літары прасіце, каб удзельнікі хутка называлі сваё імя.
4. Паўтарыце практыкаванне, але ўжо з іншымі пытаннямі.
Парады для фасілітатараў
Размяшчайце літары на падлозе такім чынам, каб вакол кожнай з іх было шмат прасторы, таму што вельмі верагодна, што больш чым аднаму чалавеку трэба будзе ўстаць каля пэўнай літары. На справе самае цікавае адбываецца тады, калі больш за 3 чалавек спрабуюць устаць каля адной і той жа літары і ім прыходзіцца трымацца адзін за аднаго. Выпадковае размяшчэнне літар вымушае ўдзельнікаў дапамагаць адзін аднаму знайсці патрэбныя.
Калі ў вас інтэрнацыянальная група, будзьце асцярожны ў выбары алфавіта і выбірайце такія літары, якія лёгка зразумець і прачытаць. Літары розных алфавітаў, якія выглядаюць аднолькава і напісаны на адным аркушы паперы, заўсёды выклікаюць цікаўнасць.
У залежнасці ад складу групы вы можаце правесці больш ці менш раўндаў. Не трэба зацягваць практыкаванне. Можаце задаць наступныя пытанні:
- Як вас завуць?
- У якой краіне вы жывяце?
- У якой краіне вы нарадзіліся?
- Якая ваша любімая ежа (напоі)?
- Які ваш любімы колер?
- Якая ваша любімая кніга (стыль музыкі)?
- Які ваш дэвіз у жыцці?