«Паліцыя заўсёды прыязджае занадта позна, калі наогул прыязджае».

Трэйсі Чапман

Агляд

Удзельнікі абмяркоўваюць практычныя сітуацыі і аналізуюць прычыны ўзнікнення і спосабы прадухілення розных відаў хатняга гвалту.

Звязаныя правы

• Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць
• Свабода ад катаванняў і зневажальнага абыходжання
• Права на роўнасць перад законам

Мэты

• Паглыбіць веды пра розныя віды хатняга гвалту
• Развіць уменне абмяркоўваць і аналізаваць парушэнні правоў чалавека
• Выхаваць пачуцці суперажывання і ўпэўненасці ў сабе, якія дапамогуць выступіць супраць хатняга гвалту

Матэрыялы

• Вялікія аркушы паперы або дошка і маркеры для мазгавога штурму і працы ў групах
• Выберыце адну або некалькі прыведзеных ніжэй сітуацый або прыдумайце сваю. Зрабіце па адным экзэмпляры для кожнага ўдзельніка
• Копіі «Кіруючых указанняў па правядзенні групавых дыскусій» (па адной на малую групу)

Падрыхтоўка

• Звяжыцеся з арганізацыямі па падтрымцы ахвяр хатняга гвалту ў вашай краіне або супольнасці
• Прадумайце пытанні хатняга гвалту, над якімі хочаце папрацаваць падчас практыкавання, і будзьце гатовы дапамагчы ўдзельнікам, калі тэма закране іх асабіста

compass-key-date
  • 25 лістападаМіжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын

Інструкцыі

1. Пазнаёмце групу з тэмай практыкавання шляхам правядзення мазгавога штурму пра «самыя распаўсюджаныя формы гвалту ў акрузе». Запішыце ўсё, што прапануюць удзельнікі, але нічога на гэтым этапе не абмяркоўвайце. Размясціце дошку або фліпчарт так, каб усе маглі бачыць напісанае.
2. Папрасіце ўдзельнікаў разбіцца на малыя групы па 2–6 чалавек. У вас павінна атрымацца не менш за тры групы.
3. Раздайце ім карткі з апісаннямі сітуацый. Раздайце таксама экзэмпляры «Кіруючых указанняў па правядзенні групавых дыскусій».
4. Дайце ўдзельнікам 5 хвілін, каб прачытаць апісанні сітуацый. Падкрэсліце, што абмеркаванне ў іх групе павінна грунтавацца на гэтых апісаннях. Удзельнікі павінны разумець, што абмеркаванне хатняга гвалту можа закрануць многіх асабіста, таму нікога нельга прымушаць расказваць больш, чым ён сам хоча.
5. Дайце групам 1 гадзіну на працу ў групах.
6. У канцы збярыце ўсіх на агульнае абмеркаванне і ацэнку.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з кароткага агляду таго, як прайшла праца ў групах. Ці маглі сітуацыі, апісаныя ў картках, мець месца ў вашым горадзе? Наколькі актуальны такія пытанні? Калі групы працавалі над рознымі сітуацыямі, няхай кожная з іх раскажа пра вынікі аналізу розных злачынстваў. Пасля гэтага пачніце размову пра актуальнасць разгледжаных пытанняў у жыцці ўдзельнікаў:
• Наколькі распаўсюджаны выпадкі хатняга гвалту ў вашым раёне і ў цэлым па краіне?
• Якія правы чалавека пры гэтым парушаюцца?
• Якія прычыны хатняга гвалту?
• Чаму мужчыны дазваляюць сабе такія паводзіны ў адносінах да жанчын часцей, чым наадварот?
• Як можна спыніць хатні гвалт? Што могуць (павінны) зрабіць:
 - дзяржаўныя органы?
 - мясцовыя ўлады?
 - удзельнікі сітуацыі?
 - сябры і суседзі?
• Абдумайце абмеркаваныя віды гвалту. Яшчэ раз зірніце на зыходны спіс, састаўлены ў выніку мазгавога штурму. Ці можна што-небудзь дадаць да гэтага спіса?
Спытайце, ці не хоча хто-небудзь працягнуць працу над закранутымі пытаннямі, і абмяркуйце, што можна было б зрабіць далей.

Парады для фасілітатараўGoto top

Ахвярай хатняга гвалту можа стаць кожны. Ён сустракаецца як у гетэрасексуальных парах, так і ў аднаполых саюзах і закранае людзей любога ўзросту, этнічнага паходжання і фінансавага становішча. Нягледзячы на тое што часцей ад жорсткага абыходжання пакутуюць жанчыны, мужчыны таксама падвяргаюцца нападкам, асабліва вербальным і эмацыянальным. Хатні гвалт, які таксама называюць сямейным, узнікае ў тым выпадку, калі адзін з удзельнікаў блізкіх адносін або шлюбу спрабуе падавіць партнёра і кіраваць ім. Жорсткае абыходжанне ў сямейна-бытавой сферы, якое ўключае ў сябе фізічны гвалт, называецца хатнім гвалтам.
Часцей за ўсё ад канфліктаў з прымяненнем гвалту пакутуюць жанчыны, і адбываюцца гэтыя канфлікты дома, адсюль і назва «Хатнія справы». Аднак часам (досыць рэдка) гвалт зыходзіць ад жанчыны, таму мы вырашылі прывесці тут гісторыю Ганса.

Памятайце пра далікатны характар тэмы, якая абмяркоўваецца, як і пра права на ананімнасць (прыватнасць) (многія ўдзельнікі маглі сутыкнуцца з хатнім гвалтам дома або ў сям'і). Дайце ўсім зразумець, што нікога не вымушаюць расказваць больш, чым ён захоча. Вы можаце змяніць некаторыя дэталі або зусім замяніць сітуацыі, каб адаптаваць занятак да патрэб удзельнікаў.

Удзельнікі мужчынскага полу могуць вельмі востра адрэагаваць на практыкаванне ці нейкія моманты ў абмеркаванні. Важна памятаць пра тое, што мэта занятку не заключаецца ў тым, каб прымусіць мужчын або юнакоў адчуць віну за тое, што робяць іншыя мужчыны; тым не менш некаторыя сцвярджаюць, што мужчыны з'яўляюцца элементам патрыярхальнай сістэмы прыгнёту і, такім чынам, іграюць у ёй сваю ролю. Такі пункт гледжання можа стаць асновай вельмі цікавых дыскусій. Таксама нялішне абмеркаваць непасрэдныя і ўскосныя наступствы гвалту супраць жанчын для мужчын.

Калі скончыць занятак хвілінай маўчання ў памяць ахвяр хатняга гвалту, гэта паслужыць магутным фіналам практыкавання і будзе спрыяць суперажыванню і салідарнасці.

ВарыянтыGoto top

Адной групе можна даручыць разыграць нейкую сітуацыю, а астатнія будуць гледачамі. Фасілітатар будзе час ад часу спыняць дзеянне і прасіць гледачоў прапанаваць альтэрнатыўныя паводзіны, якія маглі б разрадзіць сітуацыю і прывесці да станоўчага выніку.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Група можа звязацца з мясцовым аддзяленнем паліцыі і спытаць у іх, як яны паступаюць, калі да іх тэлефануюць з просьбай аб дапамозе ў выпадку хатняга гвалту. Таксама можна звярнуцца ў бліжэйшую арганізацыю па аказанні дапамогі жанчынам і запрасіць яе прадстаўніка расказаць пра сітуацыю ў раёне з лічбамі і фактамі.

Яшчэ адна тэма, якая ў многіх краінах застаецца блізкай да табу, – гэта сексуальнасць, у прыватнасці, гомасексуальнасць. Калі група цікавіцца такімі тэмамі, вы можаце правесці практыкаванне «Пагаворым пра секс!».

Ідэі для дзеянняGoto top

Звярніцеся ў мясцовы цэнтр, які працуе з жанчынамі-бежанцамі, у інфармацыйны цэнтр ці арганізацыю па абароне правоў жанчын і спытайце, якія ў іх патрэбы і як вы можаце дапамагчы.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Нягледзячы на тое што жанчыны таксама могуць учыняць гвалт і што гвалт у аднаполых саюзах таксама паступова пачынае прызнавацца, факты сведчаць пра тое, што ў пераважнай большасці выпадкаў ахвярамі з’яўляюцца менавіта жанчыны і дзяўчаты, якія пакутуюць ад рук мужчын. Таму Генеральная Асамблея ААН у 1993 годзе прыняла Дэкларацыю аб ліквідацыі гвалту ў адносінах да жанчын (CEDAW). Гэты дакумент вызначае гвалт у адносінах да жанчын як «любы акт гвалту па гендарнай прыкмеце, які прычыняе ці можа прычыніць фізічную, сексуальную або псіхалагічную шкоду або пакуты жанчынам, у тым ліку пагрозы такіх дзеянняў, прымус або наўмыснае пазбаўленне волі або ў грамадскім, або ў асабістым жыцці». Гэта ўключае сярод іншага «фізічны, сексуальны і псіхалагічны гвалт, які мае месца ў сям'і, у тым ліку нанясенне пабояў, сексуальны гвалт у адносінах да дзяўчынак у сям'і, гвалт, звязаны з пасагам, згвалтаванне жонкі мужам, пашкоджанне жаночых палавых органаў і іншыя традыцыйныя практыкі, якія наносяць шкоду жанчыне; пазашлюбны гвалт і гвалт, звязаны з эксплуатацыяй; фізічны, сексуальны і псіхалагічны гвалт, які мае месца ў грамадстве ў цэлым, у тым ліку згвалтаванне, сексуальны гвалт, сексуальныя дамаганні і запалохванні на працы, у навучальных установах і іншых месцах; гандаль жанчынамі і прымус да прастытуцыі; фізічны, сексуальны і псіхалагічны гвалт з боку або пры патуранні дзяржавы, дзе б ён ні адбываўся».
Дадатковую інфармацыю аб Дэкларацыі аб ліквідацыі гвалту ў адносінах да жанчын можна знайсці ў главе 5 «Гендарныя пытанні».

 

Гвалт у адносінах да жанчын на працягу жыцця
Фаза Тып гвалту
Да нараджэння Выбарачныя аборты па прыкмеце полу; уздзеянні пабояў падчас цяжарнасці на развіццё дзіцяці
Маленства Забойствы дзяўчынак; фізічны, сексуальны і псіхалагічны гвалт
Дзяцінства Дзіцячыя шлюбы; жаночае абразанне; фізічны, сексуальны і псіхалагічны гвалт; дзіцячая прастытуцыя і парнаграфія
Падлеткавы ўзрост і сталыя гады Гвалт падчас заляцання і спатканняў (напрыклад, абліванне кіслатой і згвалтаванне падчас спатканняў); вымушаны секс па эканамічных прычынах (напрыклад, калі дзяўчаты, якія атрымліваюць адукацыю, займаюцца сексам з дарослымі мужчынамі ў абмен на аплату вучобы); інцэст; сексуальны гвалт на працоўным месцы; згвалтаванне; сексуальныя дамаганні; вымушаная прастытуцыя і парнаграфія; гандаль жанчынамі; гвалт з боку партнёра; згвалтаванне ў шлюбе; гвалт і забойствы, звязаныя з пасагам; забойства партнёра; псіхалагічны гвалт; жорсткае абыходжанне з жанчынамі з інваліднасцю; вымушаная цяжарнасць
Пажылы ўзрост Вымушанае «самагубства» ці забойства ўдоў па эканамічных прычынах; фізічны, сексуальны і псіхалагічны гвалт
  Крыніца: інфармацыйны зборнік «Гвалт у адносінах да жанчын»,
Сусветная арганізацыя аховы здароўя, 1997 г.

 

Хатні гвалт

Парушэнні правоў жанчын адбываюцца не толькі падчас вайны. Часцей за ўсё яны здараюцца дома. «Менавіта «прыватны» характар гэтага гвалту заўсёды так ускладняў і да гэтага часу ўскладняе ўмяшанне і дапамогу».
Даследаванні паслядоўна паказваюць, што ў жанчыны больш шанцаў быць збітай, згвалтаванай або забітай сваім цяперашнім або былым партнёрам, чым кім-небудзь іншым. Хатні гвалт уздзейнічае не толькі на жанчыну, але і на дзяцей, асабліва гэта тычыцца дзяўчынак і дзяўчат.

Выстаўка «Маўклівыя сведкі»

Гэта практыкаванне было навеяна выстаўкай, прысвечанай праблемам хатняга гвалту і забойстваў жанчын, якая была арганізавана жаночай праваабарончай арганізацыяй NANE (Будапешт, Венгрыя) у Еўрапейскім маладзёжным цэнтры ў Будапешце; на ёй былі прадстаўлены таксама гісторыі Эстэр і Каці. Мэта выставы заключалася ў тым, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да маштабнасці і жорсткасці хатняга гвалту і забойстваў, расказаўшы гісторыі забітых жанчын – «маўклівых сведак».

Арганізацыя выстаўкі «Маўклівыя сведкі» можа стаць вельмі практычным і эфектыўным спосабам падняць пытанне хатняга гвалту ў вашай супольнасці, горадзе ці раёне. Існуе літаратура з рэкамендацыямі па арганізацыі выстаўкі і падрыхтоўцы сведак, у тым ліку кніга пад назвай «Вынікі», якая расказвае пра першыя гады кампаніі ў ЗША і змяшчае шмат гісторый, якія могуць быць выкарыстаны ў якасці прыкладаў. Адрас у Інтэрнэце: www.silentwitness.net. Там таксама можна знайсці вялікі спіс арганізацый, якія ўжо праводзілі падобныя выставы.

Першы еўрапейскі закон аб гвалце па гендарнай прыкмеце

Арганічны закон аб інтэграваных мерах абароны ад гвалту па гендарнай прыкмеце. 22 снежня 2004 года ў Іспаніі быў прыняты закон, які прадугледжвае стварэнне спецыяльных судоў і інтэграваных рэабілітацыйных цэнтраў, паляпшэнне падтрымкі ахвяр і шэраг працэдур, накіраваных на абарону жанчын, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях гвалту ў адносінах да жанчын

У чэрвені 2009 года ААН заснавала пасаду спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаннях гвалту ў адносінах да жанчын. У 2010 годзе першы працаўнік на гэтай пасадзе, Рашыда Манджу, прадставіла Савету па правах чалавека першы тэматычны даклад аб гвалце ў адносінах да жанчын, яго прычынах і наступствах. З тэкстам даклада можна азнаёміцца на сайце www2.ohchr.org.

Дадатковыя матэрыялы ў Інтэрнэце

Заўвага.

Гісторыі Каці і Эстэр былі расказаны ў кнізе Крысціны Марваі «Тэрор у сям'і: збіванне жонкі і закон», выдадзенай у Будапешце ў 1998 годзе.

  • www.wave-network.org Еўрапейскі інфармацыйны цэнтр супраць гвалту мае базу даных па ўсіх еўрапейскіх арганізацыях, якія аказваюць дапамогу жанчынам.
  • www.womenlobby.org The European Women's Lobby.
  • www.ewlcentreonviolence.org Еўрапейскі жаночы лабісцкі цэнтр на вэб-сайце «Гвалт у адносінах да жанчын». Ён змяшчае шмат інфармацыі пра гвалт у адносінах да жанчын, уключаючы справаздачы па краінах.
  • www.whiteribbon.ca Кампанія «Белая стужка» – «найбуйнейшая кампанія мужчын, якія змагаюцца за спыненне гвалту мужчын у адносінах да жанчын».
  • www.europrofem.org EuroPRO-Fem, еўрапейская мужчынская сетка феміністычнага кірунку; уяўляе сабой сетку арганізацый і праектаў на чале з мужчынамі, якіх хвалююць пытанні мужчынскага дамінавання, гвалту і прыгнёту жанчын.
  • www.hotpeachpages.net Міжнародны даведнік Агенцтва па барацьбе з хатнім гвалтам змяшчае інфармацыю па ўсіх краінах свету.
  • www.unifem.org Сайт жаночага фонду ААН змяшчае шмат матэрыялаў аб гендарных праблемах і гвалце ў адносінах да жанчын.

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Сітуацыя 1. Эстэр

Ён пачаў лаяцца з жонкай, абвінавачваючы яе ў тым, што яна не памыла бялізну, не прыгатавала ежу і наогул нічога не зрабіла па гаспадарцы. Увесь гэты час ён яе збіваў, наносячы ўдары кулакамі па галаве і твары. Ён вырваў у яе пасмы валасоў і біў яе ботамі. Сарваўшы з жонкі вопратку, ён кінуў яе на ложак, маючы намер працягнуць збіванне.
Усё гэта адбывалася на вачах у іх 8-гадовай дачкі, якая маліла яго спыніцца. Ён спыніўся, скінуў Эстэр з ложка і заснуў.
Той ноччу Эстэр памерла.

Сітуацыя 2. Каці

Каці спрабавала парваць са сваім жаніхом, які стаў усё часцей падымаць на яе руку. Яна знайшла кватэру ў іншым горадзе, але ён працягваў тэлефанаваць і пагражаць ёй. Нервы Каці былі на мяжы.
Аднойчы яе жаніх падпільнаваў яе пасля працы, каб прымусіць вярнуцца да яго. Ён павёз яе ў бліжэйшы лес і там паспрабаваў задушыць яе світарам. На наступны дзень Каці сказала калегам на працы, што баіцца, што аднойчы ён яе сапраўды задушыць.
Праз 4 дні яе жаніх выпіў і зноў чакаў яе пасля працы. Калі яна выйшла, ён стаў яе збіваць. У той вечар ён вырашыў, што ім трэба наведаць сваякоў. Па дарозе ён некалькі разоў спыняў машыну. Каці, бачачы, у якім ён стане, пагадзілася заняцца з ім сексам, але ён быў занадта п'яны.
Каці сказала свайму жаніху, што ён яе больш не цікавіць. Гэта яго вельмі раззлавала. Ён схапіў доўгі скураны рэмень і задушыў яе.
Затым ён выцягнуў яе цела з машыны, кінуў яго ў канаву і закідаў галлём.

Сітуацыя 3. Марыя

Марыі было 70 гадоў. Яе муж памёр 10 гадоў таму назад, і яна жыла ў невялікім доме са сваім саракагадовым сынам Філіпам. Ён быў беспрацоўным і часам моцна напіваўся. Марыя ведала, што ён цягае грошы ў яе з кашалька, але, як правіла, маўчала, не жадаючы новых праблем. П'яны Філіп бываў вельмі агрэсіўным, і часам Марыі даводзілася замыкацца ў сваім пакоі, каб схавацца ад яго.
Аднойчы Філіп прыйшоў дадому вельмі п'яным і раззлаваўся з-за таго, што вячэра была не гатова. Марыя сказала, што нічога не прыгатавала, таму што стамілася і дрэнна сябе адчувае, а ён у адказ пачаў граміць мэблю ў пакоі. У Марыі не было сіл і часу, каб уцячы, і сын кінуў у яе стул. Марыя паспрабавала абараніцца, але ўпала і ўдарылася галавой. Прыбег сусед, але было занадта позна. Марыя памерла, не прыходзячы да прытомнасці, яшчэ да прыезду ў бальніцу.

Сітуацыя 4. Леандра

Леандра было 8 гадоў. Ён жыў у маленькай кватэрцы з трохгадовай сястрой, маці і яе сужыцелем Янам. Свайго бацькі Леандра не ведаў. Яму падабалася вучыцца, але яму не падабаўся Ян. Ян быў жорсткі і часам збіваў Леандра. Леандра баяўся Яна, дрэнна спаў і страціў апетыт. Настаўніца Леандра заўважыла гэта і выклікала яго бацькоў, таму што была ўпэўнена, што Леандра можа вучыцца значна лепш, ён быў няўважлівым і часам біўся з сябрамі. Маці сустрэлася з настаўніцай, але не стала расказваць пра сітуацыю дома. Вярнуўшыся дадому, яна перадала Яну словы настаўніцы. Ян раззлаваўся і зноў збіў Леандра, на гэты раз зламаўшы яму руку. У бальніцы маці схлусіла, сказаўшы, што Леандра ўпаў.

Сітуацыя 5. Баназ

Баназ некалькі разоў спрабавала паведаміць у паліцыю, што яе жыццё ў небяспецы. У снежні 2005 года бацька напаў на яе і паспрабаваў забіць. Дзяўчына вельмі спалохалася і звярнулася ў паліцыю. Аднак следчыя не паставіліся да яе слоў сур'ёзна.
Баназ збегла, але потым вярнулася дадому і паспрабавала таемна працягваць адносіны са сваім маладым чалавекам; бацька пагражаў забіць абодвух, калі яны не перастануць сустракацца. Баназ угаворвалі пераехаць у бяспечнае месца, але яна лічыла, што дома нічога не здарыцца, таму што там яе маці.
Баназ знікла 24 студзеня, а праз тры месяцы яе згніўшы труп знайшлі ў чамадане, закапаным у садзе. На судзе яе бацька і дзядзька прызналіся, што заказалі забойства, вырашыўшы, што яна зганьбіла сям'ю, закахаўшыся ў мужчыну, шлюбу з якім яе сваякі не ўхвалялі. Баназ было ўсяго 20 гадоў.
http://news.bbc.co.uk/2/hi/6722699.stm; 11 чэрвеня 2007 г.

Сітуацыя 6. Аміра

Аміры было чатыры гады, калі яе сям'я ўцякла з ахопленага вайной Самалі і пасялілася ў адным з еўрапейскіх гарадоў, дзе ёй жылося невымерна лепш.
Неяк раніцай, калі Аміры было ўжо адзінаццаць, маці прапанавала ёй наведаць цётку, каб дзяўчынка магла пагуляць з аднагодкай, сваёй стрыечнай сястрой. Аміра не падазравала, што маці і цётка ўпотай запрасілі з Магадыша жанчыну, каб зрабіць дочкам абразанне. Яны лічылі, што гэта неабходна, інакш дзяўчынкі ніколі не знойдуць сабе мужоў.
Нечакана маці і цётка схапілі Аміру. Яна расказвае: «Яны мяне трымалі, а жанчына, якую я ніколі раней не бачыла, пачала рэзаць. Я крычала, але цётка заціснула мне рот рукой. Абяцайце, што ніхто не даведаецца пра тое, што я з вамі гаварыла, – маліла Аміра. – Калі ў нашай супольнасці даведаюцца, то мяне назавуць здрадніцай, і мне давядзецца ўцякаць. І наогул, я не хачу, каб мае бацькі патрапілі ў турму».
Заснавана на матэрыялах http://www.dailymail.co.uk/femail/article-505796 ад 3 студзеня 2008 года www.fgmnetwork.org

Сітуацыя 7. Дэніз

«Я ахвяра інцэсту; бацька згвалтаваў мяне, калі мне было пятнаццаць. Гэта быў не першы раз і не апошні. Але тады я зацяжарыла.
Аднойчы ўвечары мне стала вельмі дрэнна, і бацькі завезлі мяне ў бальніцу. Урач хуткай дапамогі выявіў, што, акрамя цяжкай формы грыпу, у мяне цяжарнасць тэрмінам 19 тыдняў. Урач сказаў мне, што я цяжарная, і спытаў, чаго я хачу. Нягледзячы на боль і пачуццё віны, я адмовілася рабіць аборт. Мой бацька ўпаў у дзікую лютасць і запатрабаваў, каб я пагадзілася. Урач адмовіўся, прыслухаўшыся да майго рашэння.
Бацька запатрабаваў знайсці спецыяліста па абортах, і праз гадзіну гэты чалавек прыехаў у бальніцу. Я паспрабавала збегчы з назіральнага крэсла, але ён загадаў тром медсёстрам трымаць мяне, пакуль ён прывязваў мяне да ложка і калоў мышачны рэлаксант, каб я не супраціўлялася. Я працягвала крычаць, што не хачу аборту. Ён загадаў мне: «Заткніся і кінь гарлапаніць!» У рэшце рэшт, мне зрабілі агульны наркоз».
Заснавана на матэрыялах www.humanlife.org

Сітуацыя 8. Ганс

Антонія праследавала і абражала свайго мужа Ганса на працягу некалькіх гадоў. Аднойчы яна сказала, што ёй хочацца пераехаць яго машынай. У іншы раз яна ілжыва абвінаваціла яго ў разбэшчванні яе дзяцей. Пісьмы з абвінавачаннямі Ганса ў педафіліі з'явіліся ў суседскіх паштовых скрынях. У паліцыі гэтым абвінавачанням не паверылі, але западозрылі, што Антонія мае да іх нейкае дачыненне.
Тры гады назад яны разышліся, а год назад – развяліся. Некалькі месяцаў назад Антонія пайшла за Гансам, які вяртаўся дадому з працы, і кінула ў яго падпаленае ўпрыгажэнне, напоўненае бензінам. Упрыгажэнне не загарэлася, але пазней следчыя знайшлі бензін на дзвярах і сценах.
Аднойчы днём, калі Ганс гуляў з сабакам, да яго падбегла нейкая жанчына. Пачуўся гучны гук. Ён закрычаў, кінуўся да дома і схаваўся там, жанчына рушыла ўслед за ім. Паліцыя і ўрачы знайшлі яго пры смерці на падлозе ў сталовай. Выратаваць Ганса не змаглі: куля ўвайшла яму ў правае плячо і, разарваўшы лёгкія, засела ў аорце.
Заснавана на матэрыялах http://www.seattlepi.com

Кіруючыя ўказанні па правядзенні групавых дыскусій

I - Аналіз злачынства (20 хвілін)
1. Што вы можаце сказаць пра гэта злачынства, зыходзячы з прадстаўленай інфармацыі?
2. Дзе магло адбыцца такое злачынства? Ці магло яно здарыцца ў вас па суседстве?
3. Чаму адбылося гэта злачынства?
4. Ці можна знайсці якое-небудзь апраўданне такому злачынству?
5. Як ахвяра магла б абараніць сябе?

II – Пераход да сацыяльнай рэчаіснасці (40 хвілін)
6. Ці ведаеце вы пра выпадкі хатняга гвалту або ці чулі пра іх у апошні час?
7. Якія формы прымае хатні гвалт у нашым грамадстве?
8. Што могуць зрабіць ахвяры, калі ім неабходна дапамога?
9. Ці варта паліцыі ўмешвацца пры паведамленні пра гвалт, або такое ўмяшанне можа разглядацца як парушэнне прыватнасці жыцця і, такім чынам, правоў чалавека?
10. Што ў падобных сітуацыях могуць зрабіць ахвяры? Што можа зрабіць парушальнік?
11. Ці вядомы вам выпадкі хатняга гвалту ў дачыненні да мужчын?
12. Пералічыце магчымыя прычыны хатняга гвалту.
13. Як можна прадухіліць і спыніць хатні гвалт?
14. Што могуць (павінны) зрабіць:
a. дзяржаўныя органы?
b. супольнасць?
c. удзельнікі сітуацыі?
d. сябры і суседзі?