European Social Charter
(Агляд)
Еўрапейская сацыяльная хартыя (перагледжаная) 1996 года, якая ўступіла ў сілу 1 ліпеня 1999 года, увасабляе ў адным інструменце ўсе правы, гарантаваныя Еўрапейскай сацыяльнай хартыяй 1961 года, Дадатковым пратаколам 1988 года, і дадае новыя правы і папраўкі, прынятыя Бакамi. Яна паступова замяняе першапачатковую Хартыю 1961 года. Хартыя гарантуе правы і свабоды, якія датычацца ўсіх асоб у іх паўсядзённым жыцці.
Асноўныя правы, замацаваныя ў Хартыі, наступныя:
Жыллё:
- доступ да адэкватнага і недарагога жылля;
- скарачэнне бяздомнасці; жыллёвая палітыка, арыентаваная на ўсе ўразлівыя катэгорыі;
- працэдуры абмежавання прымусовага высялення;
- роўны доступ для неграмадзян да сацыяльнага жылля і жыллёвых ільгот;
- будаўніцтва жылля і жыллёвыя льготы, звязаныя з патрэбамі сям’і.
Здароўе:
- даступныя, эфектыўныя медыцынскія ўстановы для ўсяго насельніцтва;
- палітыка прафілактыкі захворванняў, у тым ліку гарантыя здаровага навакольнага асяроддзя;
- ліквідацыя прафесійнай шкоднасці з мэтай забеспячэння таго, каб здароўе і бяспека на працоўным месцы былі прадугледжаны законам і гарантаваліся на практыцы;
- абарона мацярынства.
Адукацыя:
- бясплатная пачатковая і сярэдняя адукацыя;
- бясплатныя і эфектыўныя паслугі па прафарыентацыі;
- доступ да пачатковага навучання (агульная і прафесійная сярэдняя адукацыя), вышэйшай адукацыі ва ўніверсітэце і іншых установах, прафесійнай падрыхтоўкі, у тым ліку бесперапыннага навучання;
- спецыяльныя меры для замежных грамадзян;
- школьная інтэграцыя дзяцей з інваліднасцю;
- доступ да адукацыі і прафесійнага навучання для людзей з інваліднасцю.
Працаўладкаванне:
Свабода працаваць:
- забарона на прымусовую працу;
- забарона на працаўладкаванне дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў;
- асаблівыя ўмовы працы ад 15 да 18 гадоў;
- права зарабляць сабе на жыццё шляхам свабоднага выбару прафесіі і заняткаў.
Справядлівыя ўмовы працы:
- эканамічная і сацыяльная палітыка, накіраваная на забеспячэнне поўнай занятасці;
- доступ да працы для асоб з інваліднасцю;
- справядлівыя ўмовы працы ў дачыненні да аплаты і працоўнага часу;
- абарона ў выпадку звальнення;
- абарона ад сексуальнага і псіхалагічнага дамагання.
Калектыўныя правы:
- свабода ствараць прафсаюзы і арганізацыі працадаўцаў для абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў; індывідуальная свабода вырашаць, далучацца да іх ці не;
- прасоўванне сумесных кансультацый, вядзенне калектыўных перамоў, пагаджальная працэдура і добраахвотны арбітраж;
- права на забастоўку.
Юрыдычная і сацыяльная абарона:
- прававое становішча дзiцяцi;
- абыходжанне з непаўналетнімі правапарушальнікамі;
- абарона ад жорсткага абыходжання і здзекаў;
- забарона любой формы эксплуатацыі (сексуальнай ці іншай);
- прававая абарона сям’і (роўнасць мужа і жонкі ўнутры шлюбнай пары і ў адносінах да дзяцей, абарона дзяцей у выпадку разрыву сям’і);
- права на сацыяльнае забеспячэнне, сацыяльны дабрабыт і сацыяльныя паслугі;
- права на абарону ад галечы і сацыяльнай ізаляцыі;
- догляд за дзецьмі;
- спецыяльныя меры для пажылых людзей.
Перамяшчэнне асоб:
- права на ўз’яднанне сям’i;
- права грамадзян пакідаць краіну;
- працэсуальныя гарантыі ў выпадку высылкі;
- спрашчэнне іміграцыйных фармальнасцей.
Недапушчэнне дыскрымінацыі:
- права жанчын і мужчын на роўнае абыходжанне і роўныя магчымасці ў сферы працаўладкавання;
- гарантыя ўсім грамадзянам і замежнікам, якія законна пражываюць і (або) працуюць у краіне, што ўсе правы, замацаваныя ў Хартыі, прымяняюцца незалежна ад расы, полу, узросту, колеру скуры, мовы, рэлігіі, меркаванняў, нацыянальнага паходжання, сацыяльнага паходжання, стану здароўя або асацыяцыі з нацыянальнай меншасцю;
- забарона дыскрымінацыі на аснове сямейных абавязкаў;
- права асоб з інваліднасцю на сацыяльную інтэграцыю і ўдзел у жыцці грамадства.
У Хартыі ёсць механізм кантролю, заснаваны на падачы нацыянальных справаздач дзяржавамі-ўдзельніцамі (Пратакол 1991 года), а таксама сістэма калектыўных скаргаў (Пратакол 1995 года), якая дазваляе, у прыватнасці, прафсаюзам і няўрадавым грамадскім арганізацыям падаваць калектыўныя прэтэнзіі.
Еўрапейскі камітэт сацыяльных правоў (ЕКСП) з’яўляецца органам, адказным за кантроль выканання ў дзяржавах – удзельніцах Хартыі.
Камітэт складаецца з 15 незалежных і непрадузятых членаў, якія выбіраюцца Камітэтам міністраў Савета Еўропы на шэсць гадоў, гэты тэрмін можа быць узноўлены адзін раз.
- Глава 1 - Адукацыя ў галіне правоў чалавека і «Компас»: уводзіны
- Глава 2 - Практыкаванні і метады навучання ў галіне правоў чалавека
- Глава 3 - Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека
- Глава 4 - Разуменне правоў чалавека
- Глава 5 - Асноўная інфармацыя па глабальных тэмах правоў чалавека
- Дадаткі
- Гласарый