Самая сур'ёзная пагроза свабодзе – адсутнасць крытыкі.

Воле Шайінка

Агляд

Гэта практыкаванне ўяўляе сабой сімуляцыю, у якой група журналістаў рыхтуе першую паласу газеты, якая вось-вось пойдзе ў друк. Працуючы ў малых групах, удзельнікі вывучаюць наступныя пытанні:
• Прадузятасць, стэрэатыпы і аб'ектыўнасць у СМІ
• Вобразы і роля СМІ ў асвятленні правоў чалавека

Звязаныя правы

• Права на свабоду думкі, перакананняў і выказвання меркавання
• Свабода ад умяшання ў асабістае жыццё, сям’ю, жыллё і перапіску
• Права ўдзельнічаць у культурным жыцці супольнасці

Мэты

• Пашырыць уяўленне аб СМІ і іх падыходзе да пытанняў правоў чалавека
• Развіць навыкі зносін і супрацоўніцтва
• Выхаваць пачуццё адказнасці і імкненне да сацыяльных пераўтварэнняў

Матэрыялы

• Вялікае памяшканне, у якім дастаткова месца для працы дзвюх-трох груп і правядзення агульнага пасяджэння
• 40–45 фотаздымкаў з газет ці часопісаў
• Папера і ручкі для запісаў
• Вялікія аркушы (фармату А3) або папера для фліпчарта, маркеры
• Нажніцы і клей для кожнай малой групы
• Сталы, рабочай паверхні якіх дастаткова для таго, каб раскласці на іх усе матэрыялы

Падрыхтоўка

• Выберыце 40–45 фотаздымкаў з часопісаў ці нацыянальных газет. Улічвайце, што вам спатрэбіцца тры камплекты аднолькавых фатаграфій, па адным на кожную групу, таму прыйдзецца альбо купіць усе газеты, з якіх вы будзеце браць здымкі, у трох экзэмплярах, альбо скарыстацца ксераксам
• Раскладзіце адзін набор фатаграфій на стале

compass-key-date
  • 3 маяСусветны дзень свабоды друку

Інструкцыі

1. Азнаёмце ўдзельнікаў з практыкаваннем. Растлумачце, што яно ўяўляе сабой інсцэніроўку вечара ў рэдакцыі мясцовай газеты, дзе журналісты працуюць над першай паласой сваёй газеты. Хоць гэта і мясцовая газета, якая абслугоўвае жыхароў пэўнай акругі, яна паставіла сваёй задачай рэгулярна інфармаваць чытачоў пра падзеі ў свеце, у тым ліку і пра становішча ў галіне правоў чалавека.
2. Прадэманструйце ўдзельнікам першую паласу газеты, падкрэсліце асаблівасці і тыповыя элементы макета.
3. Пакажыце ўдзельнікам фатаграфіі. Папрасіце іх моўчкі абысці стол з раскладзенымі на ім фатаграфіямі, устрымліваючыся ад каментарыяў. Растлумачце, што з гэтымі фатаграфіямі яны будуць працаваць; тады яны змогуць выкарыстоўваць і інтэрпрэтаваць іх па-свойму.
4. Падзяліце ўдзельнікаў на тры рабочыя групы па 6–8 чалавек. Кожная група – рэдакцыя, якая працуе над сваёй газетай. Яе задача – прадумаць і падрыхтаваць макет першай паласы выпуску, які выйдзе заўтра раніцай.
5. Папрасіце кожную групу прыдумаць назву для сваёй газеты.
6. Рэдкалегіі прыступаюць да працы. Раздайце кожнай групе паперу, клей, нажніцы, ручкі, але фатаграфіі пакуль не давайце.
7. Правядзіце інструктаж. Удзельнікі павінны распрацаваць макет першай паласы сваёй газеты.
8. Групам адводзіцца адна гадзіна на тое, каб выбраць чатыры ці пяць навін, якія яны хочуць асвятліць у газеце. Ім трэба падумаць аб тым, якое ўражанне акажа першая паласа. Можна не выкладаць навіну цалкам: дастаткова выбраць здымак, напісаць загаловак, аўтарскі радок і ўступ. Складаць поўны тэкст артыкулу не трэба, можна проста паказаць з дапамогай зафарбаванага прамавугольніка, якое месца ён зойме на паласе.
9. Прапануйце пачаць з абмеркавання тэм і пытанняў, якія яны хацелі б уключыць у свой матэрыял. Паведаміце ўдзельнікам, што праз дзесяць хвілін яны атрымаюць фатаграфіі з «аддзела друку».
10. Праз дзесяць хвілін працы раздайце групам камплекты фотаздымкаў, па адным на групу. Дайце ім 50 хвілін для завяршэння працы.
11. Праз гэты час прапануйце групам выкласці свае напрацоўкі так, каб усе маглі іх прачытаць. Затым пераходзьце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з аналізу самога практыкавання, а затым пераходзьце да абмеркавання сродкаў масавай інфармацыі і праблем, звязаных з правамі чалавека і іх выкананнем.
• Як была арганізавана праца груп? Як працавалі ўдзельнікі: як адна каманда або займаліся рознымі «артыкуламі» паасобку ці ўдваіх-утраіх? Як яны прымалі рашэнні аб тым, як рабіць працу і якія тэмы асвятляць? Быў у іх лідар, або ўдзел у прыняцці рашэнняў прымалі ўсе? Ці ўсе адчувалі, што могуць унесці свой уклад у працу?
• Як адбіраліся тэмы або пытанні для першай паласы? Што было першасным: тэма або здымак? Як яны дзейнічалі: спачатку вызначалі тэму, а затым шукалі прыдатную ілюстрацыю да яе, ці наадварот, нейкі фотаздымак падказваў ідэю, на аснове якой ствараўся артыкул?
• Якія тэмы або пытанні былі прадстаўлены? Якое дачыненне яны маюць да правоў чалавека? Ці былі тэмы, якія камусьці хацелася асвятліць, але давялося адмовіцца? Па якой прычыне гэта здарылася?
• Што аб'ядноўвае першыя палосы розных газет? Ці выкарыстоўваліся ў іх аднолькавыя тэмы і фатаграфіі?
• Ці выкарыстоўваліся аднолькавыя фатаграфіі для ілюстрацыі розных тэм?
• Адкуль людзі даведваюцца пра навіны? З газет, тэлебачання, радыё або з Інтэрнэту? Чаму яны сочаць (ці не сочаць) за навінамі?
• Ці спрабавалі ўдзельнікі падрыхтаваць традыцыйную першую паласу або стварылі новы макет? Які найбольш дзейсны спосаб прыцягнуць увагу чытачоў?
• Якія навіны дамінуюць у СМІ ў рэальным жыцці?
• Ці добра асвятляецца ў навінах праблематыка правоў чалавека ў цэлым?
• Як часта навіны бываюць прадстаўлены як гісторыі аб правах чалавека?
• Адно з галоўных спрэчных пытанняў, якія тычацца СМІ, – гэта іх «аб'ектыўнасць». Ці магчыма ў прынцыпе, на думку ўдзельнікаў, аб'ектыўнае асвятленне навін? Ці пажадана гэта?
• Якія правы чалавека або парушэнні правоў чалавека адлюстраваны ў розных артыкулах?
• Ці спрабавалі ўдзельнікі ў сваіх артыкулах звязаць прычыны і вынікі, Поўнач і Поўдзень, развіццё і навакольнае асяроддзе, багатых і бедных і гэтак далей? Як гэтыя праблемы прадстаўлены ў сапраўдных СМІ?
• Як удзельнікі ўяўляюць сабе моладзь з іншых частак свету? З «бедных» краін? З «багатых» краін?
• Ці адсутнічалі ў камплектах фотаздымкаў нейкія важныя тэмы ці праблемы?

Парады для фасілітатараўGoto top

Адбіраючы здымкі для практыкавання, старайцеся забяспечыць іх разнастайнасць і пазбягаць стэрэатыпаў. Звычайна навіны перанасычаныя паведамленнямі аб забойствах, войнах і іншых катастрофах і значна радзей змяшчаюць пазітыўную інфармацыю (у Афрыцы, напрыклад, адбываюцца не толькі вайна і голад!). Ваш набор фотаздымкаў павінен даць удзельнікам магчымасць праілюстраваць і «добрыя», і «дрэнныя» навіны. Здымкі павінны быць разнастайнымі ў плане ўзросту, полу, расы, культуры, геаграфічнага становішча і г. д. Улічвайце інтарэсы маладых людзей і ўключыце здымкі, звязаныя з апошнімі навінамі і папулярнымі асобамі. Магчыма, вы знойдзеце прыдатныя ідэі ў прыведзеным ніжэй спісе.

Тэлевядучая

Нафта, якая гарыць

Мараканская дзяўчына

Самалёт F16 з бомбамі

Глобус

«Грынпіс» у дзеянні

Дзяржаўная паліцыя

Партызан

Група кінааператараў
дзесьці ў краіне трэцяга свету

Слуп дыму з завадской трубы

Графіці

Два мёртвыя салдаты

Хлопчык-чысцільшчык
абутку з рэкламай фірмы Philips

Рэклама Баціды

Антырасісцкі канцэрт

Фермы, а не зброя

Дзеці, якія кідаюць камяні

Цялежкі, поўныя кавы

Парламент

Гара мяшкоў з зернем

Жанчыны на будаўніцтве плаціны

Рэклама кока-колы

Наркотыкі

Продаж тавараў краін трэцяга свету

Выплата дапамогі па беспрацоўі

Прадавец на пляжы

Вядомы палітык, напрыклад, прэзідэнт ЗША

Жаночы мітынг

Шахцёр-афрыканец

Рынак у краіне трэцяга свету

Нельсан Мандэла

Планаванне сям'і

Бройлерныя куры

Адзінокая жанчына

Сустрэча сусветных
лідараў на міжнародным кліматычным саміце 
СОР 15

Прафілактыка СНІДу

Чаму немаўляты паміраюць
ад голаду, калі ежы хапае?

Трушчобы ў Бруселі

Лагер бежанцаў

Натоўп людзей

Пестыцыды

Трушчобы ў краіне трэцяга свету

Бежанцы каля
пасольства

Грамадскі транспарт

Рэклама рэстарана,
якія гандлюе гамбургерамі

Перапоўнены смеццевы бак

Эрык Кантона

Ваенны трыбунал

Лесапавал у джунглях

Сартаванне бляшанак

Дзеці ў цэнтры для
асоб у пошуках прытулку

Выстаўка аўтамабіляў

Выпаленая спёкай глеба

Халадзільнікі на сметніку

Футбаліст

Затор на вуліцы

Дзеці гуляюць у вадзе

Негрыцянскі юнак з гітарай

Amnesty International у дзеянні

Мерапрыемства веласіпедыстаў

Ірыгацыя

Nintendo

Дэманстрацыя на Філіпінах

Юнак з мікрафонам

Мыццё машыны

Рок-зорка

Войскі ЗША ў Афганістане

Узлёт касмічнага карабля

 

Вулічныя дзеці

Самалійскія піраты ў дзеянні Затоплены востраў у Ціхім акіяне
  Мультыкультурная вечарынка    

 

Апісваючы практыкаванне, падкрэсліце асаблівасці і тыповыя элементы макета першай паласы: прыкметны загаловак, які прыцягвае ўвагу чытача, аўтарскі радок (напрыклад, «піша наш карэспандэнт па праблемах навакольнага асяроддзя Мухамад Шміт»). За імі ідзе ўступ, які раскрывае тэму артыкула, і асноўны тэкст. Абмяркуйце, як фотаздымкі выкарыстоўваюцца для ілюстрацыі гісторыі або для прыцягвання ўвагі чытача. Звярніце ўвагу і на тое, чаго на малюнках няма! Раскажыце, як абрэзваюць фатаграфіі, каб прыцягнуць увагу чытача да таго, што хоча паказаць фатограф ці рэдактар. Таксама звярніце ўвагу на тое, як пішуцца загалоўкі. Карысна прадэманстраваць макет першай паласы замежнай газеты: так прасцей адцягнуць увагу ад зместу і засяродзіцца на агульным уражанні.

Заахвочвайце творчы падыход да выбару ідэй і спосабаў іх падачы. Удзельнікі могуць пісаць, абрэзваць здымкі, маляваць карыкатуры. Тон іх газеты можа быць сур'ёзным, гумарыстычным або іранічным. У залежнасці ад групы вырашыце, ці варта абмеркаваць гэтыя моманты больш падрабязна або лепш проста дазволіць удзельнікам працаваць і паглядзець, што атрымаецца.

ВарыянтыGoto top

У якасці варыянта гэтага практыкавання можна прапанаваць групам заняцца падрыхтоўкай выпуску навін для радыё або тэлебачання. Калі вы выбралі тэлевізійныя навіны, рэкамендуем праецыраваць выявы з камп'ютара ці слайд-праектара на экран у цёмным пакоі, каб стварыць адчуванне прагляду тэлеперадачы. Яшчэ адзін варыянт – стварэнне інтэрнэт-старонкі або блога.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Абмяркуйце аспекты правоў чалавека, абраныя групамі для сваіх навін. Напрыклад, якое становішча маюць гэтыя правы ў вашай краіне?

Удзельнікі могуць звязацца з мясцовай газетай, радыёстанцыяй або тэлеканалам і пагаварыць з журналістамі аб іх працы, абмеркаваць праблему аб'ектыўнасці і асвятлення глабальных праблем і пытанняў правоў чалавека ў СМІ.

Калі ўдзельнікаў зацікавілі фатаграфіі і тое, як прэса выкарыстоўвае іх (ці злоўжывае імі), магчыма, ім спадабаюцца такія практыкаванні, як «Частка карціны» і «Подпіс», апісаныя ў раздзеле «Іншыя гульні з відарысамі» ў канцы практыкавання «Гульні з відарысамі». Калі групе падабаюцца заданні, у якіх трэба хутка думаць, прапануйце ім практыкаванне «Хвіліначку!», прысвечанае сувязям паміж спортам і правамі чалавека.

Калі ж група хацела б расслабіцца, паслухаць музыку і пры гэтым даведацца нешта новае пра іншыя народы, культуры, музыку і мову, звярніцеся да практыкавання Knysna blue у навучальным пакеце «Усе розныя – усе роўныя».

Ідэі для дзеянняGoto top

Многія мясцовыя радыёстанцыі даюць магчымасць розным групам мясцовага насельніцтва выпускаць свае перадачы. Падключыцеся да такога групавога праекта, збярыце матэрыял і падрыхтуйце перадачу па тэме, якая прадстаўляе цікавасць для аўдыторыі, напрыклад пад лозунгам «Думай глабальна – дзейнічай лакальна».
Зайдзіце на сайт www.newtimes.dk, каб даведацца, як бежанцы, якія жадаюць атрымаць прытулак у Даніі, выкарыстоўваюць СМІ. Вы можа захацець дапамагчы бежанцам у вашай краіне (або іншым меншасцям) арганізаваць нешта падобнае.
Для распаўсюджвання інфармацыі звярніцеся да мясцовых (радыёканалаў, газет) і міжнародных СМІ, уключаючы сацыяльныя сеткі (Hi5, Facebook, Twitter і блогі).

Дадатковая інфармацыяGoto top

Гэта практыкаванне закранае наступныя праблемы:

a) СМІ
1. На маладых людзей, як і на дарослых, пастаянна навальваюцца горы разнастайнай інфармацыі з самых розных крыніц. Некаторыя людзі разумеюць гэта, а некаторыя – не. Можна спытаць у сябе: што мы робім з гэтымі звесткамі? Ці значыць гэта, што мы лепш інфармаваныя, або не абавязкова?
2. Камерцыялізацыя СМІ пастаянна ўзмацняецца; усё большую трывогу выклікаюць спрашчэнне сэнсу, ігра на стэрэатыпах і пагоня за сенсацыямі. Знайсці якасныя навіны становіцца ўсё цяжэй, ці не так?
3. Апошняе асабліва тычыцца навін аб праблемах няроўнасці, перш за ўсё ў дачыненні да краін, якія развіваюцца. Навіны «не з Захаду» часта падаюцца з заходняга пункту гледжання. У выніку навіны нярэдка аказваюцца негатыўнымі і сумнымі. Аднабаковае мысленне і негатыўны тон сталі нормай. Ці згодны вы з гэтым?
4. Рост папулярнасці Інтэрнэту прывёў да заняпаду журналістыкі. Ніл Генры, былы карэспандэнт Washington Post, а цяпер прафесар журналістыкі ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі, кажа: «Я бачу свет, у якім пошукі ісціны ў інтарэсах грамадскасці перастаюць быць культурнай каштоўнасцю сярод усёй гэтай мітусні вакол тэхналогій; свет, у якім прафесійная журналістыка, якая кіруецца агульнапрынятымі этычнымі каштоўнасцямі, іграе ўсё меншую ролю ў нашай сістэме навін і інфармацыі, якая ўсё расце, бо мы збягаем у сетку ў пошуках апошняй «навінкі». І я не магу не баяцца будучыні, у якой прафесійных журналістаў стане яшчэ менш, у якой людзі, якія шукаюць навіны, будуць знаходзіць не навіны, а чарговыя тырады падвальных блогераў, фэйкавыя паведамленні пра навіны ад дзяржаўных чыноўнікаў і піяр, які ўмела распаўсюджваюць рэкламшчыкі, якія хочуць толькі прадаваць, прадаваць, прадаваць».
5. Дзякуючы блогерам і публікацыям у сацыяльных сетках, мы сталі значна бліжэй да таго, што адбываецца ў свеце. «Сырыя» матэрыялы валодаюць вялікай сілай уздзеяння; уявіце сабе рэакцыю людзей на артыкулы, аматарскія відэазапісы і паведамленні ў сацыяльных сетках, зробленыя ў месцах, дзе адбыліся землетрасенні і іншыя катастрофы, або ў зонах ваенных дзеянняў.
6. Інтэрнэт даў людзям ва ўсім свеце доступ да навін і інфармацыі з першых рук. Гэта значна ўскладніла цэнзуру.
7. Ці магчыма і пажадана аб'ектыўнасць? Ці можна пазбегнуць уплыву сваёй уласнай культуры? І ці не з'яўляецца выкладанне меркаванняў «абодвух бакоў» на самай справе разнавіднасцю інфармацыйнай прадузятасці? Напрыклад, нягледзячы на пастаянныя заявы Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату (МГЭЗК) аб тым, што дзейнасць чалавека мае «значны» ўплыў на клімат у свеце і што глабальнае пацяпленне – гэта сур'ёзная праблема, якую трэба вырашаць неадкладна, знарочыстая непрадузятасць прэсы дала невялікай групе скептыкаў магчымасць шырока распаўсюдзіць свае погляды.

b) Правы чалавека
СМІ, безумоўна, іграюць важную ролю ў прыцягненні ўвагі грамадства да праблем правоў чалавека. Але мы павінны разумець, у якім выглядзе асвятляецца гэта тэматыка і чым гэта матывавана. Неабходна крытычна падыходзіць да таго, якія факты і інфармацыю нам прапануюць – ці не падаюць – і якім чынам. Напрыклад, адных і тых жа ўдзельнікаў ваенных дзеянняў у залежнасці ад сваіх палітычных прыхільнасцей адна газета назаве «змагарамі за свабоду», а другая – тэрарыстамі. Прадстаўнікі іншых культур могуць паказвацца неаб'ектыўна. Напрыклад, інуітаў могуць паказаць у якім-небудзь рэпартажы як самабытных, загартаваных холадам людзей, якія жывуць у іглу і вядуць барацьбу за захаванне свайго традыцыйнага ладу жыцця, але як толькі гаворка заходзіць пра кітабойны промысел, яны адразу становяцца «забойцамі кітоў».

Заўвага.
Гэта практыкаванне распрацавана на аснове «Фабрыкі навін», якая была першапачаткова аформлена на нідэрландскай мове Робам Адрыянсенам і Грынвіцкай групай для NCOS, платформы для НГА па развіцці Фламандыі. Пазней Неле Хірс пераклала яе на англійскую мову і адаптавала для Еўрапейскай федэрацыі міжкультурнага навучання.

c) Адданасць справеНекалькі здымкаў, адабраных для практыкавання, павінны паказаць, што ў людзей, і ў першую чаргу ў моладзі, ёсць магчымасць узяцца за нейкую цалкам рэальную справу. Мы як выкладчыкі, маладзёжныя працаўнікі і г. д. хочам, каб у маладых людзей быў стымул працаваць у імя паляпшэння становішча ў свеце. Мы задаёмся пытаннем, як нам лепш за ўсё заахвоціць маладых людзей узяцца за справу, і можам сумнявацца ў тым, наколькі прывабнымі яны бачаць тыя магчымасці, якія зараз у іх маюцца. Нейкія адказы на гэтыя пытанні мы зможам атрымаць з тых слайдаў, якія выберуць для працы маладыя ўдзельнікі.