Яна – мой герой. А хто твой?

Агляд

Гэта практыкаванне ўключае індывідуальную працу, працу ў агульнай і малых групах, мазгавы штурм і дыскусію аб:
• Гераінях і героях як сімвалах сацыялізацыі і культуры
• Укараненні гендарных стэрэатыпаў у нашай гісторыі, культуры і паўсядзённым жыцці

Звязаныя правы

• Права на роўнасць
• Свабода ад дыскрымінацыі
• Свабода перакананняў і выказвання меркавання

Мэты

• Вывучэнне прычын існавання розных пунктаў гледжання на гістарычныя падзеі
• Развіццё навыкаў крытычнага аналізу
• Развіццё цікаўнасці, непрадузятасці і справядлівасці

Матэрыялы

• Папера і ручкі (па адной сіняй і адной чырвонай ручцы на кожнага ўдзельніка – не абавязкова, але пажадана)
• Папера для фліпчарта і маркеры

compass-key-date
  • 18 ліпеняМіжнародны дзень Нельсана Мандэлы

Інструкцыі

1. Дайце ўдзельнікам 5 хвілін, каб яны ўзгадалі тых нацыянальных гераінь і герояў (гістарычных або сучасных), якія выклікаюць у іх асаблівае захапленне.
2. Раздайце паперу і ручкі і папрасіце кожнага ўдзельніка начарціць два слупкі. У першым трэба запісаць (чырвонай ручкай) імёны трох-чатырох гераінь з кароткім апісаннем таго, хто яны такія і што зрабілі для сваёй краіны. Унізе ўдзельнікі павінны напісаць ключавыя словы, якія апісваюць характарыстыкі, якія ў іх асацыююцца з гераінямі ў цэлым.
3. Паўтарыце працэс (выкарыстоўваючы сінюю ручку) для трох-чатырох герояў. Запішыце гэту інфармацыю ў другі слупок.
4. Папрасіце ўдзельнікаў падзяліцца на малыя групы па 5–7 чалавек і расказаць адзін аднаму, каго яны выбралі сваімі гераінямі і героямі. Папрасіце групы выбраць чатырох самых дастойных гераінь і чатырох самых дастойных герояў.
5. Зараз пераходзьце да агульнага абмеркавання; запішыце прапанаваныя групамі спісы гераінь і герояў у два слупкі на фліпчарце. Унізе запішыце ключавыя словы, якія характарызуюць іх асабістыя якасці.
6. Абмяркуйце спісы асабістых якасцей і тое, як гераіні і героі становяцца прыкладамі для пераймання і ў якой ступені яны абумоўліваюць узнікненне гендарных стэрэатыпаў. Затым пераходзьце да аналізу.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з агляду практыкавання і спытайце ўдзельнікаў, што яны даведаліся пра герояў і гераінь. Затым пераходзьце да размовы пра стэрэатыпы ў цэлым і пра тое, як яны ўплываюць на ўяўленні і дзеянні людзей. Задайце ўдзельнікам наступныя пытанні:
• Што за людзі гэтыя гераіні і героі? (Звычайныя мужчыны і жанчыны? Каралі?) Што яны рабілі? (Змагаліся? Пісалі вершы?) Як удзельнікі даведаліся пра іх?
• У чым падабенства і ў чым адрозненні паміж двума спісамі адметных якасцей?
• Якія каштоўнасці адстойваюць гераіні і героі? Ці агульныя гэтыя каштоўнасці і для герояў, і для гераінь або паміж імі ёсць адрозненні?
• Што людзі разумеюць пад словам «стэрэатып»? Наколькі стэрэатыпы адпавядаюць рэчаіснасці? Ці заўсёды стэрэатыпы негатыўныя?
• Ці ёсць у вас асабіста і ў вашым грамадстве ў цэлым агульныя стэрэатыпы і ўяўленні пра мужчын і жанчын?
• Ці адчуваюць удзельнікі сябе звязанымі гэтымі чаканнямі? Якім чынам?
• Ці ўключае спіс асабістых якасцей, складзены ў ходзе практыкавання, рысы, якія некаторыя людзі ўспрымаюць як нацыянальныя асаблівасці?
• У якой меры сацыяльныя і культурныя бар'еры з'яўляюцца вынікам стэрэатыпнага мыслення?
• Якім чынам гендарныя стэрэатыпы пазбаўляюць людзей іх правоў?
• Якія дакументы і артыкулы ў галіне правоў чалавека абараняюць людзей ад дыскрымінацыі па гендарнай прыкмеце?
• Стэрэатыпныя чаканні часта становяцца перашкодай як для мужчын, так і для жанчын, абмяжоўваючы іх магчымасці і варыянты жыццёвага выбару. З якімі гендарнымі бар'ерамі сутыкаліся ўдзельнікі на ўласным вопыце? Дзе – дома, у школе, у клубе, на працы?
• Што ўдзельнікі могуць зрабіць для ліквідацыі гэтых бар'ераў? Ці могуць яны намеціць стратэгію, якая дазволіць адысці ад культурных нормаў і каштоўнасцей, звязаных з мужнасцю і жаноцкасцю?

 

Прыклад вынікаў, атрыманых у ходзе працы над пунктам 2 адной з груп ва Украіне
Гераіні
Княгіня Вольга – першая хрысціянка ў Кіеўскай Русі. Князь Уладзімір – хрысціцель Кіеўскай Русі (старая назва Украіны).
Маладая жанчына Раксалана была захоплена ў палон туркамі. Яна жыла ў гарэме хана і, карыстаючыся сваім становішчам, аказвала ўплыў на палітыку. Гетман Мазепа – змагар за незалежнасць.
Паэтэса Леся Украінка пісала аб украінскім нацыянальным характары і эмансіпацыі жанчын. Паэт Шаўчэнка ўслаўляў свабоду.
• моцная, хітрая, мяккая, жаноцкая, уплывовая, прыгожая • моцны, магутны, адважны, храбры, нязломны, упарты

 

Парады для фасілітатараўGoto top

Словы «гераіня» і «герой» па-рознаму ўспрымаюцца ў розных супольнасцях. Памятайце пра гэта і паклапаціцеся пра тое, каб іх значэнне было вызначана правільна з самага пачатку. Магчыма, будзе карысным падкрэсліць, што гераіні і героі – гэта ўзоры для пераймання.

Падчас працы над пунктам 5 інструкцый вы павінны выслухаць усе меркаванні малых груп і запісаць іх на фліпчарце. Калі хто-небудзь з удзельнікаў прапануе такія паняцці як «жаноцкі» або «мужны», на гэтым этапе іх варта прыняць, але вярнуцца да іх падчас аналізу і абмеркаваць значэнні гэтых слоў.

У залежнасці ад мэтавай групы і кантэксту ўдзельнікам можа быць прасцей звязаць тэму з правамі чалавека, калі вы папросіце іх назваць гераінь і герояў барацьбы за правы чалавека (праваабаронцаў, актывістаў, людзей, якія, на іх думку, дамагліся пераўтварэнняў у сваёй краіне ці ў свеце). Затым можна абмеркаваць развіццё правоў чалавека, іх уплыў на мясцовае, рэгіянальнае і міжнароднае заканадаўства і розныя праблемы.

Гэта практыкаванне добра падыдзе для груп, якія адрозніваюцца культурнай разнастайнасцю, бо ў такіх групах культурны элемент становіцца больш прыкметным. Змяшайце групы і растлумачце ўдзельнікам, што гераіні і героі могуць быць з краіны іх пражывання або з краіны іх паходжання.

ВарыянтыGoto top

Працуючы з больш маладымі групамі, вы можаце захацець выбраць іншыя тыпы гераінь і герояў, напрыклад персанажаў коміксаў і фільмаў, зорак поп-культуры, кіно ці спорту. Занятак можна пачаць з чытання коміксаў, а затым правесці мазгавы штурм, каб вызначыць характэрныя рысы іх персанажаў. Як варыянт, вы можаце развесіць плакаты з зоркамі эстрады і спорту і папрасіць удзельнікаў прыдумаць ім рэплікі і напісаць на плакатах або што-небудзь туды дамаляваць. Калі вы пагадзіцеся прымаць любыя адказы на пытанне «хто вашы гераіні і героі?» без якіх-небудзь абмежаванняў, вы даведаецеся шмат цікавага і нечаканага, што дапаможа правесці плённую дыскусію. Так, удзельнікі могуць назваць сваіх бацькоў, Юрыя Гагарына, Hello Kitty, Нельсана Мандэлу або Бетховена!

Папрасіце кожнага з удзельнікаў выбраць дзве асобы, якіх яны паважаюць, не ўдакладняючы, што трэба выбраць адну жанчыну і аднаго мужчыну. Падчас аналізу папрасіце іх падлічыць, каго больш у спісах: мужчын ці жанчын. Спытайце ўдзельнікаў, ці мае гэта нейкае значэнне.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Калі група захоча пазнаёміцца з гераінямі і героямі барацьбы за правы чалавека, правядзіце практыкаванне «Змагары за правы».

Ідэі для дзеянняGoto top

Дайце асабістае абяцанне звяртаць больш увагі на выкарыстанне стэрэатыпаў у вашым паўсядзённым жыцці, асабліва тых, якія вядуць да прадузятасці як з боку іншых, так і (ненаўмысна!) з вашага боку.

Знайдзіце інфармацыю пра жанчын, якія ўнеслі ўклад у развіццё вашай краіны (ці свету, калі вы працуеце ў міжнароднай групе), але не атрымалі шырокую вядомасць. Арганізуйце выстаўку ў вашай школе або маладзёжным клубе. Можна таксама напісаць артыкул для мясцовай газеты або зняць кароткае відэа аб гэтых жанчынах і размясціць яго ў Інтэрнэце.
Арганізуйце свята, каб адзначыць Міжнародны жаночы дзень.

Падключыцеся да мясцовых, нацыянальных або міжнародных кампаній, звязаных з пытаннямі правоў жанчын, напрыклад з праблемамі роўнай платы за роўную працу, гандлю людзьмі ці роўнага доступу да адукацыі для дзяцей ва ўсім свеце.

Дадатковая інфармацыяGoto top

«Стэрэатып» – гэта занадта спрошчанае, абагульненае і часта неўсвядомленае меркаванне пра людзей або ідэі, якое можа прывесці да забабонаў і дыскрымінацыі. Гэта абагульненне, пры якім характэрныя рысы, уласцівыя нейкай частцы групы, распаўсюджваюцца на ўсю групу. Напрыклад, італьянцы любяць оперу, рускія любяць балет, маладыя людзі ў чорных скураных куртках на матацыклах – небяспечныя, а ўсе чарнаскурыя з Афрыкі. Прыпісванне мужчынам і жанчынам пэўных роляў ці чаканне ад іх пэўнага тыпу паводзін на падставе іх гендару называецца «гендарнай стэрэатыпізацыяй».'

Крыніца:
Праграма развіцця ААН (ПРААН). Гендар у праграме развіцця, навучальна-інфармацыйны пакет, асноўныя пункты праграмы і праекта прыцягнення грамадскай увагі да гендарных пытанняў. Студзень 2001 года

Словы «пол» і «гендар» могуць выклікаць блытаніну. «Пол» адносіцца да біялагічных адрозненняў паміж мужчынамі і жанчынамі, якія з'яўляюцца ўніверсальнымі і нязменнымі. Слова «гендар» апісвае сацыяльныя атрыбуты, якія чалавек набывае або засвойвае ў працэсе сацыялізацыі, будучы членам пэўнай супольнасці.
Такім чынам, гендар адносіцца да сацыяльна абумоўленых атрыбутаў, роляў, дзеянняў, абавязкаў і патрэб, звязаных з прадстаўленнем пра мужчыну (мужны) і жанчыну (жаноцкая) у пэўным грамадстве і ў пэўны час, а таксама пра члена нейкай супольнасці ўнутры гэтага грамадства.