Што такое актывізм?

Слову «актывізм» толькі каля 100 гадоў, па меншай меры ў яго цяперашнім выкарыстанні, і паходзіць яно ад дзеяслоўнага словазлучэння быць актыўным. Актывіст гэта той, хто прымае актыўны ўдзел у кампаніях за якія-небудзь пераўтварэнні і змены, як правіла, у палітычнай або сацыяльнай сферы. Актывізм – гэта тое, што робяць актывісты, гэта значыць метады, якія яны выкарыстоўваюць для таго, каб дамагчыся перамен.

Змагары за мір і права на пратэст

Два актывісты, якія выступаюць за мір, арганізавалі публічнае чытанне імёнаў каля ўваходу ў дом на Даўнінг-стрыт, дзе жыве брытанскі прэм'ер-міністр. Адна з іх, Мая Эванс (23 гады), чытала імёны кожнага забітага брытанскага салдата, у той час як яе сябар чытаў доўгі спіс іракцаў, пра якіх было вядома, што яны загінулі падчас вайны ў Іраку. Маю арыштавалі, бо яна загадзя не паведаміла паліцыі аб падрыхтоўцы пратэсту. Падзея была асветлена ў брытанскіх СМІ і выклікала дыскусію пра свабоду слова і права на пратэст. У выніку гэтага, а таксама многіх іншых падобных выступленняў урад пагадзіўся перагледзець закон, які забараняе праводзіць пратэсты ў цэнтры Лондана без папярэдняга ўзгаднення з паліцыяй.

«Я не хацела, каб мяне арыштавалі, ды я і не думала, што раблю нешта дрэннае, калі ў дажджлівую раніцу аўторка мы з калегам чыталі імёны загінуўшых у вайне. Я не думаю, што гэта крымінальнае злачынства, і не лічу, што мяне трэба было за гэта арыштоўваць». Мая Эванс

Актывізм у дачыненні да правоў чалавека азначае абарону правоў чалавека, дзе б і на якім бы ўзроўні яны ні падвяргаліся пагрозе або ні парушаліся. Актывізм у абарону правоў чалавека, такім чынам, складаецца ў тым, каб рэагаваць на несправядлівасць, жорсткае абыходжанне, гвалт ці дыскрымінацыю і спрабаваць выправіць становішча. Актывізм азначае гатоўнасць аказваць дапамогу і паказваць салідарнасць з барацьбой іншых людзей, якія адстойваюць паважлівае і годнае да сябе стаўленне і спрыяюць пераходу да больш гуманнага, эгалітарнага грамадства, у якім правы будуць належным чынам паважацца. Каб дзейнічаць эфектыўна, актывістам трэба валодаць настойлівасцю, творчым падыходам, мэтанакіраванасцю, нярэдка мужнасцю, але, перш за ўсё, верай у чалавека і правы чалавека. Яны лічаць, што свет, у якім людзі паважаюць правы чалавека, магчымы, і хочуць, каб ён быў створаны.

Пытанне: Ці так моцна актывісты адрозніваюцца ад "нармальных" людзей? Якія якасці актывіста вы можаце вылучыць у сабе?

Актывізм, несумненна, патрабуе прыхільнасці справе або ідэалу і выцякае з яе, і, як правіла, гэта прыхільнасць павінна быць пастаяннай і доўгатэрміновай. Напрыклад:

Зразумець, што правільна, і не рабіць гэтага ёсць адсутнасць смеласці.
Канфуцый

  • Экалагічныя актывісты выйграюць адну бітву за спыненне будаўніцтва вугальнай электрастанцыі і адразу ж пачынаюць яшчэ адну кампанію супраць пашырэння ўзлётна-пасадачнай паласы.
  • Актывісты, якія выступаюць за мір, вось ужо 30 гадоў вядуць барацьбу за распрацоўку міжнароднай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін.
  • Мясцовыя актывісты, якія змагаюцца супраць закрыцця бальніцы або спартыўнай залы, імкнуцца дзейнічаць з розных бакоў, і, пацярпеўшы няўдачу на адным кірунку, падыходзяць да справы з іншага боку.

Будзь сам той зменай, якую ты б хацеў бачыць у свеце.
Гандзі

Хоць мы лічым, што кожны чалавек з'яўляецца «міні-актывістам», які ўступае на працягу свайго жыцця ў барацьбу за тыя ці іншыя справы, у дадзеным дапаможніку мы, як правіла, гаворым не пра актывізм, а хутчэй пра «практычныя дзеянні». Актывісты – у больш традыцыйным разуменні – таксама «бяруцца за справу» і займаюцца «практычнай дзейнасцю», але робяць гэта пастаянна, выкарыстоўваючы шмат розных метадаў, і яны не спыняцца, пакуль іх дзеянні не акажуць уплыў на справу, якую яны імкнуцца вырашыць. Маладыя людзі, з якімі вы працуеце, хутчэй за ўсё, не будуць пастаяннымі ўдзельнікамі якой-небудзь кампаніі, часам аб'ядноўваючыся з іншымі актывістамі, а часам выступаючы ў адзіночку па праблеме, якую яны лічаць на дадзены момант больш важнай.

Пытанне: Ці зможаце вы назваць "справы", за якія вы браліся і якія адстойвалі? Ці можа адукацыя ў галіне правоў чалавека стаць для вас такой "справай"?

Што такое «практычныя дзеянні»?

Калі мы гаворым пра групу, якая бярэцца за справу і займаецца практычнай дзейнасцю, мы маем на ўвазе нешта большае, чым «фармальныя» практыкаванні, падобныя практыкаванням у главе 2, паколькі яна ахоплівае больш шырокае кола людзей, чым сама група. Практычныя дзеянні, як частка адукацыі ў галіне правоў чалавека, маюць на мэце дасягненне выніку, які каштоўны не толькі для самога навучання, але і для жыцця за межамі адукацыйнай сферы. Напрыклад:

  • Наведванне ўдзельнікамі навучання мясцовага прытулку для бяздомных або цэнтра дапамогі бежанцам можа дапамагчы пераадолець бар'еры або забабоны і падбадзёрыць тых, каго наведалі маладыя людзі.
  • Ліст у прэсу ад маладых людзей, якія крытыкуюць расісцкае або неталерантнае стаўленне, можа прыцягнуць увагу сродкаў масавай інфармацыі да іх поглядаў і заахвоціць журналістаў перагледзець іх уласныя прадузятыя думкі.
  • Мясцовая фотавыстаўка з канкрэтнымі прыкладамі забруджвання асяроддзя ў вашым раёне дапаможа наведвальнікам адкрыць вочы на гэту праблему і, магчыма, пачаць рух, каб ёю заняцца.

Тэатр з'яўляецца адной з формаў ведаў, ён павінен і можа таксама служыць сродкам пераўтварэння грамадства. Тэатр можа дапамагчы нам будаваць нашу будучыню, а не проста чакаць яе.
Аўгуста Баал

Кожная такая акцыя нацэлена на канкрэтны вынік і аказвае ўплыў за межамі групы і вучэбнай аўдыторыі, але яна таксама пашырае магчымасці маладых людзей і натхняе іх. Практычная дзейнасць можа падаць жыццёвы ўрок: раскрыць значэнне правоў чалавека і зрабіць іх чымсьці пазітыўным. Бачыць, што вашы дзеянні могуць пайсці на карысць іншым і, у тым ліку, вам самім, – гэта важны ўрок, магутны стымул і наглядны прыклад таго, што становішча спраў можа мяняцца, калі мы самі ўдзельнічаем у яго змене.

Пытанне: Калі вы працавалі ў групе, якая праводзіла акцыю, якія асноўныя вынікі былі дасягнуты з пункту гледжання ўздзеяння самога мерапрыемстваі з пункту гледжання навучання?

 

 Адукацыя ў галіне правоў чалавека, практычныя дзеянні і актывізм: у чым адрозненне?

        • Практыкаванні ў главе 2 пабудаваны так, каб вучэбная праца была сканцэнтравана, галоўным чынам, на групе: яе мэта – навучанне кожнага ўдзельніка.
        • Практычныя дзеянні за межамі навучальнага працэсу маюць адукацыйнае значэнне для групы, але яна таксама накіравана і на канкрэтныя праблемы знешняга свету.
        • Для актывістаў – як прафесійных, так і тых, хто дзейнічае ў вольны ад асноўнай працы час – адзінай рэальнай мэтай з'яўляецца дасягненне выніку і ўздзеянне на знешні свет. Актывісты будуць працягваць працаваць і праводзіць кампаніі да таго часу, пакуль іх мэта не будзе дасягнута.

«Дзеці, якія растуць» (Putos quе a ta cria)

Група маладых людзей афрыканскага паходжання, якія жывуць на ўскраіне Лісабона, абрала музыку, каб выказаць пачуццё сацыяльнага адчужэння і навучыць іншых паважаць культурную разнастайнасць. Як тлумачаць на сваім сайце члены групы, імігранты другога пакалення часта адчуваюць сябе «выключанымі з супольнасці ў краіне, у якой яны нарадзіліся і жывуць, і выключанымі з супольнасці ў краінах, дзе нарадзіліся і жылі іх бацькі. Адным са спосабаў выказаць гэту дылему і бязвыхаднасць, якую яна параджае, заўсёды была музыка».

Такім чынам, маладыя артысты вырашылі выкарыстаць рэп і іншую музыку як форму сацыяльнай адукацыі, здольнай зацікаўліваць маладых людзей і садзейнічаць сацыяльнаму яднанню. Для гэтага яны выкарыстоўвалі рытм і паэзію і спрыялі таму, каб і іншыя рэперы сталі выкарыстоўваць музыку як сродак сацыяльнага пераўтварэння. Пасля правядзення некалькіх падрыхтоўчых курсаў і пры падтрымцы Маладзёжнай праграмы Еўрапейскага саюза група «Putos qui a ta cria» запісала два кампакт-дыска і DVD, прыняла ўдзел у розных грамадскіх мерапрыемствах, арганізавала маладзёжны фестываль па правах чалавека і натхніла іншых рэпераў. «Хіп-хоп – гэта весела, але і дзейсна».
http://www.myspace.com/putosquiatacria

«Мэта» актывізму і адукацыі ў галіне правоў чалавека

Image: The “target” in HRE and in activism

Калі група можа заняцца практычнай дзейнасцю?

Грамадзянскі актывізм – гэта тое, што падштурхоўвае вас рабіць маленькія справы кожны дзень. У нейкі момант вы разумееце, што змяненне гэтага свету становіцца сэнсам вашага жыцця. Часам вы думаеце, што вы можаце зрабіць многае, каб працягнуць руку дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу. Вы становіцеся свабодным і бачыце свет новымі вачыма.
Іван Кандраценка, галоўны рэдактар расійскай студэнцкай газеты «Пераход».

Кароткі адказ – «у любы час». Акцыі на месцах, падобныя апісаным у раздзеле 2 гэтай главы, у большасці выпадкаў могуць праводзіцца да або пасля навучальнага практыкавання ў клубе ці класе. Перавага правядзення акцыі пасля практыкавання ў тым, што група глыбей зразумее праблемы і зможа больш творча падыходзіць да выбару аптымальнай формы акцыі. Перавага правядзення акцыі да выканання практыкаванняў – у тым, што група, уразумеўшы важнасць праблемы, будзе больш свядома ўдзельнічаць у навучальным практыкаванні.

Адукатары, якія рэгулярна займаюцца адукацыяй у галіне правоў чалавека, часта пераходзяць ад адной мадэлі да іншай у залежнасці ад канкрэтнай тэмы, узроўню зацікаўленасці або дасведчанасці групы і ад іх уласных адносін з гэтай групай. Мы паспрабавалі звязаць многія акцыі, прапанаваныя ў гэтай главе, з асобнымі практыкаваннямі, пра якія гаворка ішла ў главе 2. Назвы гэтых практыкаванняў прыводзяцца на палях, і многія акцыі дапаўняюць «Ідэі для дзеянняў», якія прыводзяцца ў заключнай частцы адпаведных практыкаванняў. Амаль усе ідэі для дзеянняў можна выкарыстоўваць у якасці ўводзін, перад практыкаваннямі ці пасля іх, як спосаб паказаць практычнае значэнне ўжо вывучаных праблем.