Introducing human rights education
«Каб кожны чалавек і кожны орган грамадства ... iмкнуўся шляхам асветы і адукацыі садзейнічаць рэалізацыі гэтых правоў і свабод».
Прэамбула да Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, 1948 г.
«Навучанне і адукацыя з мэтай фарміравання павагі да гэтых правоў і свабод» з'яўляецца асновай адукацыі ў галіне правоў чалавека. Аднак, перш чым разбірацца з тым, што сабой уяўляе адукацыя ў галіне правоў чалавека і як яна адбываецца на практыцы, неабходна ўдакладніць, што такое «гэтыя правы і свабоды», якіх яна тычыцца. Таму мы пачынаем з кароткіх уводзінаў у правы чалавека.
Што такое правы чалавека?
На працягу гісторыі кожнае грамадства распрацоўвала сістэмы для забеспячэння сацыяльнай згуртаванасці шляхам кадыфікацыі правоў і абавязкаў грамадзян. Нарэшце, у 1948 годзе міжнародная супольнасць дамовілася аб кодэксе правоў, які будзе абавязковым для ўсіх дзяржаў; такім кодэксам стала Ўсеагульная дэкларацыя правоў чалавека (УДПЧ). З 1948 года былі ўзгоднены і прыняты і іншыя дакументы аб правах чалавека, напрыклад Еўрапейская канвенцыя аб правах чалавека 1950 года і Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці (КПД) 1990 года.
Правы чалавека адлюстроўваюць асноўныя патрэбы чалавека; яны вызначаюць базавыя стандарты, без якіх людзі не могуць жыць годна. Правы чалавека тычацца роўнасці, чалавечай годнасці, павагі, свабоды і справядлівасці. Прыклады правоў уключаюць у сябе свабоду ад дыскрымінацыі, права на жыццё, свабоду слова, права ўступаць у шлюб і ставараць сям’ю, а таксама права на адукацыю. (Кароткае апісанне і поўны тэкст УДПЧ прыводзяцца ў дадатках).
Правы чалавека належаць усім людзям у аднолькавай ступені, усюды і ў любы час. Правы чалавека з'яўляюцца ўніверсальнымі, а гэта значыць аднолькавымі для ўсіх людзей ва ўсіх краінах. Яны з'яўляюцца неад'емнымі, непадзельнымі і ўзаемазалежнымі, гэта значыць, ніколі не могуць быць адабранымі; усе правы аднолькава важныя і дапаўняюць адно аднаго, напрыклад права ўдзельнічаць у кіраванні і ў свабодных выбарах залежыць ад свабоды слова.
Як людзі могуць карыстацца правамі чалавека і абараняць іх, калі яны ніколі гэтаму не вучыліся? Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (УДПЧ) прызнае гэта ў сваёй прэамбуле, а ў артыкуле 26 дае кожнаму права на адукацыю, якая павінна «ўмацоўваць павагу да правоў чалавека і асноўных свабод». Мэтай адукацыі ў галіне правоў чалавека з'яўляецца стварэнне свету з культурай правоў чалавека. Гэта такая культура, у якой паважаюцца правы ўсіх людзей і правы самі па сабе; культура, у якой людзі разумеюць свае правы і абавязкі, прызнаюць парушэнні правоў чалавека і прымаюць меры па абароне правоў іншых асоб. Гэта культура, дзе правы чалавека з'яўляюцца такой жа часткай жыцця людзей, як мова, звычаі, мастацтва і сувязь з месцам жыхарства.
Што такое адукацыя ў галіне правоў чалавека
З 1948 года была выкананая – і выконваецца сёння – вялікая і разнастайная работа ў інтарэсах адукацыі ў галіне правоў чалавека. Існуе шмат спосабаў ажыццяўлення адукацыі ў галіне правоў чалавека, таму што людзі бачаць свет па-рознаму, адукатары працуюць у розных сітуацыях, а розныя арганізацыі і дзяржаўныя ўстановы маюць розныя інтарэсы; такім чынам, прынцыпы застаюцца аднолькавымі, у той час як практыка можа адрознівацца. Каб атрымаць уяўленне аб разнастайнасці метадаў навучання і мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў гэтай сферы, дастаткова паглядзець на ролі і інтарэсы розных «асоб і інстытутаў грамадства» і зразумець, як яны расстаўляюць акцэнты і фарміруюць сферу сваіх інтарэсаў у адукацыі ў галіне правоў чалавека.
У 1993 годзе Сусветная канферэнцыя па правах чалавека прызнала адукацыю ў галіне правоў чалавека «важнай для прасоўвання і дасягнення стабільных і гарманічных адносін паміж супольнасцямі і для ўмацавання ўзаемаразумення, цярпімасці і міру». У 1994 годзе Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый абвясціла Дзесяцігоддзе ААН па адукацыі ў галіне правоў чалавека (1995–2004 гг.) і настойліва заклікала ўсе дзяржавы – удзельніцы ААН садзейнічаць «навучанню, распаўсюджванню і інфармаванню, накіраваным на будаўніцтва ўсеагульнай культуры правоў чалавека». У выніку ўрады сталі прыкладаць значныя намаганні, каб прасоўваць адукацыю ў галіне правоў чалавека, галоўным чынам, у рамках дзяржаўных адукацыйных праграм. Урады надаюць вялікае значэнне міжнародным адносінам, падтрыманню правапарадку і агульнага функцыянавання грамадства, таму яны больш схільныя разглядаць адукацыю ў галіне правоў чалавека як сродак умацавання міру, дэмакратыі і сацыяльнага парадку.
Адукацыйныя праграмы і мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне роўнасці чалавечай годнасці
Мэтай Савета Еўропы з'яўляецца стварэнне агульнай дэмакратычна-прававой прасторы на ўсім еўрапейскім кантыненце з павагай да яго асноўных каштоўнасцей: правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону. Такі акцэнт на каштоўнасцях адлюстроўваецца ва ўсіх вызначэннях адукацыі ў галіне правоў чалавека. Напрыклад, спасылаючыся на свае абавязацельствы па забеспячэнні актыўнага ўдзелу моладзі ў працэсе прыняцця рашэнняў і дзейнасці на мясцовым і рэгіянальным узроўнях, Маладзёжная праграма Савета Еўропы па адукацыі ў галіне правоў чалавека вызначае адукацыю ў галіне правоў чалавека як «...адукацыйныя праграмы і мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне роўнасці ў чалавечай годнасці1, у спалучэнні з іншымі праграмамі, напрыклад тымі, якія заахвочваюць міжкультурнае навучанне, удзел і пашырэнне правоў і магчымасцей меншасцей».
Хартыя Савета Еўропы аб выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека (2010 г.)2 вызначае адукацыю ў галіне правоў чалавека як адукацыю, навучанне, павышэнне дасведчанасці, інфармаванне, выкарыстанне метадаў і практыкаванняў, якія накіраваны на забеспячэнне навучэнцаў ведамі, навыкамі і разуменнем, развіццё іх пазіцый і паводзін для пашырэння іх магчымасцей зрабіць свій унёсак у пабудову і абарону ўсеагульнай культуры правоў чалавека ў грамадстве з мэтай заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод.
Існуюць і іншыя азначэнні адукацыі ў галіне правоў чалавека, такія як дае Amnesty International:
Адукацыя ў галіне правоў чалавека прадстаўляе сабой працэс, з дапамогай якога людзі даведваюцца пра свае правы і правы іншых людзей падчас сумеснага і інтэрактыўнага навучання.
Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіянальны рэсурсны цэнтр па адукацыі ў галіне правоў чалавека асабліва вылучае ўзаемасувязь паміж правамі чалавека і жыццём людзей, якія займаюцца адукацыяй у галіне правоў чалавека:
Адукацыя ў галіне правоў чалавека ўяўляе сабой сумесны працэс, які складаецца са спецыяльна распрацаваных набораў вучэбнай дзейнасці, заснаванай на выкарыстанні ведаў, каштоўнасцей і навыкаў у галіне правоў чалавека, якія накіраваны на шырокую грамадскасць і дапамагаюць ёй зразумець свой вопыт і ўзяць кантроль над сваім жыццём.
Сусветная праграма Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па адукацыі ў галіне правоў чалавека вызначае такую адукацыю як:
Адукацыю, навучанне і інфармаванне, накіраваныя на пабудову ўсеагульнай культуры правоў чалавека. Усебаковая адукацыя ў галіне правоў чалавека не толькі забяспечвае веды аб правах чалавека і механізмах іх абароны, але і дапамагае развіць навыкі, неабходныя для прасоўвання, абароны і ўжывання правоў чалавека ў штодзённым жыцці. Адукацыя ў галіне правоў чалавека спрыяе фарміраванню пазіцый і паводзін, неабходных для абароны правоў чалавека ўсімі членамі грамадства.
Культура, дзе правы чалавека вывучаюць, жывуць у адпаведнасці з імі і «дзейнічаюць» для іх.
Народны рух за навучанне ў галіне правоў чалавека аддае перавагу тэрміну «навучанне» перад тэрмінам «адукацыя» ў галіне правоў чалавека, а таксама надае асаблівую ўвагу правам чалавека як ладу жыцця. Акцэнт на навучанні, а не на адукацыі таксама закліканы падкрэсліць індывідуальны характар працэсу азнаямлення з правамі чалавека і іх прымянення ў паўсядзённым жыцці чалавека.
Паняцце «іншыя інстытуты грамадства» ўключае ў сябе НГА і мясцовыя ініцыятывы, якія дзейнічаюць у сферах падтрымкі ўразлівых груп насельніцтва, абароны навакольнага асяроддзя, маніторынгу дзейнасці ўрадаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама прасоўвання сацыяльных змен. Кожная НГА ўносіць у адукацыю ў галіне правоў чалавека сваё ўласнае бачанне. Так, напрыклад, Amnesty International лічыць, што «адукацыя ў галіне правоў чалавека мае фундаментальнае значэнне для ліквідацыі асноўных прычын парушэнняў правоў чалавека, прадухілення парушэнняў правоў чалавека, барацьбы з дыскрымінацыяй, заахвочвання роўнасці і пашырэння ўдзелу людзей у дэмакратычных працэсах прыняцця рашэнняў».3
Адукацыя ў галіне правоў чалавека павінна інфармаваць грамадства аб праблемах гендара і ўлічваць міжкультурнае навучанне.
На форуме па адукацыі ў галіне правоў чалавека для моладзі і з яе ўдзелам «Жыць, вучыцца і змагацца за правы чалавека», які адбыўся ў Будапешце ў кастрычніку 2009 года, становішча маладых людзей у Еўропе было ахарактарызавана як «няўстойлівае і нестабільнае, якое для многіх азначае сур'ёзны падрыў роўнасці магчымасцей іграць значную ролю ў грамадстве […] правы чалавека, асабліва сацыяльныя правы і свабода ад дыскрымінацыі, гучаць як пустыя словы, калі не ілжывыя абяцанні. Існуючыя выпадкі дыскрымінацыі і сацыяльнай ізаляцыі нельга прыняць і цярпець». Такім чынам, удзельнікі форуму, азадачаныя праблемамі роўнасці магчымасцей і дыскрымінацыі, пагадзіліся, што «адукацыя ў галіне правоў чалавека павінна сістэматычна інфармаваць грамадства аб праблемах гендара і гендарнай роўнасці. Акрамя таго, яна павінна ўключаць міжкультурнае навучанне; [...] Мы чакаем ад Савета Еўропы, [...] што ў сваіх праграмах адукацыі ў галіне правоў чалавека ён будзе ставіць на першае месца праблемы меншасцей, у тым ліку пытанні дыскрымінацыі па прыкмеце гендарнай і этнічнай прыналежнасці, рэлігійных поглядаў або перакананняў, здольнасцей і сексуальнай арыентацыі».
Урады і НГА схільны разглядаць адукацыю ў галіне правоў чалавека з пункту гледжання вынікаў у выглядзе пажаданых правоў і свабод, у той час як педагагічны персанал, як правіла, сканцэнтраваны на каштоўнасцях, прынцыпах і маральным выбары. Бэці Рырдан у публікацыі «Выхаванне чалавечай годнасці», 1995 г., сцвярджае, што «адукацыя ў галіне правоў чалавека была задумана як сацыяльнае навучанне, заснаванае на прынцыпах і стандартах, [...] якія дапамогуць развіць уменне рабіць маральны выбар, займаць прынцыповыя пазіцыі па розных пытаннях; іншымі словамі, развіць маральную і інтэлектуальную цэласнасць».4
Трэнеры, фасілітатары, выкладчыкі і іншыя эксперты ў адукацыі ў галіне правоў чалавека, якія працуюць непасрэдна з маладымі людзьмі, схільныя думаць у кантэксце кампетэнцый і метадалогіі.
Адукацыя ў галіне правоў чалавека прадугледжвае навучанне гэтым правам
Зразумела, што розныя арганізацыі, правайдары адукацыйных паслуг і спецыялісты, якія працуюць у сферы адукацыі ў галіне правоў чалавека, выкарыстоўваюць розныя вызначэнні ў адпаведнасці са сваёй філасофіяй, мэтамі, мэтавымі групамі або прыналежнасцю да тых ці іншых супольнасцей. Тым не менш існуе відавочны кансэнсус наконт таго, што адукацыя ў галіне правоў чалавека ўключае ў сябе тры аспекты:
- Навучанне аб правах чалавека, пра тое, што яны сабой уяўляюць, як гарантуюцца або абараняюцца;
- Навучанне праз правы чалавека, прызнанне таго, што кантэкст і спосаб арганізацыі і ажыццяўлення адукацыі ў галіне правоў чалавека павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з каштоўнасцямі ў гэтай сферы (напрыклад, удзел, свабода думкі і выказвання меркавання і г. д.) і таго, што ў адукацыі ў галіне правоў чалавека працэс навучання не менш важны, чым яго змест;
- Навучанне для правоў чалавека шляхам развіцця ў навучэнцаў навыкаў, пазіцый і каштоўнасцей, якія б дазвалялі ім прымяняць каштоўнасці правоў чалавека ў сваім жыцці і самастойна або сумесна з іншымі прымаць меры для прасоўвання і абароны правоў чалавека.
З іншага боку, калі задумацца пра тое, як ажыццяўляць адукацыю ў галіне правоў чалавека, як дапамагаць людзям атрымліваць неабходныя веды, уменні і погляды, якія дазволяць ім выканаць сваю ролю ў фарміраванні культуры правоў чалавека, то мы ўбачым, што нельга проста «выкладаць» правы чалавека, бо іх трэба засвойваць праз вопыт. Такім чынам, адукацыя ў галіне правоў чалавека павінна ажыццяўляцца праз паглыбленне ў правы чалавека на практыцы. Гэта азначае, што тое, як і дзе адбываецца адукацыя ў галіне правоў чалавека, павінна адлюстроўваць каштоўнасці правоў чалавека (навучанне ў галіне правоў чалавека); кантэкст і дзейнасць павінны быць такімі, каб годнасць і роўнасць былі неад'емнымі часткамі такога навучання.
У гэтым дапаможніку мы асабліва імкнуліся паказаць, што, якімі б цікавымі ці займальнымі ні здаваліся метады і практыкаванні, менавіта спасылкі на правы чалавека робяць навучанне аб правах чалавека вартым даверу. У ім таксама прыводзяцца розныя прапановы наконт навучання праз практычныя дзеянні.
Адукацыя ў галіне правоў чалавека – фундаментальнае права чалавека
Адукацыя павiнна быць накiравана на поўнае развiццё чалавечай асобы i на павелiчэнне павагi да правоў чалавека.
Артыкул 26 УДПЧ
Правы чалавека маюць важнае значэнне таму, што ні адзін чалавек не можа выжыць у адзіночку, а несправядлівасці пагаршаюць якасць жыцця на індывідуальным, мясцовым і глабальным узроўнях. Тое, што мы робім у Еўропе, аказвае ўплыў на тое, што адбываецца ў іншых частках свету. Напрыклад, адзенне, якое мы носім, можа быць зроблена з выкарыстаннем дзіцячай працы ў Азіі, у той час як спадчына еўрапейскай каланіяльнай гісторыі спрыяе палітычнай і рэлігійнай нестабільнасці ў Іраку, Самалі і Афганістане, у выніку чаго адчайныя шукальнікі прытулку грукаюцца ў нашыя дзверы. Такім жа чынам мільёны людзей у Афрыцы і Азіі вымушаныя пакідаць свае дамы з-за наступстваў змен клімату, якія ў значнай ступені выкліканы дзейнасцю прамыслова развітых краін. Але правы чалавека важныя не толькі таму, што іх парушэнні ў іншых частках свету аказваюць пэўны ўплыў на наша жыццё; клопат пра іншых з'яўляецца фундаментальным маральным абавязкам, які прысутнічае ва ўсіх культурах і рэлігіях. Парушэнні правоў чалавека маюць месца ўсюды – не толькі ў іншых краінах, але і ў нас, таму адукацыя ў галіне правоў чалавека мае такое важнае значэнне. Толькі маючы поўнае разуменне правоў чалавека і павагу да іх, мы можам спадзявацца на фарміраванне культуры, у якой такія правы паважаюць, а не парушаюць. Менавіта таму права на адукацыю ў галіне правоў чалавека атрымлівае ўсё большае прызнанне ў якасці аднаго з правоў чалавека.
Адукацыя ў галіне правоў чалавека з'яўляецца не толькі маральным, але і замацаваным у міжнародных прававых дакументах правам. Артыкул 26 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвяшчае, што кожны чалавек мае права на адукацыю і што «адукацыя павiнна быць накiравана на поўнае развiццё чалавечай асобы i на павелiчэнне павагi да правоў чалавека i асноўных свабод. Адукацыя павiнна прасоўваць узаемаразуменне, цярпiмасць i сяброўства памiж народамi, расавымі і рэлігійнымі групамі і садзейнічаць намаганням Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па падтрыманні міру». З іншага боку, у артыкуле 28 Канвенцыі аб правах дзіцяці гаворыцца, што «школьная дысцыпліна павінна забяспечвацца метадамі, якія не абражаюць годнасць дзіцяці». Адукацыя павінна быць накіравана на развіццё асобы дзіцяці, яго талентаў і здольнасцей, выхаванне павагі да правоў чалавека і асноўных свабод, падрыхтоўку да адказнага жыцця ў свабодным грамадстве, развіццё разумення, талерантнасці і роўнасці, павагі да навакольнага асяроддзя».
Правы чалавека ўяўляюць сабой нешта большае, чым проста прыгожыя словы.
Адукацыя ў галіне правоў чалавека таксама з'яўляецца законным палітычным патрабаваннем. На форуме «Жыць, вучыцца і змагацца за правы чалавека» было прызнана, што «каштоўнасці, якімі кіруецца Савет Еўропы, з'яўляюцца ўніверсальнымі для ўсіх нас і накіраваны на забеспячэнне неад'емнай годнасці кожнага чалавека». Таксама ў пасланні форуму было нагадана, што правы чалавека ўяўляюць сабой нешта большае, чым проста прыгожыя словы: яны з'яўляюцца таксама маральнымі і палітычнымі патрабаваннямі, у роўнай ступені дастасавальнымі як да адносін паміж дзяржавай і насельніцтвам, так і да адносін паміж людзьмі і ўнутры краін.
Адукацыя ў галіне правоў чалавека ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый выконвае незаменную ролю ў адукацыі ў галіне правоў чалавека ў свеце. Сусветная канферэнцыя па правах чалавека, якая прайшла ў Вене ў 1993 годзе, зноў пацвердзіла важную ролю адукацыі ў галіне правоў чалавека, прафесійнай падрыхтоўкі і інфармавання грамадскасці ў прасоўванні правоў чалавека. У 1994 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла Дзесяцігоддзе адукацыі ў галіне правоў чалавека, якое ахоплівае перыяд з 1 студзеня 1995 года па 31 снежня 2004 года.
Сусветная праграма адукацыі ў галіне правоў чалавека была распрацавана ў 2004 годзе ў мэтах стымулявання развіцця культуры правоў чалавека.
Пасля аналізу яго вынікаў у 2004 годзе была распрацавана Сусветная праграма адукацыі ў галіне правоў чалавека. Першая фаза праграмы накіравана на адукацыю ў галіне правоў чалавека ў сістэмах пачатковай і сярэдняй школьнай адукацыі. Усе дзяржавы былі закліканы распрацаваць ініцыятывы ў рамках Сусветнай праграмы і яе Плана дзеянняў. Савет па правах чалавека прыняў рашэнне прысвяціць другі этап (2010–2014 гады) адукацыі ў галіне правоў чалавека ў вышэйшых навучальных установах і рэалізацыі навучальных праграм у галіне правоў чалавека сярод настаўнікаў і адукатараў, дзяржаўных служачых, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і вайскоўцаў на ўсіх узроўнях. Адпаведна, у верасні 2010 года быў прыняты План дзеянняў на другім этапе, падрыхтаваны Ўпраўленнем Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека. ААН таксама заклікала дзяржавы-ўдзельніцы працягваць адукацыю ў галіне правоў чалавека ў пачатковых і сярэдніх школах. Не абмежаваная часовымі рамкамі Сусветная праграма з'яўляецца асновай калектыўных дзеянняў і платформай для супрацоўніцтва паміж урадамі і ўсімі іншымі зацікаўленымі бакамі.
«Каб кожны чалавек і кожны орган грамадства iмкнуўся шляхам асветы і адукацыі садзейнічаць рэалізацыі гэтых правоў і свабод»
Прэамбула да Дэкларацыі ААН па адукацыі і падрыхтоўцы ў галіне правоў чалавека
У снежні 2011 года Генеральная Асамблея прыняла Дэкларацыю ААН па адукацыі і навучанню ў галіне правоў чалавека. Дэкларацыя лічыцца наватарскай, таму што гэта першы дакумент, прысвечаны непасрэдна адукацыі ў галіне правоў чалавека, які, такім чынам, з'яўляецца вельмі каштоўным інструментам для адстойвання інтарэсаў і павышэння дасведчанасці аб важнасці такой адукацыі. Дэкларацыя абвяшчае, што «кожны чалавек мае права ведаць, запытваць і атрымліваць інфармацыю аб усіх правах чалавека і асноўных свабодах і павінен мець доступ да адукацыі і падрыхтоўкі ў галіне правоў чалавека» і што «адукацыя і навучанне ў галіне правоў чалавека маюць важнейшае значэнне для прасоўвання ўсеагульнай павагі да ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх і іх выканання ў адпаведнасці з прынцыпамі ўсеагульнасці, непадзельнасці і ўзаемазалежнасці правоў чалавека». У дэкларацыі таксама змяшчаецца шырокае вызначэнне адукацыі і падрыхтоўкі ў галіне правоў чалавека, якое ахоплівае адукацыю пра правы, праз правы і для правоў чалавека.
Дэкларацыя ўскладае галоўную адказнасць «за заахвочванне і забеспячэнне адукацыі і навучання ў галіне правоў чалавека» (артыкул 7) на дзяржаву.
У сістэме ААН адукацыю ў галіне правоў чалавека каардынуе размешчанае ў Жэневе Ўпраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека, дзеючае пад эгідай Савета па правах чалавека.
Адукацыя ў галіне правоў чалавека ў Еўропе
Савет Еўропы
Адданасць правам чалавека таксама прадугледжвае адданасць адукацыі ў галіне правоў чалавека. Інвестыцыі ў навучанне правам чалавека забяспечваюць надзейную будучыню для кожнага; кароткатэрміновыя скарачэнні фінансавання адукацыі вядуць да доўгатэрміновых страт.
Пасланне ўдзельнікаў форуму «Жыць, вучыцца і змагацца за правы чалавека», 2009 г.
Для дзяржаў – членаў Савета Еўропы правы чалавека значаць нешта большае, чым проста сцвярджэнне; правы чалавека з'яўляюцца часткай іх прававой базы і, такім чынам, павінны быць неад'емнай часткай адукацыі моладзі. Еўрапейскія краіны зрабілі істотны ўнёсак у найбольш значны праваабарончы акт дваццатага стагоддзя – Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, якая была прынята Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 10 снежня 1948 года. Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека, якая была прынята праз два гады і мае юрыдычную сілу для ўсіх дзяржаў – членаў Савета Еўропы, узяла свае прынцыпы і ідэі з гэтага дакумента ААН. Узнікненне правоў чалавека, якімі мы ведаем іх сёння, шмат чым абавязана масавым парушэнням правоў чалавека падчас Другой сусветнай вайны ў Еўропе і за яе межамі.
У 1985 годзе Камітэт міністраў выдаў Рэкамендацыю R (85) 7 краінам – членам Савета Еўропы аб выкладанні і навучанні аб правах чалавека ў школах. У рэкамендацыі падкрэсліваецца, што ўсе маладыя людзі павінны вывучаць правы чалавека ў рамках іх падрыхтоўкі да жыцця ў плюралістычнай дэмакратыі.
Значэнне рэкамендацыі ўзрасло пасля Другога саміту Савета Еўропы (1997 г.), калі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў дзяржаў-членаў вырашылі «выступіць з ініцыятывай у вобласці выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці ў мэтах павышэння ўзроўню інфармаванасці грамадзян аб іх правах і абавязках у дэмакратычным грамадстве». Праект па выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці, які быў запушчаны ў адказ, сыграў важную ролю ў садзейнічанні і падтрымцы ўключэння выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека ў школьныя сістэмы.
Распрацоўка праграмы адукацыі моладзі ў галіне правоў чалавека, а таксама публікацыя і пераклады «Компаса» і, пазней, «Кампасіта» спрыялі далейшаму прызнанню адукацыі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, з дапамогай нефармальнай адукацыі і працы з моладдзю.
Дзяржавы-ўдзельніцы павінны «забяспечыць кожнаму чалавеку ў межах іх тэрыторыі доступ да выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека».
Хартыя Савета Еўропы аб выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека
У 2010 годзе Камітэт міністраў у рамках Рэкамендацыі CM/Rec (2010) 7 прыняў Хартыю Савета Еўропы аб выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека. Хартыя заклікае дзяржавы-ўдзельніцы ўключыць выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыю ў галіне правоў чалавека ў навучальныя праграмы ўстаноў фармальнай адукацыі дашкольнага, пачатковага і сярэдняга школьнага ўзроўняў і ў сістэму прафесійнай адукацыі і навучання. Хартыя таксама заклікае дзяржавы-ўдзельніцы «павысіць ролю няўрадавых грамадскіх арганізацый і маладзёжных арганізацый у выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і правам чалавека, асабліва ў сістэме нефармальнай адукацыі. Яны павінны прызнаць каштоўнасць такіх арганізацый і іх дзейнасці для сістэмы адукацыі, забяспечыць ім, дзе гэта магчыма, патрэбную падтрымку і ў поўнай меры выкарыстоўваць вопыт, якім яны могуць падзяліцца з установамі адукацыі любога тыпу».
Як гаворыцца ў Хартыі, «забеспячэнне доступу да выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека для кожнага па месцы яго жыхарства» павінна стаць мэтай дзяржаўнай палітыкі і заканадаўства, якія тычацца адукацыі ў галіне правоў чалавека. Дакумент устанаўлівае мэты і прынцыпы адукацыі ў галіне правоў чалавека і змяшчае рэкамендацыі па маніторынгу, ацэнцы і даследаванням. Хартыя суправаджаецца тлумачальнай запіскай, у якой прыводзіцца падрабязная інфармацыя і прыклады, якія раскрываюць яе змест, а таксама рэкамендацыі па яе практычным прымяненні.
Роля адукацыі ў галіне правоў чалавека ў адносінах да абароны і прасоўвання правоў чалавека ў Савеце Еўропы атрымала далейшае развіццё са стварэннем у 1999 годзе пасады Камісара па правах чалавека. У задачы Камісара ўваходзіць «развіццё адукацыі і павышэнне дасведчанасці пра правы чалавека», садзейнічанне дзяржавам – удзельніцам Савета Еўропы ва ўкараненні стандартаў правоў чалавека, у выяўленні магчымых недахопаў у заканадаўстве і практыцы, а таксама забеспячэнне кансультацый па пытаннях абароны правоў чалавека ў Еўропе.
Выконваючы свой мандат, Камісар надае асаблівую ўвагу адукацыі ў галіне правоў чалавека і лічыць, што правы чалавека могуць быць дасягнуты толькі тады, калі людзі інфармаваныя аб сваіх правах і ведаюць, як іх выкарыстоўваць. Адукацыя ў галіне правоў чалавека, такім чынам, мае цэнтральнае значэнне для эфектыўнага ўкаранення еўрапейскіх стандартаў. У шэрагу сваіх дакладаў ён заклікаў нацыянальныя ўлады ўмацоўваць сістэмы адукацыі ў галіне правоў чалавека. Школьнікі і моладзь, таксама як і выкладчыкі і ўрадавыя чыноўнікі, павінны быць адукаванымі, каб прасоўваць каштоўнасці талерантнасці і павагі да іншых. У адной з публікацый пад назвай «Адукацыя ў галіне правоў чалавека з'яўляецца адным з прыярытэтаў – патрабуюцца больш канкрэтныя дзеянні»5, ён заявіў, што «больш увагі надаецца падрыхтоўцы вучняў да рынку працы, а не развіццю навыкаў для жыцця, якія ўключалі б каштоўнасці правоў чалавека». Нельга забываць ні пра «правы чалавека праз адукацыю», ні пра «правы чалавека на адукацыю».
Такім чынам, прасоўванне права на адукацыю ў галіне правоў чалавека ў Савеце Еўропы носіць міжгаліновы і міждысцыплінарны характар.
Савет Еўропы падтрымлівае сувязь і каардынуе сваю працу па адукацыі ў галіне правоў чалавека з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, сярод якіх ЮНЕСКА, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, АБСЕ (Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе) і Агенцтва Еўрапейскага саюза па асноўных правах. Савет Еўропы таксама выступаў у якасці рэгіянальнага каардынатара Сусветнай праграмы ААН па адукацыі ў галіне правоў чалавека.
Еўрапейскі цэнтр Вергеланда
Еўрапейскі цэнтр Вергеланда з'яўляецца рэсурсным цэнтрам, які займаецца пытаннямі адукацыі ў вобласці правоў чалавека, міжкультурнага ўзаемаразумення і дэмакратычнай грамадзянскасці. Цэнтр быў створаны ў 2008 годзе як сумесны праект Нарвегіі і Савета Еўропы. Асноўнымі мэтавымі групамі з'яўляюцца спецыялісты ў галіне адукацыі, навуковыя супрацоўнікі, кіраўнікі і іншыя актывісты.
У дзейнасць Цэнтра Вергеланда ўваходзіць наступнае:
- падрыхтоўка настаўнікаў, выкладчыкаў для настаўнікаў і іншых адукатараў
- навукова-даследчая дзейнасць
- канферэнцыі і наладжванне сувязей, у тым ліку інтэрактыўная экспертная база даных
- электронная платформа для распаўсюджвання інфармацыі, навучальных матэрыялаў і перадавой практыкі.
Еўрапейскі саюз
Агенцтва Еўрапейскага саюза па асноўных правах было створана ў 2007 годзе ў якасці кансультатыўнага органа для гарантыі абароны асноўных правоў чалавека ў ЕС. Агенцтва, якое базіруецца ў Вене, Аўстрыя, з'яўляецца незалежным органам Еўрапейскага саюза, створаным для аказання дапамогі і распаўсюджвання спецыяльных ведаў у Еўрапейскім саюзе і яго дзяржавах-удзельніцах у працэсе ўжывання права ЕС да сітуацый, звязаных з асноўнымі правамі. Адной з задач Агенцтва з'яўляецца інфармаванне грамадскасці аб асноўных правах, у тым ліку правах чалавека, як яны вызначаны ў Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека і ў Хартыі Еўрапейскага саюза аб асноўных правах.
Маладзёжныя праграмы Еўрапейскага саюза на працягу многіх гадоў надаюць асаблівую ўвагу роўнасці, актыўнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека.
Многія маладзёжныя праекты, якія ажыццяўляюцца ў рамках праграм «Моладзь» і «Эразмус», заснаваны на нефармальным навучанні і даюць маладым людзям магчымасць азнаёміцца з каштоўнасцямі правоў чалавека і прыняць удзел у адукацыі ў галіне правоў чалавека.
Маладзёжная палітыка і адукацыя ў галіне правоў чалавека
Савет Еўропы мае даўнюю гісторыю далучэння маладых людзей да працэсаў еўрапейскага будаўніцтва, а таксама разглядае маладзёжную палітыку ў якасці неад'емнай часткі сваёй дзейнасці. Першыя мерапрыемствы для маладзёжных лідараў адбыліся ў 1967 годзе, а ўжо ў 1972 годзе былі заснаваны Еўрапейскі маладзёжны цэнтр і Еўрапейскі маладзёжны фонд. З таго часу адносіны паміж Саветам Еўропы і моладдзю развіваліся паслядоўна, прычым моладзь і маладзёжныя арганізацыі былі важнымі ўдзельнікамі і партнёрамі ўсіх ключавых момантаў як для арганізацыі, так і для Еўропы ў цэлым. Як у працэсах дэмакратызацыі былых камуністычных краін, так і пры будаўніцтве міру і пераадоленні канфліктаў у канфліктных рэгіёнах ці ў барацьбе з расізмам, антысемітызмам, ксенафобіяй і нецярпімасцю моладзь і яе арганізацыі заўсёды маглі разлічваць на Савет Еўропы, таксама як і Савет мог спадзявацца на моладзь. Мяккая і глыбокая бяспека на еўрапейскім кантыненце не можа існаваць без падтрымкі з боку адукацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратычнага ўдзелу.
Мэта маладзёжнай палітыкі вызначана Саветам Еўропы як «забеспячэнне моладзі – дзяўчат і юнакоў, маладых жанчын і мужчын – роўнымі магчымасцямі і ведамі, якія дазволяць ім пашырыць кругагляд, павысіць кваліфікацыю і развіць уменні, каб актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх аспектах жыцця грамадства»6.
Забеспячэнне моладзі роўнымі магчымасцямі і ведамі, якія дазволяць ім актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх аспектах жыцця грамадства.
Роля моладзі, маладзёжных арганізацый і маладзёжнай палітыкі ў прасоўванні права на адукацыю ў галіне правоў чалавека таксама выразна прапісана ў прыярытэтах маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы, сярод якіх значацца правы чалавека і дэмакратыя, якія рэалізуюцца з акцэнтам на:
- забеспячэнні маладых людзей магчымасцямі ў поўнай меры карыстацца правамі чалавека і валодаць чалавечай годнасцю і іх уключэнні ў працу ў гэтай сферы
- садзейнічанні актыўнаму ўдзелу моладзі ў дэмакратычных працэсах і структурах
- стварэнні роўных для ўсіх маладых людзей магчымасцей удзелу ва ўсіх аспектах паўсядзённага жыцця
- гарантыі гендарнай роўнасці і прадухіленні ўсіх форм гвалту па прычыне гендарнай прыналежнасці
- інфармаванні моладзі аб пытаннях навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця і стымуляванні актыўнай дзейнасці ў гэтых сферах
- спрашчэнні для ўсёй моладзі доступу да інфармацыі і кансультацыйных паслуг.
Маладзёжная палітыка Савета Еўропы цесна звязана з дзіцячай, паколькі дзіцячая і маладзёжная тэматыкі ў значнай ступені перакрываюць адна адну.
У 2000 годзе з нагоды 50-годдзя Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека Дырэктарат па справах моладзі і спорту пачаў рэалізацыю праграмы адукацыі моладзі ў галіне правоў чалавека, якая стала асноўным напрамкам работы Савета Еўропы з моладдзю і яго маладзёжнай палітыкі. Маладыя людзі і маладзёжныя арганізацыі выконвалі ў гэтай праграме галоўныя ролі адукатараў і актывістаў па абароне правоў чалавека і зрабілі значны ўнёсак у дзейнасць Савета Еўропы.
Яшчэ адным напрамкам развіцця праграмы стала публікацыя «Компаса» ў 2002 годзе і яго далейшы пераклад на больш за 30 моў. Праграма агульнаеўрапейскіх і нацыянальных курсаў па падрыхтоўцы выкладчыкаў і актывістаў спрыяла з'яўленню іх фармальных і нефармальных супольнасцей, якія дэманструюць адчувальныя вынікі, хоць яны і сур'ёзна адрозніваюцца ад краіны да краіны.
Поспех маладзёжнай праграмы адукацыі ў галіне правоў чалавека засноўваўся таксама на:
- Падтрымцы асноўных рэгіянальных і нацыянальных навучальных мерапрыемстваў для спецыялістаў па падрыхтоўцы настаўнікаў і працаўнікоў з моладдзю у дзяржавах-удзельніцах, якія былі арганізаваны ў супрацоўніцтве з нацыянальнымі арганізацыямі і ўстановамі
- Развіцці афіцыйных і нефармальных сетак арганізацый і адукатараў у галіне правоў чалавека на аснове падыходаў нефармальнага навучання на еўрапейскім і нацыянальным узроўнях
- Каардынацыі метадаў і падыходаў да адукацыі ў галіне правоў чалавека ў рамках агульнай праграмы дзейнасці маладзёжнага сектара Савета Еўропы
- Развіцці інавацыйных падыходаў да выкладання і навучання і стандартаў якасці адукацыі ў галіне правоў чалавека і нефармальнага навучання, такіх як укараненне электроннага навучання праз паглыблены трэнінг па адукацыі ў галіне правоў чалавека на аснове «Компаса»
- Забеспячэнні адукацыйнымі метадамі і рэсурсамі еўрапейскай маладзёжнай кампаніі «Усе розныя – усе роўныя» ў падтрымку разнастайнасці, правоў чалавека і ўдзелу
- Распаўсюджванні «жывой бібліятэкі» як метадалогіі міжкультурнага навучання для барацьбы са стэрэатыпамі і забабонамі
- Забеспячэнні палітычных і адукацыйных рамак для дзейнасці ў сферы міжкультурнага дыялогу
Тысячы маладых людзей ва ўсёй Еўропе падключыліся да праграмы ў рамках пілотных праектаў па адукацыі ў галіне правоў чалавека Еўрапейскага маладзёжнага фонду.
У 2009 годзе з нагоды 60-годдзя Савета Еўропы адбыўся маладзёжны форум па адукацыі ў галіне правоў чалавека «Жыць, вучыцца і змагацца за правы чалавека», які сабраў у Еўрапейскіх маладзёжных цэнтрах у Будапешце і Страсбургу больш за 250 удзельнікаў.
Яны звярнуліся да Камітэта міністраў Савета Еўропы з пасланнем, у якім падкрэсліваліся прынцыпы і патрэбы адукацыі ў галіне правоў чалавека ў Еўропе на аснове:
- забеспячэння адпаведнага ўзроўню распаўсюджвання і падтрымкі праз праекты і партнёраў на нацыянальным і мясцовым узроўнях, а таксама шляхам распрацоўкі аптымальнай камунікацыі паміж еўрапейскім, нацыянальным і мясцовым узроўнямі дзеянняў;
- падтрымкі супрацоўніцтва паміж удзельнікамі фармальнай і нефармальнай адукацыі і інстытутамі па правах чалавека ў мэтах распрацоўкі нацыянальных праграм адукацыі ў галіне правоў чалавека;
- развіцця патэнцыялу няўрадавых партнёраў пры забеспячэнні больш шырокага ўдзелу дзяржаўных маладзёжных партнёраў;
- падтрымкі транснацыянальнага супрацоўніцтва і сетак па адукацыі ў галіне правоў чалавека;
- больш глыбокага разумення канкрэтных пытанняў правоў чалавека, якія тычацца моладзі (сярод іх гвалт і адчужанасць);
- уключэння гендарнага і міжкультурнага вымярэння ў якасці неад'емных частак канцэпцыі роўнасці пры павазе да чалавечай годнасці;
- цеснай сувязі мерапрыемстваў па адукацыі ў галіне правоў чалавека з паўсядзённай рэальнасцю жыцця моладзі, працы з моладдзю, маладзёжнай палітыкі і нефармальнага навучання;
- уліку непазбежнага ўзаемадзеяння і ўзаемадапаўняльнага характару адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі і дзяцей;
- прызнання і прасоўвання адукацыі ў галіне правоў чалавека як права чалавека і інфармавання шырокіх колаў грамадства аб гэтым;
- прыняцця да ўвагі абароны свабоды і бяспекі актывістаў і адукатараў у галіне правоў чалавека;
- вылучэння на першы план праблем меншасцей, у тым ліку гендарных, этнічных, рэлігійных, звязаных з перакананнямі, інваліднасцю ці сексуальнай арыентацыяй;
- стымулявання актыўнага ўдзелу і ўключэння моладзі і дзяцей у працэсы адукацыі;
- павышэння інфармаванасці дзяржаў і дзяржаўных органаў аб іх адказнасці за прасоўванне і падтрымку адукацыі ў галіне правоў чалавека ў фармальнай і нефармальнай адукацыі.
Адукацыя ў галіне правоў чалавека і моладзь
Здаецца відавочным, што моладзь павінна быць зацікаўлена ў адукацыі ў галіне правоў чалавека, але рэальнасць сведчыць аб тым, што большасць маладых людзей у Еўропе маюць абмежаваны доступ да такой адукацыі. «Компас» быў створаны, каб змяніць такое становішча.
Навучанне маладых людзей правам чалавека выгадна не толькі грамадству, але і самім маладым людзям. У сучасным грамадстве моладзь усё часцей сутыкаецца з выпадкамі сацыяльнага адчужэння, рэлігійнымі, этнічнымі і нацыянальнымі адрозненнямі, а таксама з недахопамі – як і перавагамі – глабалізацыі. Адукацыя ў галіне правоў чалавека закранае гэтыя праблемы і можа дапамагчы людзям знайсці каштоўнае ў розных перакананнях, пазіцыях і поглядах, а таксама ў відавочных супярэчнасцях сённяшняга полікультурнага грамадства, у якім яны жывуць.
У спецыяльным дакладзе Еўрабарометра за сакавік 2008 года, які мае назву «Адносіны еўрапейскіх грамадзян да навакольнага асяроддзя», сцвярджаецца, што еўрапейцы надаюць вялікае значэнне экалогіі: 96 % заяўляюць, што яна для іх альбо вельмі, альбо даволі важная. У прыватнасці, маладыя людзі выказваюць гатоўнасць прысвяціць сваю энергію і энтузіязм вырашэнню экалагічных праблем. Адным з прыкладаў стаў марш, які адбыўся ў Капенгагене ў снежні 2009 года і сабраў 100 тысяч чалавек, якія заявілі аб неабходнасці прыняцця мер па барацьбе са зменай клімату. Мы, як адукатары, павінны выкарыстаць такую энергію найлепшым чынам. Тое, што моладзь возьме гэтыя ідэі на ўзбраенне, відаць ужо па многіх акцыях: ад праграм, якія маладыя людзі праводзяць у малых маштабах і на разавай аснове ў маладзёжных клубах і школах, да буйных міжнародных мерапрыемстваў, што арганізуюць Савет Еўропы і Еўрапейскі саюз.
Яшчэ адзін прыклад дзейнасці маладых людзей з Еўропы, якія атрымалі адукацыю ў галіне правоў чалавека, тычыцца падрыхтоўкі дакладаў па краінах для Групы па правах меншасцей. Гэтыя даклады, якія выкарыстоўваюцца ўрадамі, НГА, журналістамі і навукоўцамі, дазваляюць даведацца пра меркаванні такіх супольнасцей, даюць аналіз іх становішча, практычныя парады і рэкамендацыі адносна магчымых шляхоў далейшай працы. У гэтых адносінах адукацыю ў галіне правоў чалавека можна разглядаць як дадатак да працы Еўрапейскага суда па правах чалавека, якія разам даюць зразумець, што да парушэнняў нельга ставіцца памяркоўна. Тым не менш адукацыя ў галіне правоў чалавека прапаноўвае нешта большае: яна ўяўляе сабой перш за ўсё добры спосаб прадухілення парушэнняў і, адпаведна, павышэння эфектыўнасці механізмаў папярэджання і пакарання. Людзі, якія набылі каштоўнасці павагі і роўнасці, суперажывання і адказнасці, якія атрымалі навыкі сумеснай працы і навучыліся крытычна думаць, будуць менш за ўсё схільныя парушаць правы іншых людзей.
Маладыя людзі таксама выступаюць у якасці адукатараў і фасілітатараў адукацыі ў галіне правоў чалавека, тым самым уяўляючы сабой узор магутнай падтрымкі і рэсурсу для падрыхтоўкі і рэалізацыі планаў адукацыі ў галіне правоў чалавека на нацыянальным і мясцовым узроўнях.
На шляху да культуры правоў чалавека
Ты можаш вырваць усе кветкі, але табе не спыніць вясны.
Пабла Неруда
«Усе дарогі вядуць у Рым». Гэтая агульнавядомая прымаўка азначае, што існуе шмат спосабаў дасягнення пастаўленай мэты. Падобна да таго, як усе дарогі вядуць у Рым, ёсць шмат розных спосабаў арганізацыі адукацыі ў галіне правоў чалавека. Таму такая адукацыя, магчыма, лепш за ўсё апісваецца з пункту гледжання таго, што яна ставіць сваёй мэтай, а мэта ў яе наступная: сфарміраваць культуру, дзе правы чалавека разумеюць, абараняюць і паважаюць, або, перафразуючы словы ўдзельнікаў Форуму па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі, які адбыўся ў 2009 годзе, «культуру, дзе правы чалавека вывучаюць, жывуць у адпаведнасці з імі і за іх змагаюцца».
Культура правоў чалавека азначае не проста такую культуру, дзе кожны ведае свае правы; веды не абавязкова вядуць да павагі, а без павагі заўсёды будуць парушэнні. Як тады апісаць культуру правоў чалавека і якімі якасцямі павінны валодаць яе прыхільнікі? Аўтары гэтага дапаможніка працавалі над гэтымі пытаннямі і сфармулявалі некаторыя (але не ўсе) адказы. Культура правоў чалавека – гэта такая культура, у якой людзі:
- Валодаюць ведамі аб правах чалавека і асноўных свабодах і паважаюць іх
- Маюць уяўленне аб самапавазе і аб павазе да іншых, шануюць чалавечую годнасць
- Вылучаюцца поглядамі і паводзінамі, у якіх праяўляецца павага да правоў іншых
- На практыцы дэманструюць сапраўдную гендарную роўнасць ва ўсіх сферах
- Праяўляюць павагу, разуменне і прызнанне культурных адрозненняў, асабліва ў дачыненні да розных нацыянальных, этнічных, рэлігійных, моўных і іншых меншасцей і супольнасцей
- З'яўляюцца паўнапраўнымі і актыўнымі грамадзянамі
- Выступаюць за дэмакратыю, сацыяльную справядлівасць, грамадскую гармонію, салідарнасць і сяброўства паміж народамі і краінамі
- Актыўна падтрымліваюць дзейнасць міжнародных арганізацый, накіраваных на фарміраванне культуры міру, заснаванай на ўсеагульных каштоўнасцях правоў чалавека, міжнароднага ўзаемаразумення, талерантнасці і негвалтоўя.
Гэтыя ідэалы будуць па-рознаму праяўляцца ў розных грамадствах з-за адрозненняў у іх сацыяльным, эканамічным, гістарычным і палітычным вопыце і ў рэаліях. Адсюль вынікае, што будуць таксама мець месца розныя падыходы да адукацыі ў галіне правоў чалавека. Могуць панаваць розныя погляды на лепшыя або найбольш прыдатныя спосабы фарміравання культуры правоў чалавека, але інакш і быць не можа. Усе людзі, групы, супольнасці і культуры маюць розныя зыходныя пункты і праблемы. Культура правоў чалавека павінна браць да ўвагі і паважаць гэтыя адрозненні.
Канцавыя зноскі
1 Выдзелена рэдактарамі
2 Рэкамендацыя Камітэта міністраў CM/Rec (2010)7 аб Хартыі Савета Еўропы аб выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека
3 http://www.amnesty.org/en/human-rights-education
4 Betty A. Reardon: Educating for Human Dignity – Learning about rights and responsibilities, University of Pennsylvania Press, 1995
5 www.fra.europa.eu (accessed on 13 October 2010)
6 Рэзалюцыя Камітэта міністраў CM/Res (2008)23 аб маладзёжнай палітыцы Савета Еўропы. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, План дзеянняў у рамках Сусветнай праграмы па адукацыі ў галіне правоў чалавека – першая фаза, Жэнева, 2006 г.
- Глава 1 - Адукацыя ў галіне правоў чалавека і «Компас»: уводзіны
- Глава 2 - Практыкаванні і метады навучання ў галіне правоў чалавека
- Глава 3 - Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека
- Глава 4 - Разуменне правоў чалавека
- Глава 5 - Асноўная інфармацыя па глабальных тэмах правоў чалавека
- Дадаткі
- Гласарый
Як людзям карыстацца правамі чалавека і абараняць іх, калі яны ніколі гэтаму не вучыліся?