Introduction
Адукацыя ў галіне правоў чалавека немагчыма без саміх правоў чалавека. Любы чалавек, які бярэцца за адукацыю ў галіне правоў чалавека, павінен, перш за ўсё, ведаць іх і разумець іх сутнасць. Правы чалавека можна разумець і тлумачыць проста ці складана; іх можна тлумачыць у абстрактнай і канцэптуальнай форме або з дапамогай практычных прыкладаў з рэальнага жыцця; іх можна разглядаць у глабальным аспекце або з пункту гледжання вопыту асобных тэрыторый. Але пры гэтым важна, каб кожны, хто бярэцца навучаць іншых правам чалавека, умеў растлумачыць, што гэта такое, і мог бы даць адказы на пытанні аб правах чалавека.
Першая задача фасілітатара адукацыі ў галіне правоў чалавека – зрабіць так, каб маладыя людзі захапляліся вывучэннем правоў чалавека, а гэта падразумявае даць ім дакладную інфармацыю, разбурыць міф аб складанасці пытанняў у галіне правоў чалавека і растлумачыць многія дылемы, звязаныя з правамі чалавека. Але нельга гэтага рабіць, ігнаруючы галоўныя канцэпцыі і каштоўнасці, якія ляжаць у аснове правоў чалавека, а менавіта: універсальнасць, непадзельнасць і неадчужальнасць. Фасілітатар адукацыі ў галіне правоў чалавека выступае ў ролі «пасла» і абаронцы правоў чалавека, але, калі ён будзе няздольны растлумачыць і даць адказы на ключавыя пытанні аб правах чалавека, усе яго намаганні будуць марнымі. Вядома, як і ў многіх іншых аспектах правоў чалавека, падчас вывучэння правоў чалавека ўзнікаюць самыя розныя пытанні, і ніхто не чакае, што выкладчык мае адказы на кожнае з іх. Аднак ён павінен ведаць, дзе іх шукаць, і развіваць ва ўдзельнікаў уменне знаходзіць свае ўласныя адказы.
Памылкі наконт паходжання правоў чалавека (напрыклад, ходкае меркаванне аб тым, што гэта нібыта «заходняя» вынаходка), іх універсальнасці і прынцыпу правапрымянення могуць лёгка ператварыць добра прадуманы занятак на тэму правоў чалавека ў пустыя дэбаты, якія яшчэ больш умацуюць сумненні і памылковыя погляды замест таго, каб іх развеяць. Навучанне аб правах чалавека з'яўляецца найважнейшым і бясспрэчным складнікам адукацыі ў галіне правоў чалавека, без якога ўсё астатняе губляе сэнс.
Правы чалавека павінен разумець кожны, а не толькі спецыялісты.
У гэтай главе мы даём чытачам дапаможніка «Компас» дадатковую інфармацыю пра тое, што такое правы чалавека, як яны развіваліся і як іх варта абараняць і прасоўваць. Зразумела, тут не прадстаўлена вычарпальная інфармацыя пра паняцці і сістэмы правоў чалавека. Але, як і іншыя раздзелы дапаможніка «Компас», гэта глава дае чытачам важныя зыходныя пункты і забяспечвае базавымі звесткамі. А самі выкладчыкі правоў чалавека ў далейшым паклапоцяцца пра тое, каб шукаць дадатковую інфармацыю ў адпаведнасці з характарам іх праграм і запытам удзельнікаў. Гэту главу таксама не варта ўспрымаць як нейкі тэзіс у духу «Што кожны павінен ведаць аб правах чалавека». Замест гэтага яна закранае мноства важных аспектаў правоў чалавека. Некаторым удзельнікам і выкладчыкам спатрэбіцца ведаць больш (або менш) аб тым, у прыватнасці, якім чынам правы чалавека развіваліся і як яны абаронены ў іх уласных краінах.
Главу завяршае раздзел, які змяшчае пытанні, адказы і «пытанні на засыпку» на тэму правоў чалавека; тут жа прыведзены некаторыя найбольш частыя пытанні і сумненні па праблемах, звязаных з правамі чалавека.
Правы чалавека пастаянна пераглядаюцца, развіваюцца і ўдасканальваюцца.
Паколькі правы чалавека – гэта (недасканалыя) тварэнні (гэтак жа недасканалых) людзей, яны пастаянна падвяргаюцца крытычнай ацэнцы, пераглядаюцца, развіваюцца і ўдасканальваюцца. Мы разлічваем на тое, што карыстальнікі дапаможніка «Компас» унясуць свой уклад у яго абнаўленне, у прыватнасці паведамляючы нам пра тыя змены, якія адбыліся пасля яго публікацыі.
- Глава 1 - Адукацыя ў галіне правоў чалавека і «Компас»: уводзіны
- Глава 2 - Практыкаванні і метады навучання ў галіне правоў чалавека
- Глава 3 - Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека
- Глава 4 - Разуменне правоў чалавека
- Глава 5 - Асноўная інфармацыя па глабальных тэмах правоў чалавека
- Дадаткі
- Гласарый
Правы чалавека – гэта тое, што ў вас ніхто не можа адабраць.
Рэнэ Касэн