«Компас» стаў даведачным дапаможнікам для многіх людзей, якія прымаюць удзел у заснаванай на каштоўнасцях працы з моладдзю і нефармальнай адукацыі. На сённяшні дзень ён даступны больш чым на 30 мовах, ад арабскай і японскай да ісландскай і баскскай. У некаторых краінах ён стаў часткай матэрыялаў для адукацыі ў галіне правоў у школах, а ў некаторых іншых яго нельга выкарыстоўваць у школах. Прыгоды «Компаса» ва ўсёй Еўропе часта адлюстроўваюць неаднародную рэальнасць адукацыі ў галіне правоў чалавека, якую прасоўваюць тут і ўціскаюць там, ухваляюць адны і крытыкуюць іншыя.

Поспех «Компаса» паўтарыў яго малодшы брат «Кампасіта» – дапаможнік па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам дзяцей. Абедзве публікацыі накіраваны на падтрымку ажыццяўлення Хартыі Савета Еўропы аб выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека.

«Компас» і яго публікацыя на розных мовах сталі тым сродкам, дзякуючы якому адукацыя ў галіне правоў чалавека ўвайшла ў парадак дня працы з моладдзю і навучальную праграму многіх школ. У шэрагу краін былі створаны нацыянальныя сеткі па адукацыі ў галіне правоў чалавека, якія дапамагаюць праваахоўным арганізацыям і спецыялістам у галіне адукацыі ў іх працы, накіраванай на забеспячэнне доступу да адукацыі ў галіне правоў чалавека для большай колькасці дзяцей і маладых людзей па ўсёй Еўропе. Форум па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі «Жыць, вучыцца і змагацца за правы чалавека», які прайшоў у Будапешце ў 2009 годзе, падкрэсліў важнасць адукацыі ў галіне правоў чалавека на сённяшні дзень[i]:

Правы чалавека нельга абараняць і прасоўваць аднымі юрыдычнымі інструментамі. Адукацыя ў галіне правоў чалавека – навучанне пра правы, праз правы і для правоў чалавека – выконвае вельмі важную ролю ў іх разуменні, падтрымцы і прасоўванні кожным чалавекам.

Праца, якая праводзіцца для маладых людзей і з іх удзелам з дапамогай «Компаса» – дапаможніка па адукацыі ў галіне правоў чалавека з удзелам моладзі, – ясна паказвае, што Савет Еўропы можа разлічваць на шчодрасць, адданасць і кампетэнтнасць маладых людзей, якія дапамогуць зрабіць адукацыю ў галіне правоў чалавека рэальнасцю для многіх іншых маладых людзей.   [...] Вопыт, атрыманы падчас працы з моладдзю і нефармальнага навучання, быў паспяхова пастаўлены на службу адукацыйных праектаў у галіне правоў чалавека для ўсіх, у тым ліку забяспечыў узаемадапаўняльнасць фармальнага і нефармальнага навучання.

Адукацыя ў галіне правоў чалавека не можа быць выключнай адказнасцю НГА і маладзёжных арганізацый, таксама як і не можа ажыццяўляцца толькі на добраахвотных пачатках. Дзяржавы нясуць асноўную адказнасць за ажыццяўленне адукацыі ў галіне правоў чалавека. Яны павінны забяспечваць яе ўсёахопнасць, устойлівасць і аказваць ёй падтрымку такімі спосабамі, якія б прадугледжвалі пэўную ролю для фармальнага і нефармальнага сектараў адукацыі.

Для многіх выпадковых практыкаў адукацыі ў галіне правоў чалавека «Компас» стаў сінонімам адукацыі ў галіне правоў чалавека. Аднак адукацыя ў галіне правоў чалавека значна шырэй за «Компас». «Компас» паказвае маршруты і прапануе спосабы ажыццяўлення адукацыі ў галіне правоў чалавека на практыцы, але пакідае выбар маршруту і спосабу фасілітатару і ў канчатковым выніку – навучэнцам.

«Компас» – гэта не права чалавека, у адрозненне ад адукацыі ў галіне правоў чалавека.

Забеспячэнне актуальнасці «Компаса» ў другім дзесяцігоддзі XXI стагоддзя

У першыя дзесяць гадоў свайго існавання «Компас» сутыкнуўся з хуткімі зменамі кола пытанняў і праблем у галіне правоў чалавека і адукацыі ў галіне правоў чалавека. Сярод іх былі паскарэнне працэсаў глабалізацыі, рост тэрарызму і глабальнай вайны з тэрарызмам у адказ, сусветны фінансавы крызіс, наступствы змен клімату, выкліканых дзейнасцю чалавека, розныя каляровыя рэвалюцыі ў Грузіі, Украіне і шэрагу арабскіх краін, пашырэнне Інтэрнэту, войны ў Іраку і Афганістане, цунамі і ядзерная катастрофа ў Фукусіме і многае іншае. У той час «Компас» адчайна кідаўся ад аднаго крызісу да іншага, а ў некаторых абласцях і састарэў. У выніку быў апублікаваны перагледжаны і абноўлены варыянт 2012 года выдання.

Наша асноўная задача зводзілася да таго, каб зрабіць «Компас» 2012 года актуальным для другога дзесяцігоддзя XXI стагоддзя. Мы прынялі да ўвагі ацэнкі карыстальнікаў, якія яны далі ў Інтэрнэце і іншымі спосабамі, а таксама «паскарэнне тэмпаў гісторыі» – не ўсё, што было важна ў 2002 годзе, засталося такім жа важным дзесяць гадоў пасля, і важкасць набылі многія іншыя пытанні. У выніку выданне «Компаса» 2012 года стала развіццём таго, што было раней, сумессю старога і новага. Чытачы і практыкі ў галіне правоў чалавека атрымалі інфармацыю і апісанне практыкаванняў, што ахопліваюць актуальныя праблемы, пры тым што ад старой версіі засталіся абмеркаванне спрэчных пытанняў, арыентацыя на навучэнца і неабходнасць прыняцця мер.

Што змянілася ў гэтым выданні?

Першыя чатыры главы выдання 2015 года не адрозніваюцца ад адпаведных глаў выдання 2012 года. Розніца ў тым, што ў новай версіі адсутнічае шырокая даведачная інфармацыя главы 5. Гэта не значыць, што даведачная інфармацыя непатрэбна; яна вельмі важная! Падрабязная інфармацыя пра дзевятнаццаць тэм даступна ў Інтэрнэце на сайце www.coe.int/compass і пастаянна абнаўляецца.У версіі 2015 года вы знойдзеце больш кароткую главу 5, у якой прыводзіцца кароткі агляд гэтых тэм і просьба дапамагчы забяспечыць актуальнасць і адпаведнасць даведачнага матэрыялу праз зваротную сувязь.

Мы імкнуліся да таго, каб выданне 2015 года стала для практыкаў дастатковым і практычным дапаможнікам па адукацыі ў галіне правоў чалавека, якога ім так не хапае. Размяшчэнне даведачнай інфармацыі на сайце Савета Еўропы гарантуе яе актуальнасць. Больш таго, адсутнасць неабходнасці раздрукоўваць 160 старонак даведачнай інфармацыі дазволіла нам выдаць менш аб'ёмны і дарагі дапаможнік і сэканоміць паперу, абараніўшы такім чынам навакольнае асяроддзе.

Асноўныя каштоўнасці і падыходы, якія ляжаць у аснове «Компаса», цалкам застаюцца ў сіле. «Компас» павінен быць:

Дастатковым: Карыстальнікі змогуць знайсці ўсё, што патрэбна для таго, каб пазнаёміць моладзь з правамі чалавека.

Гатовым да выкарыстання: Прапанаваныя практыкаванні не патрабуюць дадатковых рэсурсаў або працяглай падрыхтоўкі.

Актуальным для моладзі: Практыкаванні і пытанні ў галіне правоў чалавека неадрыўна звязаны з клопатамі і поглядамі падлеткаў і маладых дарослых.

Практычным і заснаваным на вопыце: Усе практыкаванні ўключаюць прапановы па прымяненні вывучанага матэрыялу на практыцы, такім чынам даючы ўдзельнікам магчымасць выйсці за межы кагнітыўных працэсаў.

Падыходзіць для фармальнай і нефармальнай адукацыі: Нягледзячы на тое, што практыкаванні былі распрацаваны для нефармальнай адукацыі, амаль усе яны могуць праводзіцца ў школьных класах з некаторай адаптацыяй, напрыклад, у дачыненні да працягласці.

Адаптацыйным: Усе практыкаванні можна адаптаваць да кантэксту, групы і грамадства, у якіх яны выконваюцца. Прапановы па зменах дапамагаюць фасілітатару ствараць свае ўласныя адаптацыі.

Зыходным пунктам: Зацікаўленыя фасілітатары і адукатары знойдуць шмат прапаноў і рэсурсаў, каб паглыбіцца ў канкрэтныя пытанні або даведацца больш аб правах чалавека.

Універсальным і халістычным: «Компас» можна прымяніць да любога пытання ў галіне правоў чалавека і з навучэнцамі любога ўзроўню падрыхтоўкі. У яго аснове ляжыць інклюзіўны і халістычны падыход да навучання, які аб'ядноўвае каштоўнасці, пазіцыі, навыкі і веды.

Наперад!

«Компас» напісаны для ўсіх, хто цікавіцца правамі чалавека і хоча прыняць удзел у адукацыі ў галіне правоў чалавека. Тыя, хто толькі знаёміцца з «Компасам», павінны ведаць, што мы не рабілі ніякіх дапушчэнняў адносна ўзроўню ведаў ні пра правы чалавека і адукацыю ў галіне правоў чалавека, ні пра тэмы, якія мы абралі для працы. Мы таксама не рабілі ніякіх дапушчэнняў адносна папярэдняга вопыту навучання або правядзення практыкаванняў. Дапаможнік змяшчае шмат матэрыялаў пра тое, як праводзіць практыкаванні і як адаптаваць іх і развіць у адпаведнасці з патрэбамі навучэнцаў і асаблівасцямі сітуацыі. Прадугледжаны спецыяльны раздзел з парадамі для настаўнікаў. Для некаторых «практычныя дзеянні» могуць на першы погляд аказацца праблематычнымі, таму мы ўдзяляем асаблівую ўвагу самой канцэпцыі і дэтальна тлумачым яе ролю ў навучальным працэсе ў главе 3.

«Компас» уяўляе сабой крыніцу інфармацыі, інструментаў і парад для адукацыі ў галіне правоў чалавека. Гэта значыць, што яго можна выкарыстоўваць па-рознаму, і няма ніякага канкрэтнага зыходнага пункта. Тым не менш мы рэкамендуем вам пачаць з азнаямлення са зместам, які прыводзіцца на папярэдніх старонках, акунуцца ў дапаможнік і азнаёміцца з яго агульнай структурай і матэрыяламі. Многія адразу праяўляюць найбольшы інтарэс да практыкаванняў. Гэта нядрэнна, але мы рэкамендуем па меншай меры прачытаць главу 1.3 «Выкарыстанне «Компаса» для адукацыі ў галіне правоў чалавека» перад выкананнем якіх-небудзь практыкаванняў.

Мы спадзяёмся, што вам спадабаецца працаваць з выданнем «Компаса» 2015 года. Паведаміце нам, калі ў нас атрымалася даць вам патрэбную інфармацыю і інструменты, і дапамажыце развівацца далей, размясціўшы свой водгук на сайце www.coe.int/compass.


[i] Паведамленне ўдзельнікаў форуму «Жыць, вучыцца і змагацца за правы чалавека», даклад Гавана Цітлі, Савет Еўропы, 2010 г.