Responding to racism
Кожны нясе адказнасць за тое, каб заўважаць любыя праявы расізму і шукаць рашэнне праблем, звязаных з ім!
- Агляд
У гэтым практыкаванні ўдзельнікі ролевай гульні разыгрываюць сур'ёзны інцыдэнт для вывучэння наступных праблем:
• Расізм, стэрэатыпы і культурныя адрозненні
• Распаўсюджанасць некаторых форм расізму і прадузятасці, асабліва ў дачыненні да цыганоў-рама
• Як змагацца з расізмам у школе і іншых навучальных установах- Звязаныя правы
• Роўнасць чалавечай годнасці і правоў
• Свабода ад дыскрымінацыі
• Свабода думкі, сумлення і рэлігіі- Мэты
• Паглыбіць разуменне культурных адрозненняў і інстытуцыянальнага расізму
• Развіць навыкі калектыўнага ўдзелу, камунікацыі і супрацоўніцтва
• Умацаваць пачуццё адказнасці, справядлівасці і салідарнасці- Матэрыялы
• Вялікія аркушы паперы або папера для фліпчарта, маркеры
• 4 добраахвотнікі для інсцэніроўкі
• Ролевыя карткі
• Ролевая картка з апісаннем «сур'ёзнага інцыдэнту»;
• Рэкамендацыі для фасілітатара
• Копіі школьнай палітыкі і рэкамендацый па процідзеянні расізму; па адной для двух удзельнікаў
• Копіі раздатачнага матэрыялу «Некаторыя практычныя заўвагі»; іх таксама можна запісаць на вялікім аркушы паперы
• Папера і ручкі- Падрыхтоўка
• Вывучыце апісанне крытычнага інцыдэнту, у выпадку неабходнасці адаптуйце яго з улікам вашай сітуацыі
• Выберыце чатырох добраахвотнікаў і папрасіце іх падрыхтаваць вельмі кароткую сцэнку на аснове апісанага інцыдэнту і паказаць яе астатнім членам групы
• Зрабіце 5 копій карткі са сцэнарыем крытычнага інцыдэнту (па адной для кожнага выканаўцы і адну для фасілітатара)
• Зрабіце копію рэкамендацый для фасілітатара
compass-key-date
- 21 сакавікаМіжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю расавай дыскрымінацыі (Дзень процідзеяння расізму)
Інструкцыі
Практыкаванне складаецца з дзвюх частак: часткі 1, якая прадугледжвае агляд ведаў удзельнікаў наконт тэрміна «расізм», і часткі 2, у якой вядзецца распрацоўка плана дзеянняў на выпадак праяў расізму ў вашай школе, клубе або арганізацыі.
Частка 1. Што мы разумеем пад тэрмінам «расізм»?
1. Пачніце практыкаванне з мазгавога штурму, каб вызначыць гэта паняцце.
2. Праявы расізму і ўзаемнае непаразуменне паміж прадстаўнікамі розных культур – з'ява паўсядзённая. З дапамогай мазгавога штурму высветліце, якія дзеянні ў паўсядзённым жыцці можна аднесці да расізму.
3. Папрасіце чатырох добраахвотнікаў прыняць удзел у ролевай гульні. Раздайце ім ролевыя карткі і копіі з апісаннем крытычнага інцыдэнту; дайце 15 хвілін на падрыхтоўку.
4. Растлумачце, што ўсе астатнія ўдзельнікі з’яўляюцца гледачамі. Раздайце ім паперу і ручкі і скажыце, што яны паглядзяць тры кароткія сцэнкі, паміж якімі будуць невялікія перапынкі, калі гледачы змогуць запісаць ключавыя словы, якія адлюстроўвалі б іх меркаванне наконт убачанага.
5. Папрасіце добраахвотнікаў прадставіць сваю інсцэніроўку.
6. У канцы правядзіце кароткі разбор каментарыяў гледачоў:
a. Што гледачы запісалі падчас першага перапынку? Што прывяло іх да такіх заключэнняў?
b. Што гледачы запісалі падчас другога перапынку? Што прывяло іх да такіх заключэнняў?
c. Да якой высновы гледачы прыйшлі ў канцы? Якія ў іх былі здагадкі?
7. У ходзе дыскусіі высветліце, што, на думку ўдзельнікаў, педагогі, бацька Гюлы і дырэктар школы маглі – ці павінны былі – зрабіць, каб знайсці справядлівае рашэнне?
Частка 2. Распрацоўка плана дзеянняў на выпадак праяў расізму
1. Растлумачце, што ў гэтай частцы практыкавання ўдзельнікам трэба будзе распрацаваць асноўныя прынцыпы барацьбы з праявамі расізму і стварыць адпаведную палітыку для школы.
2. Метадам мазгавога штурму вызначце розныя групы «дзеючых асоб» у школе; гэта, напрыклад, могуць быць вучні, настаўнікі, дырэктар, тэхнічны персанал, бібліятэкары, вадзіцелі школьнага аўтобуса і вартаўнікі, у тым ліку тыя, хто сочыць за гульнявой пляцоўкай.
3. Падзяліце ўдзельнікаў на малыя групы па 4–5 чалавек для абмеркавання абавязкаў пералічаных катэгорый у адносінах да праяў расізму. Дайце групам 30 хвілін на абмеркаванне і падрыхтоўку дакладу з кароткім выкладам тэзісаў на фліпчарце.
4. Запрасіце групы прадставіць вынікі сваёй працы на агульным пасяджэнні. Фасілітатар павінен запісаць кароткае рэзюмэ ўсіх пунктаў на дошцы або фліпчарце.
5. Папрасіце ўдзельнікаў зрабіць агляд палітык і рэкамендацый, якія ўжо маюцца ў іх школе. Што ў іх варта змяніць?
6. Цяпер папрасіце ўдзельнікаў распрацаваць свае палітыкі. Няхай кожная малая група працуе над нейкім адным аспектам (этапам або мерай). Напрыклад, калі патрабуецца агульнае для ўсёй школы абвяшчэнне пэўнай заявы пра расізм і дыскрымінацыю, адна з груп можа заняцца яе напісаннем. Групам трэба таксама абмеркаваць, як яны будуць прадстаўляць вынікі сваёй працы на агульным пасяджэнні: акрамя пісьмовага тэксту, яны могуць выкарыстаць відарысы, калаж, пантаміму і г. д., каб лепш перадаць свае ідэі.
7. Групы прадстаўляюць вынікі сваёй працы на агульным пасяджэнні і абмяркоўваюць шляхі іх практычнай рэалізацыі.
Аналіз і ацэнка
Пачніце з абмеркавання самога практыкавання і высветліце, якія правы чалавека апынуліся пад пагрозай, затым абмяркуйце, што новага даведаліся ўдзельнікі і што ім рабіць далей.
• Наколькі распаўсюджаны расізм у вашай школе і ў грамадстве ў цэлым?
• Ці вядомы вам якія-небудзь праявы расізму ў вашай школе або супольнасці?
• Ці пакутуюць якія-небудзь групы ад расізму больш, чым іншыя? Якія групы? Чаму? Ці былі тыя ж самыя групы аб'ектам нападак 20 ці 50 гадоў таму?
• Якое стаўленне да цыганоў-рама ў вашай краіне і ў іншых краінах Еўропы?
• Якія стэрэатыпы ў вас ёсць у дачыненні да цыганоў-рама? Як узніклі гэтыя стэрэатыпы? Як іх можна абвергнуць?
• Якія правы чалавека апынуліся пад пагрозай у крытычным інцыдэнце?
• Ці дапамагло практыкаванне ўдзельнікам змяніць свае ўяўленні аб тым, што з'яўляецца праявай расізму? У якой меры? Прывядзіце прыклады.
• Хто нясе адказнасць за тое, каб у вашай школе або арганізацыі не было праяў расізму?
• Мець правільную палітыку на выпадак праяў расізму, вядома, важна, але хіба не лепш было б наогул не мець патрэбы ў такіх палітыках? Што можна і трэба зрабіць, каб выкараніць прычыны расізму ў школе і ў грамадстве ў цэлым?
Парады для фасілітатараў
Для вас важна ведаць членаў групы і іх біяграфію і ў выпадку неабходнасці ўносіць адпаведныя змены ў практыкаванне. Актыўнасць будзе значна вышэй, калі сітуацыя акажацца набліжанай да рэальнасці, якая знаёма групе. З іншага боку, будзьце гатовы да магчымага ўсплёску эмоцый. Важна звяртаць увагу на пачуцці тых, хто сам адчувае сябе ахвярай дыскрымінацыі ў школе.
Мазгавы штурм – класічны спосаб пачаць практыкаванне, але вы можаце ўзрушыць удзельнікаў, расказаўшы расісцкі анекдот; няхай ён будзе накіраваны супраць групы, прадстаўнікоў якой у вашым класе або маладзёжнай групе няма. У кожнай краіне ёсць анекдоты пра прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Вы можаце пачаць занятак, папрасіўшы некалькіх удзельнікаў расказаць такія анекдоты. Абмяркуйце пасля гэтага розніцу паміж расісцкімі і нерасісцкімі анекдотамі. Напрыклад, анекдоты пра цыганоў-рама ці пра яўрэяў расісцкія або нацыяналістычныя? Гэта дапамагло б групе падысці да вызначэння расісцкіх анекдотаў і праяў расізму (гл. ніжэй у раздзеле «Дадатковая інфармацыя»).
У пункце 5 часткi 1 вы можаце выкарыстаць метады форум-тэатра ці тэатральную тэхніку.
У пункце 6 часткі 1 ад удзельнікаў можна чакаць усплёску эмоцый, якія могуць знайсці адлюстраванне ў каментарыях пасля кожнай сцэнкі, што можа ўскладніць аналіз сітуацыі. Праца пойдзе лепш, калі вы будзеце прытрымлівацца канкрэтыкі і заклікаеце групу сфакусіравацца на тым, што паказваюць акцёры.
У пункце 4 часткі 2 практыкавання можа высветліцца, што вынікі працы недастаткова канкрэтныя для пераходу далей. У такім выпадку скарыстайце раздатачны матэрыял «Некаторыя практычныя заўвагі» для паляпшэння вынікаў першых чатырох этапаў.
Варыянты
Практыкаванне можна адаптаваць і для абмеркавання праблемы цкавання. Калі цкаванне прадстаўляе сабой актуальную для групы праблему, разглядзіце магчымасць правесці практыкаванне «Ці ёсць у нас альтэрнатывы?», перш чым пераходзіць да распрацоўкі палітыкі па барацьбе з цкаваннем.
Прапановы па далейшай працы
Правярайце сітуацыю і палітыкі рэгулярна, напрыклад адзін-два разы ў год. Палітыкі трэба пераглядваць для таго, каб упэўніцца, што яны на самай справе павінны адпавядаць пастаўленым мэтам. Грамадства пастаянна мяняецца, і палітыкі павінны мяняцца разам.
Калі вы хочаце арганізаваць нейкую кампанію, то практыкаванне «Доста!» дапаможа вам.
Яшчэ адно практыкаванне, дзе ў цэнтры ўвагі знаходзяцца забабоны і дыскрымінацыя, – «Маё жыццё не шоу!», дзе гаворка ідзе пра кіберцкаванне. Калі група хоча разгледзець выпадкі дыскрымінацыі ў адносінах да людзей з інваліднасцю, можна правесці практыкаванне «Спорт для ўсіх».
IІдэі для дзеяння
Працягвайце працаваць над палітыкамі для сваёй школы або арганізацыі і дамагайцеся іх выканання. Наладзьце сувязь з антырасісцкімі праектамі ў іншых краінах. Напрыклад, з праграмай «Школы без расізму», якая ажыццяўляецца ў Бельгіі і патрабуе, каб мінімум 60% школьнага калектыву падпісалі і выконвалі заяву аб адказе ад дыскрымінацыі http://members.multimania.nl/astrada/szr/swr.html
Дадатковая інфармацыя
Вызначэнні расізму
Расізм, у агульных рысах, – гэта паводзіны, словы або ўчынкі, якія выказваюць добразычлівае або нядобразычлівае стаўленне да людзей на падставе колеру іх скуры, культуры або этнічнага паходжання. Больш завуаліраваныя формы расізму такія ж шкодныя, як і адкрытыя.
Інстытуцыянальная форма расізму вызначаецца як калектыўная адмова якой-небудзь арганізацыі забяспечыць адпаведнае прафесіянальнае аказанне паслуг людзям з-за колеру іх скуры, культуры або этнічнага паходжання. Гэта назіраецца ці адчуваецца ў працэдурах, паводзінах і стаўленні, якія становяцца дыскрымінацыйнымі ў сілу ненаўмыснай праявы забабонаў, неабдуманасці, няўважлівасці і расісцкіх стэрэатыпаў у дачыненні да прадстаўнікоў этнічных меншасцей. Расісцкія інцыдэнты і нападкі магчымы ў любой установе незалежна ад колькасці навучэнцаў, якія прадстаўляюць этнічныя меншасці.
Расісцкім лічыцца любы інцыдэнт, які ўспрымаецца як такі ахвярай або любой іншай асобай, напрыклад::
Прычыненне фізічнай шкоды: да гэтай катэгорыі адносяцца відавочныя прыклады гвалтоўных нападкаў або фізічнага запалохвання як дзяцей, так і дарослых, якія адносяцца да меншасцей, а таксама «дробныя» выпадкі запалохвання, якія могуць выклікаць кумулятыўны эфект.
Славесныя абразы: абраза прадстаўнікоў меншасцей, высмейванне ў любой форме іх культуры (музыкі, адзення, кухні) – больш відавочныя прыклады такога тыпу расізму. Маюць месца і іншыя, менш відавочныя абразлівыя заўвагі з боку педагогаў, вучняў, iншых дарослых, напрыклад выпадковыя рэмаркі з расісцкім падтэкстам абразлівага характару.
Адмова ад супрацоўніцтва і непавага: адмова ад супрацоўніцтва або адсутнасць павагі да навучэнцаў, педагогаў, трэнераў, маладзёжных працаўнікоў і іншых прадстаўнікоў меншасцей з боку прадстаўнікоў школы або іншай навучальнай установы могуць быць праявамі расізму, калі відавочна расісцкая матывацыя або калі «ахвяра» яе адчувае. Непавага можа быць ненаўмыснай, калі, напрыклад, настаўнік або трэнер праяўляе недасведчанасць аб культурных традыцыях вучня ў такой форме, што той адчувае сябе нязручна ці лічыць сябе пакрыўджаным.
Іншыя праявы: расісцкія жарты і ўжыванне расісцкай тэрміналогіі, нашэнне расісцкай сімволікі, значкоў, адзення з надпісамі і г. д. расісцкія графіці, распаўсюджванне расісцкай літаратуры, плакатаў, прысутнасць расісцкіх або фашысцкіх арганізацый у школе ці яе наваколлі, распаўсюджванне дарослымі стэрэатыпаў, што можа прывесці да дыскрымінацыі.
Многія праявы расізму не такія відавочныя. Часта менавіта завуаліраваныя праявы цяжэй за ўсё выяўляць і пераадольваць. Многія расісцкія інцыдэнты з удзелам навучэнцаў не адбываюцца ў прысутнасці настаўнікаў або дарослых. Менавіта таму важна распрацаваць у школах адпаведныя палітыкі з тым, каб усе члены школьнага калектыву адразу заўважалі праявы расізму, паведамлялі пра іх і змагаліся з імі ў рамках сваіх паўнамоцтваў.
Больш інфармацыі пра расізм, антысемітызм, прадузятасць і варожасць да цыганоў-рама можна знайсці ў раздзеле «Дыскрымінацыя і нецярпімасць» главы 5.
Раздатачныя матэрыялы
Ролевыя карткі
Ролевая картка дырэктара школы
Больш за ўсё вы непакоіцеся аб рэпутацыі школы ў плане бяспекі і крадзяжу.
Ролевая картка 1-га настаўніка
Вы заўважылі, што ў школе знікаюць не толькі грошы, але і рэчы. Вы звярнулі ўвагу, што на мінулым тыдні Гюла прыйшоў у школу з мабільным тэлефонам.
Ролевая картка 2-га настаўніка
Вы – класны кіраўнік Гюлы. Вы дастаткова добра яго ведаеце, і ён вам падабаецца. Гэта добры, удумлівы і старанны хлопчык, але ў яго няма сяброў.
Ролевая картка бацькі
Гюла – добры хлопчык. Вы разумееце важнасць адукацыі і заўсёды правяраеце, ці зрабіў сын дамашняе заданне, перш чым дазволіць яму пайсці гуляць у футбол. На мінулым тыдні ў яго быў дзень нараджэння.
Крытычны інцыдэнт
Кожная сцэна адбываецца ў кабінеце дырэктара
Сцэна 1: дырэктар, 1-шы і 2-гі настаўнікі
Дырэктар, 1-шы і 2-гі настаўнікі абмяркоўваюць праблему і рэакцыю на ўсплёск кішэнных крадзяжоў у школе. Было некалькі выпадкаў, напрыклад, спачатку знікла аўтаручка, а потым шмат чаго стала знікаць, але ў асноўным грошы.
Ходзяць розныя чуткі пра тое, хто б гэта мог зрабіць, і больш за ўсіх пад падазрэннем Гюла – цыган-рама.
Час: 3–5 хвілін.
Сцэна 2: дырэктар, бацька Гюлы і 1-шы настаўнік
Дырэктар прымушае бацьку Гюлы прызнацца, што крадзяжы – справа рук яго сына. Бацька сцвярджае, што сын не мог гэтага зрабіць. Тым не менш ён просіць прабачэння і згодны кампенсаваць скрадзеныя грошы.
Настаўнікам вельмі няёмка ў гэтай сітуацыі, і яны абяцаюць захаваць усё ў тайне. Так, Гюла можа заставацца ў школе, але і бацьку трэба больш уважліва сачыць за сынам.
Час: 3–5 хвілін.
Сцэна 3: дырэктар і 2-гі настаўнік
Дырэктар і 2-гі настаўнік абмяркоўваюць становішча ў школе, якое значна палепшыліся. Яны задаволены, што інцыдэнт, як яны думаюць, вычарпаны.
Уваходзіць 1-шы настаўнік; ён паведамляе, што паліцыя толькі што арыштавала вучня (не Гюлу) за кішэнныя крадзяжы, якія той ажыццяўляў каля варот школы. Ён прызнаўся ва ўсіх выпадках крадзяжу грошай.
Яны абмяркоўваюць сваю рэакцыю на гэту навіну.
Час: 3–5 хвілін.
Рэкамендацыі для фасілітатара
Папрасіце добраахвотнікаў паказаць свае сцэнкі. Падчас перапынкаў паміж імі спантанна задавайце пытанні і прасіце гледачоў запісваць ключавыя словы, якія перадаюць іх меркаванне на дадзеным этапе.
Першы перапынак: Першае пытанне да гледачоў: «Што б вы зрабілі на месцы дырэктара?»
Другі перапынак: Другое пытанне да гледачоў: «Ці лічыце вы развязку інцыдэнту здавальняючай?»
Трэці перапынак: Трэцяе пытанне да гледачоў: «Якое ваша меркаванне цяпер?»
Некаторыя практычныя заўвагі, якія варта мець на ўвазе пры распрацоўцы палітыкі процідзеяння расізму.
Вырашаючы праблему расізму і яго праяў, неабходна распрацаваць і ажыццяўляць палітыку на ўзроўні ўсёй школы (арганізацыі). Важна, каб стаўленне да праяў расізму было сугучным з агульнай палітыкай і практыкай школы. Вострыя праблемы трэба лічыць «асаблівымі, але не ізаляванымі». Варта ўлічваць некаторыя практычныя моманты:
• Школа павінна афіцыйна і цвёрда заявіць, што не пацерпіць ніякіх расісцкіх інцыдэнтаў ці праяў.
• У школьнай палітыцы павінен быць дакладна распісаны парадак дзеянняў у выпадку расісцкага інцыдэнту.
• Агульнашкольны падыход, уключаючы адпаведную працэдуру і ўзгодненыя дзеянні па вырашэнні расавых канфліктаў, павінен распаўсюджвацца на ўсіх людзей, якія маюць дачыненне да школьнай супольнасці: кіраўніцтва, супрацоўнікаў (педагогаў і дапаможных працаўнікоў), бацькоў, вучняў, студэнтаў і наведвальнікаў.
• Павінна быць яснае разуменне таго, што кожны член школьнага калектыву абавязаны выяўляць і спыняць праявы расізму і расавага прыгнёту.
• Падыход павінен быць паслядоўным, каб кожны ведаў, што ад яго чакаюць.
• Варта памятаць пра тое, што рэакцыя на інцыдэнт павінна наступіць неадкладна, як толькі ён адбыўся ці быў выяўлены.
• Любыя меры ў адказ на інцыдэнт павінны прымацца ў загадзя вызначаны тэрмін.
Крыніца: http://www.northants-ecl.gov.uk/apps/IPS/msc/rig/hme.asp