Soon to be outdated
Тое, што мы лічым немагчымым сёння, стане магчымым у наступнае дзесяцігоддзе.
Канстанс Бэйкер Мотлі1
- Агляд
У гэтым практыкаванні прапануецца абмеркаваць, як развіваюцца перакананні, як яны набіраюць сілу і як і чаму змяняюцца з цягам часу.
- Звязаныя правы
- Свабода думкі, сумлення і рэлігіі
- Свабода перакананняў і выказвання меркавання
- Права свабодна ўдзельнічаць у культурным жыцці супольнасці
- Мэты
- Развіць разуменне сацыяльных аспектаў перакананняў
- Развіць крытычнае мысленне і навыкі вядзення дыскусіі
- Спрыяць развіццю непрадузятасці і схільнасці даследаваць цікавыя пытанні
- Матэрыялы
- Карткі са сцверджаннямі, адзін набор на малую групу
- Вялікі аркуш паперы і ручкі на кожную групу
- Падрыхтоўка
- Зрабіце копіі раздатачнага матэрыялу, пры неабходнасці дадайце або выдаліце некаторыя сцверджанні і разрэжце на карткі. Зрабіце па адным наборы картак для кожнай малой групы.
compass-key-date
- 5 кастрычнікаМіжнародны дзень настаўнікаў
Інструкцыі
- Растлумачце, што ў гэтым практыкаванні гаворка пойдзе пра тое, як перакананні мяняюцца з цягам часу. Спачатку ўдзельнікі павінны будуць абмеркаваць перакананні мінулых пакаленняў, якія сёння ўжо састарэлі, а затым пяройдуць да абмеркавання сваіх уласных перакананняў, якія іх дзеці і ўнукі палічаць састарэлымі.
- Правядзіце мазгавы штурм на тэму таго, што ўдзельнікі разумеюць пад тэрмінам «перакананне».
- Затым папрасіце ўдзельнікаў падзяліцца на малыя групы па 5–6 чалавек.
- Кожная група павінна выбраць каго-небудзь, хто будзе запісваць асноўныя тэзісы іх дыскусіі на вялікім аркушы паперы і потым выступіць на агульным пасяджэнні.
- Папрасіце групы азнаёміцца з карткамі і выбраць з іх 5, якія змяніліся з часоў іх дзядоў і з якімі яны хацелі б папрацаваць.
- Бярыце абраныя карткі па чарзе і абмяркоўвайце перакананні, якія былі ў дзядоў удзельнікаў наконт іх. Адкуль яны ўзяліся? Якім чынам набіралі сілу? Ці можна лічыць іх мудрымі з цяперашняга пункту гледжання? Чаму?
- Зараз папрасіце ўдзельнікаў уявіць сабе, якім будзе жыццё іх дзяцей або ўнукаў і ў што яны будуць верыць. Як іх разуменне выбраных сцверджанняў будзе адрознівацца ад вашага? Чаму яны будуць думаць па-іншаму?
- Запрасіце малыя групы на агульнае пасяджэнне і папрасіце прадстаўнікоў кожнай групы коратка расказаць пра свае высновы.
Аналіз і ацэнка
Пачніце з кароткага агляду практыкавання, а затым перайдзіце да абмеркавання праблем глабалізаванага свету, дзе перакананні і каштоўнасці пастаянна змяняюцца.
- Ці было сур'ёзнае рознагалоссе ўнутры груп?
- Наколькі розныя або аднолькавыя высновы розных груп?
- Адкуль бяруцца нашы вераванні і перакананні? Ці ёсць нейкія агульныя падставы для таго, каб сцвярджаць, што раней было так ці гэтак, а ў будучыні будзе зусім не так?
- Чаму перакананні змяняюцца?
- Ці існуюць абсалютныя перакананні? Калі так, то якога роду і чаму? Калі не, то чаму перакананні не з'яўляюцца абсалютнымі?
- Якія перавагі даюць чалавеку перакананні?
- Як нашы перакананні абмяжоўваюць нас?
- Што можа прымусіць вас змяніць свае перакананні?
- Наколькі лёгка змяняць перакананні? Якія віды перакананняў з'яўляюцца больш моцнымі, а якія змяняюцца прасцей? Чаму?
- Як людзі могуць абараніць сябе ад прапаганды і ілжывых сцверджанняў, напрыклад ад піяру палітыкаў, ад адмаўлення факта змены клімату або ад спроб махлярскіх кампаній завалодаць вашымі грашыма?
- Прывядзіце прыклады абмежавання права на свабоду меркаванняў і іх выказвання. Хто павінен вырашаць, што гэтыя абмежаванні маюць права на існаванне?
- Ці можаце вы прывесці прыклады парушэння свабоды думкі, сумлення і рэлігіі ў вашай супольнасці, горадзе, краіне, Еўропе і ў свеце ў цэлым?
Парады для фасілітатараў
Нягледзячы на тое, што праца ідзе ў малых групах, некаторыя ўдзельнікі могуць саромецца выказваць сваё меркаванне па асобных пытаннях. Адным са спосабаў пазбегнуць гэтага з'яўляецца такое фарміраванне малых груп, пры якім сябры працуюць разам і адчуваюць сябе камфортна. Іншы спосаб заключаецца ў тым, каб пачаць абмеркаванне з менш вострых тэм, а потым, па меры набыцця ўпэўненасці, перайсці да больш спрэчных пытанняў.
Працэс будовы свету, у якім павага правоў чалавека з'яўляецца нормай, у той ці іншай меры патрабуе перагляду перакананняў большасці людзей. Таму першапачатковая ідэя гэтага практыкавання заключаецца ў тым, каб дапамагчы ўдзельнікам зразумець, што перакананні людзей уяўляюць сабой сацыяльныя элементы і прадукты грамадства і часу, у якіх яны жывуць. Можна спадзявацца, што пасля заканчэння практыкавання ўдзельнікі будуць больш ведаць аб тым, чаму перакананні маюць такія глыбокія карані і чаму іх цяжка разглядаць аб'ектыўна. Яны таксама зразумеюць, што без адукацыі, яснага разумення фактычнага становішча рэчаў і добрых навыкаў крытычнага мыслення вельмі цяжка мяняць перакананні, нават калі яны з'яўляюцца шкоднымі ці проста састарэлымі.
Слова «перакананне» часта выкарыстоўваюцца ў адносінах да рэлігіі, напрыклад, калі людзі кажуць пра сваё «перакананне ў існаванні Бога». Аднак такое выкарыстанне гэтага слова з'яўляецца надта вузкім, і вы павінны ўпэўніцца ў тым, што ўдзельнікі добра разумеюць поўнае значэнне гэтага слова. Быць перакананым у чымсьці значыць прыняць гэта ў якасці ісціны. Такім чынам, усё, што мы ведаем, – гэта перакананне. Мы ствараем перакананні, каб замацаваць наша разуменне навакольнага свету, і як толькі мы іх стварылі, мы схільны гэтых перакананняў прытрымлівацца. На сайце http://changingminds.org даступна вялікая колькасць інфармацыі аб тым, што такое перакананні, як яны фарміруюцца і функцыянуюць.
Варыянты
Пазнаёмце групу з некаторымі з гэтых ідэй з дапамогай метаду аналізу сцверджанняў. Гэты варыянт не прадугледжвае для ўдзельнікаў магчымасці гаварыць – яны павінны выслухаць пункты гледжання іншых, каб лепш разабрацца ў пэўных пытаннях.
Прапановы па далейшай працы
У залежнасці ад таго, як пройдзе гэта практыкаванне, вы можаце разгледзець перакананні наконт асабістых адносін з дапамогай практыкаванняў «Пагаворым пра секс» або «Вернікі».
Вы таксама можаце разгледзець права на свабоду рэлігіі і перакананняў з дапамогай практыкавання «Мячэць у Сліпівілі», у якім прапануецца разыграць пасяджэнне гарадскога савета, калі абмяркоўваецца будаўніцтва новай мячэці ў традыцыйна хрысціянскім раёне.
Ідэі для дзеяння
Разам са сваімі сябрамі або аднакласнікамі выберыце калектыўныя перакананні, якія могуць нанесці шкоду або стаць прычынай дыскрымінацыі людзей у вашай мясцовасці, напрыклад перакананні наконт гомасексуальнасці, выкарыстання кантрацэпцыі, абортаў, адносін па-за шлюбам або роляў дзяўчынак і хлопчыкаў. Запрасіце прадстаўніка НГА ці іншай арганізацыі выступіць на гэту тэму для лепшага разумення пытання. Затым вырашайце, якія будуць вашы дзеянні.
Вы таксама маглі б напісаць п'есу на гэту тэму і паставіць яе для мясцовых жыхароў. Памятайце, што значна лягчэй прыцягнуць гледачоў і запоўніць аўдыторыю, калі ваша прадстаўленне супадзе з адным з міжнародных або еўрапейскіх памятных дзён.s.
Калі вы адчуваеце, што ўпэўнена валодаеце тэмай, адаптуйце гэта практыкаванне для выкарыстання падчас нефармальных сустрэч з сябрамі, сям'ёй і калегамі. Няхай яны падзеляцца з вамі сваімі думкамі і перакананнямі па пэўных пытаннях. Майце пры гэтым на ўвазе, што некаторыя людзі могуць вельмі адчувальна ставіцца да пэўных тэм.
Дадатковая інфармацыя
Перакананне – гэта вера ў тое, што пэўнае сцверджанне або ідэя з'яўляюцца сапраўднымі. Людзі могуць казаць, што яны перакананы, што нешта з'яўляецца сапраўдным, па розных прычынах: яны самі былі сведкамі гэтага, у іх ёсць добрыя падставы так меркаваць ці проста таму, што ў іх ёсць вера.
Вера ёсць цвёрдая перакананасць у сапраўднасці ці надзейнасці чалавека, ідэі або рэчы. Гэта перакананасць у тым, што нешта з'яўляецца сапраўдным таму, што так кажа важная асоба. Вера можа мець вельмі спецыфічнае значэнне ў некаторых рэлігійных кантэкстах.
Разуменне таго, як развіваюцца перакананні, з'яўляецца важным крокам на шляху да стварэння культуры правоў чалавека. Праведзеныя псіхолагамі даследаванні працэсаў фарміравання перакананняў і адносін паміж перакананнямі і дзеяннямі дазволілі вызначыць, што перакананні фарміруюцца рознымі шляхамі:
- Мы схільны засвойваць перакананні людзей, якія акружаюць нас у дзяцінстве. Часта прыводзяць словы Альберта Эйнштэйна, які сказаў, што цвярозы розум – гэта сума забабонаў, набытых ва ўзросце да васямнаццацi гадоў. Нашы палітычныя перакананні вельмі моцна залежаць ад палітычных перакананняў, найбольш распаўсюджаных у грамадстве, у якім мы жывём. Большасць людзей вызнаюць рэлігію, якой іх навучылі ў дзяцінстве.
- Людзі могуць пераняць перакананні ад харызматычнага лідара, нават калі гэтыя перакананні ідуць насуперак усім іх ранейшым перакананням і штурхаюць іх на дзеянні, якія супярэчаць іх уласным інтарэсам. У такіх выпадках людзі з рацыянальным складам розуму, патрапіўшы ў стан, вядомы як кагнітыўны дысананс, спрабуюць узгадніць рэальную сітуацыю з верай і супярэчнасцямі, якія ўзніклі.
- Паўтарэнне фарміруе перакананні, таксама як некаторыя перакананні фарміруюцца, напрыклад, выявамі сексу, кахання і іншымі моцнымі станоўчымі эмоцыямі. На гэтым феномене грунтуецца ўся рэкламная індустрыя.
- Фізічная траўма, асабліва такая, што цягне за сабой пашкоджанне галаўнога мозга, можа радыкальна змяніць перакананні чалавека.
- Тым не менш нават адукаваныя людзі, якія добра ведаюць працэсы фарміравання перакананняў, часта празмерна чапляюцца за свае перакананні і дзейнічаюць на іх аснове, нават калі гэта ідзе насуперак іх уласным інтарэсам.
На святкаванні Сусветнага дня настаўніка ў 2010 годзе Прабхакара Шышылa з Каледжа ім. Неру ў Суле, Індыя, сказаў: «Настаўнікі павінны прывіваць вучням навыкі рацыянальнага мыслення». Ці згодны вы з гэтым выказваннем?
Раздатачныя матэрыялы
Вера ў тое, што зямля плоская | Вера ў тое, што смяротнае пакаранне можна апраўдаць | Вера ў тое, што секс да шлюбу – гэта грэх | Вера ў тое, што можна пазбавіцца ад захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам, уступіўшы ў палавыя зносіны з нявінніцай і перадаўшы іх ёй |
Вера ў тое, што памерці за свайго караля, краіну або рэлігію – гэта вялікі гонар | Вера ў тое, што курэнне не так ужо і дрэнна для вашага здароўя | Уяўленні аб карысці выкарыстання наркотыкаў і алкаголю | Вера ў тое, што расы можна адрозніць па колеры скуры, тыпу твару, форме чэрапа, профілю, памеры, тэкстуры і колеры валасоў |
Уяўленні аб гадаванні і выхаванні дзяцей | Вера ў тое, што розныя расы адрозніваюцца маральнымі якасцямі і інтэлектам | Вера ў тое, што псіхічнае захворванне з'яўляецца ганебным | Уяўленні аб ролі мужчыны і жанчыны ў сям'і |
Уяўленні аб выкарыстанні ў ежу мяса | Вера ў павагу да паліцыі і іншых органаў улады | Перакананне, што цунамі і тарнада – гэта гнеў Божы за грахі чалавека | Уяўленні аб абортах і сурагатным мацярынстве |
Уяўленні аб кантрацэпцыі і выкарыстанні кантрацэптываў | Уяўленні аб абыходжанні са злачынцамі: турэмнае зняволенне супраць рэабілітацыі | Уяўленні аб парнаграфіі і прастытуцыі | Уяўленні аб аднаполых шлюбах |
Уяўленні аб дапамозе невылечна хворым пацыентам здзейсніць самагубства | Вера ў тое, што ружовы колер ідзе немаўлятам-дзяўчынкам, а сіні – хлопчыкам | Уяўленні аб здольнасцях мужчын і жанчын выконваць адну і тую ж працу | Вера ў тое, што дзяўчынкі і хлопчыкі павінны гуляць у розныя гульні |
Уяўленні аб адносінах па-за шлюбам | Уяўленні аб татуіроўках і пірсінгу | Уяўленні аб нараджэнні дзяцей па-за шлюбам | Уяўленні аб блюзнерстве |
Уяўленні аб людзях, якія не маюць рэлігіі | Уяўленні аб нудыстах і аб з'яўленні на людзях топлес | Уяўленні аб мастурбацыі (сексуальнасці) | Уяўленні аб разводзе (адзінокіх бацьках) |
1Канстанс Бэйкер Мотлі, якой належаць словы: «Тое, што мы лічым немагчымым сёння, стане магчымым у наступным дзесяцігоддзі», стала ў 1966 годзе першым федэральным суддзёй ЗША з жанчын афраамерыканскага паходжання.
"Піяр" – гэта спосаб такога прадстаўлення інфармацыі або сітуацыі, калі вы самі або вашы ідэі паўстаюць у станоўчым святле (з Оксфардскага слоўніка).