Trade Union meeting
За добрую працу належыць адпаведная аплата!
- Агляд
Гэта практыкаванне ўяўляе сабой мадэліраванне перагавораў аб памеры заработнай платы і ўмовах працы паміж працадаўцам і працаўнікамі з удзелам прадстаўнікоў прафсаюза. Сярод іншых абмяркоўваюцца наступныя пытанні:
• Роля прафсаюзаў
• Калектыўныя перагаворы на рабочым месцы
• Правы рабочых- Звязаныя правы
• Права на працу
• Права на справядлівыя ўмовы працы
• Права на стварэнне прафсаюзаў і ўступленне ў іх, права на забастоўку- Мэты
• Пашырыць разуменне працы і ролі прафсаюзаў у грамадзянскай супольнасці
• Развіць навыкі прыняцця рашэнняў метадам кансэнсусу
• Спрыяць актыўнаму ўдзелу ў жыцці грамадства, развіццю пачуцця адказнасці і салідарнасці- Матэрыялы
• Копіі раздатачнага матэрыялу 1 «Сітуацыя», па адной на кожнага ўдзельніка
• Копіі раздатачнага матэрыялу 2 «Кароткі гласарый па тэрміналогіі працоўных адносін», па адной на кожнага ўдзельніка
• Біркі для распазнавання (па жаданні)
• Папера, каляровыя маркеры і ручкі (па жаданні)
• Два памяшканні (пажадана, але неабавязкова)- Падрыхтоўка
• Прачытайце апісанне практыкавання, у тым ліку раздатачныя матэрыялы, каб быць гатовым адказаць на пытанні гульцоў.
• Падрыхтуйце пакой. Расстаўце ў круг пяць крэслаў для прадстаўнікоў бакоў, якія ўдзельнічаюць у перагаворах, і для старшыні пасяджэння. За імі расстаўце крэслы для астатніх удзельнікаў.- Related rights
compass-key-date
- 1 маяДзень міжнароднай салідарнасці рабочых
Інструкцыі
1. Раскажыце пра практыкаванне: растлумачце, што яно прадугледжвае інсцэніроўку сустрэчы працадаўцаў, з аднаго боку, з працаўнікамі і прадстаўнікамі прафсаюза – з другога. Канчатковая мэта сустрэчы – дасягнуць пагаднення па пытаннях зарплаты і ўмоў працы працаўнікоў шляхам калектыўных перагавораў.
2. У якасці размінкі папрасіце групу вырашыць, якой будзе назва кампаніі і ў якой галіне яна будзе дзейнічаць. Гэта можа быць рэальная ці выдуманая кампанія, якая вырабляе рэальную ці выдуманую прадукцыю. Няхай удзельнікі прыдумаюць назву і для прафсаюза.
3. Падзяліце ўдзельнікаў на дзве групы ў адносінах 2:1. Меншая група будзе прадстаўляць працадаўцаў, а большая – працаўнікоў і прадстаўнікоў прафсаюза.
4. Раздайце ўдзельнікам копіі матэрыялу 1 «Сітуацыя» і матэрыялу 2 «Кароткі гласарый па тэрміналогіі працоўных адносін». Дайце ўдзельнікам 10 хвілін на азнаямленне з матэрыяламі, затым пераканайцеся, што ўсе іх зразумелі.
5. Коратка абмалюйце, як будзе праходзіць інсцэніроўка. Пасяджэнне арганізавалі працадаўцы, адзін з якіх старшынствуе на ім. Яны першыя выкладуць сваю прапанову, затым настане чарга прафсаюза і працаўнікоў. Пасля гэтага бакі павінны пастарацца прыйсці да пагаднення.
6. Папрасіце ўдзельнікаў узгадніць рэгламент сустрэчы, напрыклад, ці варта абмяжоўваць выступленні ў ходзе перагавораў па часе, скажам, дзвюма хвілінамі? Якая будзе агульная працягласць сустрэчы? Ці будуць кароткія перапынкі для кансультацый прадстаўнікоў з тымі, каго яны прадстаўляюць, і г. д. Хто ўвогуле мае права выступаць акрамя прадстаўнікоў?
7. Пасля высвятлення ўсіх дэталей папрасіце ўдзельнікаў разысціся па сваіх групах для падрыхтоўкі да перагавораў (30 хвілін). Працадаўцы павінны выбраць двух прадстаўнікоў і старшыню пасяджэння. Работнікі і прафсаюз павінны выбраць двух прадстаўнікоў. Затым абедзве групы павінны:
• Распрацаваць новую прапанову і прадставіць яе на пасяджэнні.
• Вызначыць паўнамоцтвы сваіх прадстаўнікоў па вядзенні перагавораў.
• Дамовіцца аб мінімальных патрабаваннях, г. зн. аб найгоршым варыянце і мінімальных умовах, на якія яны будуць гатовы пайсці.
8. Калі групы падрыхтуюцца, запрасіце іх прадстаўнікоў сесці ў пяць крэслаў, якія стаяць кругам, а астатніх – заняць месцы за імі. Дайце старшыні знак адкрыць пасяджэнне.
9. Пасля завяршэння перагавораў зрабіце невялікі перапынак, каб удзельнікі маглі выйсці з роляў, і пераходзьце да аналізу і ацэнкі.
Аналіз і ацэнка
Спачатку даведайцеся, ці спадабалася ўдзельнікам практыкаванне, а затым пераходзьце да абмеркавання таго, што адбылося і што новага яны даведаліся:
• Як дзве групы супрацоўнічалі, каб прыняць рашэнне па сваіх першапачатковых прапановах? Складана ім было ці лёгка?
• Ці ўлічвалі групы толькі свае ўласныя інтарэсы пры распрацоўцы першапачатковых прапаноў або таксама прымалі да ўвагі інтарэсы кампаніі?
• Ці распрацавалі групы канкрэтную тактыку вядзення перагавораў?
• Як прайшло пасяджэнне? Ці ўсе жадаючыя мелі магчымасць выказацца?
• Ці здолелі бакі прыйсці да ўзаемапрымальнага рашэння?
• Права быць членам прафсаюза – гэта прызнанае права чалавека. Наколькі важнае гэта права? Якімі былі б наступствы адсутнасці гэтага права?
• Наколькі добра людзі ведаюць, што такое прафсаюзы і чым яны займаюцца?
• Наколькі моцныя прафсаюзы ў вашай краіне? Ці ёсць у вас арганізацыі працадаўцаў?
• Ці ёсць сярод удзельнікаў члены прафсаюзаў? Чаму яны ўступілі ў прафсаюз? У чым плюсы і мінусы такога рашэння?
Парады для фасілітатараў
Перш чым праводзіць гэта практыкаванне, неабходна высветліць грамадскае меркаванне і агульнае стаўленне да прафсаюзаў у вашай краіне. Напрыклад, гэта ідэя можа сустрэць супраціўленне ў былых сацыялістычных краінах, дзе яшчэ памятаюць той час, калі прафсаюзы абвяшчаліся «школай камунізму». У такім выпадку, магчыма, варта пачаць практыкаванне з разбору ўяўленняў і стэрэатыпаў аб прафсаюзах у грамадстве. Вы таксама можа папрасіць удзельнікаў звязацца з мясцовай прафсаюзнай арганізацыяй, каб атрымаць інфармацыю з першых рук, і правесці дадатковыя даследаванні па праблемах працоўных адносін у іх краіне. Акрамя таго, можаце падкрэсліць важнасць і актуальнасць прафсаюзаў у абароне правоў працаўнікоў незалежна ад палітычнай сістэмы.
У залежнасці ад групы можа спатрэбіцца даць дадатковыя рэкамендацыі па працэсе вядзення калектыўных перагавораў. Вы можаце даць удзельнікам некалькі падказак па асноўных пытаннях, якія варта ўлічыць падчас распрацоўкі пазіцый і прапаноў, напрыклад:
• Ці згодны працаўнікі адмовіцца ад павышэння зарплаты ў інтарэсах захавання ўсіх працоўных месцаў?
• Звальненне якіх катэгорый працаўнікоў было б прымальным у выпадку непазбежнасці скарачэння штату?
• Ці рэалістычныя вашы прапановы? Ці не пацягнуць яны за сабой занадта цяжкія эканамічныя наступствы для кампаніі?
Дайце сустрэчы і перагаворам ісці сваім парадкам. Калі, напрыклад, працаўнікі і прафсаюзы лічаць мэтазгодным аб'явіць забастоўку для дасягнення сваіх мэт, забяспечце іх фламастарамі і паперай, каб яны маглі падрыхтаваць плакаты для ўдзельнікаў пікета. Калі ж працадаўцы вырашаць не дапускаць рабочых да працы, г. зн. абвясціць лакаўт, падрыхтуйце другі пакой, куды маглі б пайсці рабочыя.
У большасці краін Еўропы калектыўныя перагаворы рэгламентуюцца законам. Можа быць, мае сэнс знайсці тэкст такога закона і зрабіць копіі яго важнейшых артыкулаў, каб удзельнікі маглі рэалізаваць увесь патэнцыял гэтага практыкавання.
Варыянты
Яшчэ адным прыкладам сітуацыі, якая патрабуе перагавораў аб правах, з'яўляецца пасяджэнне ў школе, прысвечанае канфлікту з-за «праблемнага» навучэнца. У пасяджэнні могуць прыняць удзел навучэнец і яго бацькі, з аднаго боку, і дырэктар разам з прадстаўнікамі школьнай адміністрацыі і бацькоўскага камітэта – з другога.
Прапановы па далейшай працы
Запрасіце прадстаўніка прафсаюза выступіць перад удзельнікамі. Тэлефоны прафсаюзаў вы знойдзеце ў мясцовым тэлефонным даведніку. Як правіла, прафсаюзы з гатоўнасцю адгукаюцца на такія просьбы, імкнучыся быць бліжэй да моладзі, і гэта стане для вас цудоўнай магчымасцю!
Калі групе спадабалася абмяркоўваць такія ідэі, ёй можа прыйсціся даспадобы практыкаванне «Дзе вы стаіце?», у якім удзельнікі павінны адстойваць свае погляды па цэлым шэрагу пытанняў, звязаных з правамі чалавека.
Ідэі для дзеяння
Знайдзіце інфармацыю аб правах працоўных у вашай краіне. Незалежна ад таго, поўная ў вас занятасць ці вы зарабляеце на «кішэнныя» выдаткі, няпоўны ў вас працоўны дзень або вы рабочы-студэнт ці заняты на летніх работах, пацікаўцеся, якія ў вас ёсць правы, напрыклад права на больш высокую аплату начной працы або працы ў выхадныя дні, права быць добрасумленным падаткаплацельшчыкам, права на страхаванне, на выкарыстанне належнага абсталявання і г. д.; таксама вывучыце заканадаўства аб ахове здароўя і бяспекі.
Распрацуйце разам з мясцовым прафсаюзам праект з мэтай папулярызацыі прафсаюзнага руху сярод моладзі.
Дадатковая інфармацыя
Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (МКП) прадстаўляе інтарэсы 176 мільёнаў працаўнікоў у 151 краіне і адміністрацыйнай тэрыторыі і мае 301 нацыянальны філіял. Яна штогод расследуе выпадкі парушэння прафсаюзных правоў і публікуе падрабязныя справаздачы пра выпадкі абмежавання правоў, напрыклад, на ўступленне ў прафсаюзы, на забастоўкі, на вядзенне калектыўных перагавораў і абарону працаўнікоў ва ўсіх краінах свету, уключаючы многія краіны Еўропы. Гл. www.ituc-csi.org.
23 сакавіка 2010 г. МКП распачала кампанію з мэтай звязаць прафсаюзную дзейнасць ва ўсім свеце з працаўладкаваннем моладзі і яе ўдзелам у розных арганізацыях. У новай Маладзёжнай кампаніі выкарыстоўваецца шырокі набор інструментаў, уключаючы відэапрадукцыю, сацыяльныя сеткі, плакаты і вэб-сайты, а таксама спецыяльнае кіраўніцтва па правядзенні кампаніі.
Больш звестак аб удзеле моладзі ў прафсаюзах можна знайсці ў раздзеле дадатковай інфармацыі па тэме працы ў главе 5.
Раздатачныя матэрыялы
Раздатачны матэрыял 1. Сітуацыя
Дзеянне адбываецца на пасяджэнні з удзелам працадаўцаў і працаўнікоў, а таксама прадстаўнікоў прафсаюза, чые спробы прыйсці да згоды па пытанні аб павышэнні заработнай платы зайшлі ў тупік.
Фабрыка працуе кругласутачна 365 дзён у год. На прадпрыемстве налічваецца 1000 працаўнікоў, у тым ліку кіраўніцтва. Усе рабочыя – члены прафсаюза.
Фірма перажывае фінансава-эканамічныя цяжкасці, але банкруцтва ёй пакуль не пагражае. Прыбыткі застаюцца высокімі, але за апошні год з-за спаду ў галіне пайшлі на спад і яны. За апошнія тры гады рэальная зарплата знізілася на 3 %, колькасць занятых скарацілася на 10 %.
Работнікі патрабуюць павышэння зарплаты адпаведна павышэнням у іншых галінах прамысловасці.
Кіраўніцтва ў сваю чаргу заявіла, што любое павышэнне зарплаты пацягне за сабой скарачэнне штату. Яно прапанавала работнікам і прафсаюзу абмеркаваць наступны варыянт:
• Павышэнне стаўкі зарплаты па індывідуальных кантрактах на 4 % (бягучая інфляцыя складае 2 % у год) на працягу года.
• Налічэнне зарплаты, зыходзячы з колькасці гадзін, адпрацаваных за год, а не за дзень ці тыдзень, і адмена звышурочнай працы.
• Скарачэнне штату (на 10 % у першую чаргу за кошт сумяшчальнікаў, занятых няпоўны час і стажораў па прынцыпе «апошнім наняты – першым звольнены») і звальненне па ўласным жаданні.
Прапанову кіраўніцтва агульны сход працаўнікоў адхіліў, асцерагаючыся значнага пагаршэння ўмоў (на той час у 40 % працаўнікоў плата за звышурочныя складала значную частку зарплаты). Прафсаюзы і працаўнікі прадставілі сустрэчную прапанову:
• Павысіць стаўкі на 9 % за два гады.
• Звышурочныя і прэміяльныя пакінуць без змен.
• Штат не скарачаць, а любых працаўнікоў, звольненых па скарачэнні штатаў, адправіць на перападрыхтоўку за кошт прадпрыемства.
• Калі кампанія не задаволіць патрабаванні, працаўнікі пачнуць забастоўку.
Гэта сустрэчная прапанова была адхілена кіраўніцтвам, якое сцвярджала, што прапанаваныя прафсаюзам і працаўнікамі захады не вырашаюць праблем кампаніі.
Перамовы працягваюцца ўжо два месяцы.
Палітыка кампаніі прадугледжвае правядзенне спецыяльнага пасяджэння з удзелам усіх зацікаўленых бакоў у выпадку недасягнення згоды за два месяцы. Менавіта гэта пасяджэнне і з'яўляецца тэмай інсцэніроўкі. На ім абодва бакі павінны прадставіць новыя, рэалістычныя прапановы, каб закласці аснову для дасягнення ўзаемапрымальнага пагаднення.
Усяго за сталом перагавораў павінна знаходзіцца пяць чалавек: два прадстаўнікі кіраўніцтва, старшыня пасяджэння (прызначаны працадаўцамі) і два прадстаўнікі прафсаюза. Паколькі спецыяльнае пасяджэнне праходзіць адкрыта, на ім могуць прысутнічаць усе працаўнікі.
Раздатачны матэрыял 2. Кароткі гласарый па тэрміналогіі працоўных адносін
Калектыўныя перагаворы: | Гэта працэс перагавораў, падчас якога прадстаўнікі працадаўцаў і працаўнікоў імкнуцца сумеснымі намаганнямі дасягнуць пагаднення і вырашыць такія пытанні, як памер заработнай платы і ўмовы працы. |
Лакаўт: | Адзін з самых радыкальных спосабаў праяўлення ўлады працадаўца. Пры лакаўце працадавец забараняе работнікам з'яўляцца на працоўным месцы, г. зн., літаральна пакідае іх за дзвярыма прадпрыемства, спрабуючы прымусіць іх прыняць свае патрабаванні. |
Скарачэнне штату: | Скарачэнне штату адбываецца тады, калі працаўнікоў звальняюць з прычыны рашэння працадаўцы спыніць свой бізнес. Звольненыя па скарачэнні могуць мець права на адпаведныя выплаты ў якасці кампенсацыі. |
Выхадная дапамога: |
Калі пастаянны працаўнік звольнены несправядліва ці з прычыны рэарганізацыі кампаніі, ён мае права на атрыманне кампенсацыі, названай выхадной дапамогай. Памер выхадной дапамогі звычайна вызначаецца, зыходзячы з былой зарплаты працаўніка, напрыклад, яна можа быць роўнай тыднёвай зарплаце, памножанай на колькасць прапрацаваных гадоў. |
Забастоўка: | Права на забастоўку з'яўляецца асноўным сацыяльным правам чалавека, якое разглядаецца як неабходны элемент паспяховых калектыўных перагавораў і сродак ураўнаважвання першапачаткова няроўных адносін паміж працадаўцам і работнікам. Забастоўка – гэта адмова працаўнікоў ад выканання работы або стварэнне перашкод для яе выканання. Рабочыя не могуць абвясціць забастоўку, калі ім захочацца. Для гэтага ім неабходна выканаць шэраг умоў, якія звычайна апісваюцца ў заканадаўстве і адрозніваюцца ад краіны да краіны. |
Прафсаюз: | Прафсаюз – гэта аб'яднанне, якое існуе для абароны інтарэсаў працаўнікоў, уключаючы ў пытаннях аплаты і ўмоў працы. Прафсаюз звычайна прадстаўляе рабочых на перагаворах з працадаўцамі. У многіх краінах прафсаюзы аб'яднаны ў канфедэрацыі. |
Заўвага
Гэта практыкаванне падрыхтавана пры ўдзеле брытанскага прафсаюза GMO, Еўрапейскага прафсаюзнага каледжа (ETUCO) і Асацыяцыі па еўрапейскай падрыхтоўцы рабочых да ўздзеяння новых тэхналогій (AFETT).