"Draw-the-word" game
Немастакі таксама маюць правы!
- Агляд
Гэта камандная гульня, удзельнікі якой павінны праявіць свае творчыя здольнасці і намаляваць слова, якое адносіцца да правоў чалавека.
- Звязаныя правы
• Свабода перакананняў і выказвання меркавання
• Свабода думкі
• Роўнасць чалавечай годнасці і правоў- Мэты
• Паглыбіць веды аб УДПЧ
• Развіць навыкі зносін і творчага мыслення
• Заахвоціць салідарнасць і павагу да разнастайнасці- Матэрыялы
• Насценная табліца, у якой пералічаны артыкулы УДПЧ
• Вялікі аркуш паперы або папера для фліпчарта і маркер для запісу вынікаў
• Аркушы паперы (фармату А4) і алоўкі для малявання ў групах; на кожны раўнд гульні па адным аркушы паперы на каманду
• Клейкая стужка ці кнопкі для развешвання малюнкаў- Падрыхтоўка
• Знайдзіце на старонцы 600 скарочаны тэкст УДПЧ і перапішыце яго на вялікі ліст паперы
• Зрабіце ўласны спіс правоў
compass-key-date
- 10 снежняДзень правоў чалавека
Інструкцыі
1. Папрасіце ўдзельнікаў падзяліцца на малыя групы па чатыры-пяць чалавек і прыдумаць назву для сваёй групы (каманды).
2. Растлумачце, што падчас выканання практыкавання групы будуць спаборнічаць паміж сабой. Адзін з членаў кожнай каманды атрымае адзін артыкул УДПЧ і адлюструе яго на малюнку. Астатнія члены каманды павінны будуць здагадацца, аб якім праве ідзе гаворка. Каманда, якая першай дасць правільны адказ, заробіць адзін бал. Пераможа каманда, якая набярэ найбольшую колькасць балаў.
3. Папрасіце каманды ўзяць некалькі аркушаў паперы і алоўкі і сесці дзе-небудзь у пакоі. Каманды павінны сесці так, каб не мець магчымасці падслухаць іншыя каманды.
4. Выклікайце аднаго ўдзельніка з кожнай каманды. Дайце яму адно права з вашага спіса, напрыклад «свабода ад катаванняў».
5. Папрасіце выкліканых удзельнікаў вярнуцца да сваіх груп і намаляваць малюнак, які паказвае гэта права, а астатнія члены каманды павінны паспрабаваць яго адгадаць. Дазваляецца толькі маляваць, лічбы ці словы пісаць нельга. Размаўляць мастаку таксама не дазваляецца, можна толькі пацвярджаць правільнасць адказу.
6. Астатнім членам каманды дазваляецца выказваць свае здагадкі, але задаваць пытанні яны не могуць.
7. Пасля кожнага раўнда папрасіце ўсіх мастакоў напісаць назву права, намаляванага на малюнку, незалежна ад таго, завяршылі яны яго ці не, і адкласці паперу ў бок.
8. Правядзіце другі раўнд з іншымі ўдзельнікамі ў ролі мастакоў і іншымі правамі. Паўтарыце 7–8 разоў. У кожным раўндзе маляваць павінны новыя ўдзельнікі. Паспрабуйце арганізаваць гульню так, каб кожны ўдзельнік атрымаў магчымасць памаляваць хаця б адзін раз.
9. У канцы гульні папрасіце каманды развесіць малюнкі, каб можна было параўнаць і абмеркаваць розныя трактоўкі і адлюстраванне розных правоў.
Аналіз і ацэнка
Пачніце з агляду самога практыкавання, затым пераходзьце да абмеркавання таго, што ўдзельнікі ведаюць аб правах чалавека. Папрасіце ўдзельнікаў адказаць на наступныя пытанні:
• Адлюстроўваць правы чалавека аказалася лягчэй або цяжэй, чым яны чакалі?
• Як удзельнікі прымалі рашэнне аб тым, як адлюстраваць тое ці іншае права? Адкуль яны бралі вобразы?
• Калі ўдзельнікі малявалі парушэнні, каб праілюстраваць правы, ці могуць такія парушэнні здарыцца ў іх краіне?
• Параўнайце розныя адлюстраванні аднаго і таго ж права. Колькі розных прыёмаў было ўжыта, каб намаляваць і растлумачыць адну і тую ж канцэпцыю?
• Пасля абмеркавання ўсіх малюнкаў спытайце ўдзельнікаў, ці шмат новага яны даведаліся аб правах чалавека (або новага не было наогул).
• Ці лічаць яны, што правы чалавека маюць нейкае дачыненне да іх жыцця? Якія канкрэтна?
Парады для фасілітатараў
Перш чым прыступіць да гэтага практыкавання, вы павінны прачытаць УДПЧ і ведаць, што маецца на ўвазе пад правамі чалавека; напрыклад, што яны гарантаваны на міжнародным узроўні, абаронены законам і арыентаваны на годнасць чалавека, абараняюць як асобу, так і цэлыя групы людзей, іх нельга ні ў каго адняць, яны роўныя, узаемазалежныя і ўсеагульныя.
Вам трэба будзе вырашыць, як карыстацца насценнай табліцай. Калі ўдзельнікі дрэнна ведаюць УДПЧ, варта перад выкананнем практыкавання паказаць ім табліцу, каб яны атрымалі некаторае ўяўленне пра тое, што менавіта трэба адгадаць. Калі ўдзельнікі валодаюць больш глыбокімі ведамі, вы можаце скарыстацца табліцай у канцы практыкавання, каб завязаць дыскусію аб правах, якія не былі намаляваны.
Вы павінны разумець, што ўдзельнікам, якія лічаць сябе дрэннымі мастакамі, гэта задача можа паказацца занадта складанай. Растлумачце ім, што вы не патрабуеце ад іх ствараць шэдэўр, і прапануйце кожнаму паспрабаваць. Можа быць, яны самі здзівяцца, убачыўшы, якія здольнасці ў іх маюцца.
Каб выбраць правы для малявання, скарыстайце скарочаную версію УДПЧ. Можна прапанаваць наступныя правы: права на жыццё, свабода ад катаванняў, права на справядлівы судовы разбор, свабода ад дыскрымінацыі, права на неўмяшанне ў прыватнае жыццё, права на адукацыю, свабода ад рабства, свабода аб'яднанняў, свабода выказвання меркавання, права на грамадзянства, свабода думкі і рэлігіі, права выбіраць, права на працу, права на здароўе, права ўласнасці, права на заключэнне шлюбу і стварэнне сям'і і права выбару мужа (жонкі).
Варыянты
Калі ў групе менш за 8 чалавек, гульню можна правесці адной групай. У першым раўндзе папрасіце маляваць аднаго з удзельнікаў, а той, хто адгадае, будзе маляваць наступным, і гэтак далей.
Замест малявання можна папрасіць удзельнікаў паказаць выбраныя правы пантамімай.
Прапановы па далейшай працы
У практыкаванні «Улада кветак» таксама выкарыстоўваецца маляванне: удзельнікі шукаюць адказ на пытанне, дзе бярэ пачатак канцэпцыя правоў.
Калі групе падабаюцца творчыя заданні, можна прапанаваць практыкаванне «Сыграем гэта!», падчас якога ўдзельнікам прапануецца паказаць пантаміму, каб перадаць агульную канцэпцыю правоў чалавека.
Магчыма, удзельнікам будзе цікава працягнуць вывучэнне правоў, якія адносяцца да пэўнай групы, напрыклад правы людзей з інваліднасцю, у чым ім дапаможа практыкаванне «Убачыць свае магчымасці».