Human Rights Calendar
Прыведзены ніжэй каляндар уяўляе сабой абноўлены спіс дзён, у якія людзі ва ўсім свеце адзначаюць правы чалавека, шануюць іх абаронцаў, успамінаюць парушэнні правоў чалавека, а таксама выказваюць свае надзеі і радасць. Памятныя даты, прыведзеныя ў спісе, уключаюць міжнародныя дні, афіцыйна абвешчаныя ААН, сусветныя дні, якiя прызнаюцца НГА, гадавіны гістарычных падзей і дні нараджэння некаторых вядомых праваабаронцаў. Гэты спіс нельга лічыць поўным ці канчатковым – ён з’яўляецца толькі зыходным пунктам, і вы можаце дапаўняць яго ўласнымі памятнымі датамі.
Каляндар можна скапіраваць, аформіць у выглядзе плаката і выкарыстоўваць як насценны каляндар, каб абудзіць цікавасць да праблем правоў чалавека, паколькі ён дае добрае ўяўленне аб іх маштабе і разнастайнасці. Папрасіце ўдзельнікаў адказаць на пытанні: ці ўсе пералічаныя падзеі маюць для іх якое-небудзь значэнне? Якія мясцовыя і нацыянальныя важныя даты яны хацелі б дадаць?
Кожнае практыкаванне, прыведзенае ў главе 2, звязана з якой-небудзь памятнай датай. Каляндар можна выкарыстоўваць у якасці інструмента для распрацоўкі гадавой адукацыйнай праграмы ў сферы правоў чалавека. У пачатку кожнага тыдня або кожнага месяца можна праводзіць «тэматычнае» практыкаванне, напрыклад, 3 мая, у Сусветны дзень свабоды друку, можна правесці практыкаванне «Першая паласа», а 25 лістапада, у Міжнародны дзень ліквідацыі гвалту ў адносінах да жанчын, – практыкаванне «Хатнія справы». Можа здарыцца і так, што група захоча ўзяцца за справу і прыняць удзел у дзеяннях або мерапрыемствах, якія праводзяцца іншымі арганізацыямі, напрыклад экалагічнай групай у Дзень Зямлі, 22 красавіка.
Калі вам патрэбны зыходныя ідэі, каб пачаць нешта рабіць, вы можаце звярнуцца да раздзела «Практычная дзейнасць ад А да Я» ў навучальным пакеце «Усе роўныя – усе розныя». Падказкі і інструкцыі для ажыццяўлення эфектыўных дзеянняў вы знойдзеце ў главе 3 гэтага дапаможніка «Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека».
Як разуменне правоў чалавека змяняецца і развіваецца з кожным годам, так мусіць мяняцца і развівацца гэты каляндар. Найважнейшая задача для вас – карыстальнікаў гэтага дапаможніка – заключаецца ў пошуку новых форм прыцягнення ўвагі да правоў чалавека штодня на працягу ўсяго года.
Дата | Памятны дзень | Інфармацыя пра дату | Практыкаванне |
---|---|---|---|
27 студзеня | Дзень памяці ахвяр халакосту | 27 студзеня быў вызвалены Аўшвіц-Біркенау – найбуйнейшы нацысцкі канцлагер. У 2005 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла гэты дзень Міжнародным днём памяці ахвяр халакосту ў гонар тых, хто пацярпеў ад нацызму. | Тэгі памяці |
8 лютага | Сусветны дзень бяспечнага Інтэрнэту | Дзень бяспечнага Інтэрнэту арганізаваны Еўрапейскай сеткай цэнтраў бяспечнага Інтэрнэту Insafe для прасоўвання больш бяспечнага і адказнага выкарыстання анлайн-тэхналогіі і мабільных тэлефонаў, асабліва сярод дзяцей і моладзі. | Маё жыццё не шоу! |
12 лютага | Дзень чырвонай рукі |
Арганізацыі, якія падтрымліваюць глабальную кампанію чырвонай рукі для спынення выкарыстання дзяцей-салдат, уключаюць Human Rights Watch, Amnesty International, Маладзёжны Чырвоны Крыж у Германіі, Terre des Hommes і Plan International. |
Кіданне камянёў |
21 лютага | Міжнародны дзень роднай мовы | З 1999 года падтрымліваецца ЮНЕСКА з мэтай заахвочваць шырокія міжнародныя абавязацельствы па прасоўванні шматмоўя і лінгвістычнай разнастайнасці, уключаючы абарону моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. | Моўны бар’ер |
8 сакавіка | Міжнародны жаночы дзень | 8 сакавіка – Міжнародны жаночы дзень, у які адзначаюць эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя дасягненні жанчын у мінулым, сучаснасці і будучыні. Упершыню Міжнародны жаночы дзень адзначаўся ў 1911 годзе. ААН пачала адзначаць Міжнародны жаночы дзень у 1975 годзе. | Шлях у краіну Роўнасці |
12 сакавіка | Сусветны дзень барацьбы з цэнзурай у Інтэрнэце | Сусветны дзень барацьбы з цэнзурай у Інтэрнэце быў абвешчаны 12 сакавіка 2009 года па просьбе арганізацый «Рэпарцёры без меж» і Amnesty International. | |
18 сакавіка | Першыя ў Еўропе парламенцкія выбары шляхам усеагульнага галасавання | Гэта адбылося ў Фінляндыі ў 1917 годзе. | Галасаваць ці не галасаваць? |
21 сакавіка | Сусветны дзень паэзіі | Заснаваны ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Мэта гэтага дня – спрыяць чытанню, складанню, публікацыі вершаў і выкладанню паэзіі ва ўсім свеце. | |
21 сакавіка | Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю расавай дыскрымінацыі | У гэты дзень у 1960 годзе паліцыя адкрыла агонь і забіла 69 чалавек падчас мірнай дэманстрацыі супраць законаў рэжыму апартэіду ў Шарпевілі (Паўднёвая Афрыка). Абвясціўшы гэты дзень у 1966 годзе, Генеральная Асамблея ААН заклікала сусветную супольнасць падвоіць намаганні, накіраваныя на знішчэнне ўсіх форм расавай дыскрымінацыі. | Адказ расізму |
22 сакавіка | Сусветны дзень водных рэсурсаў | Упершыню быў афіцыйна прапанаваны ў рамках дакумента «Парадак дня на XXI стагоддзе» на Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці (ЮНСЕД), якая прайшла ў 1992 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія), і пачаў адзначацца ў 1993 годзе. Яго мэта – садзейнічаць распаўсюджванню інфармацыі пра тое, наколькі развіццё водных рэсурсаў спрыяе эканамічнай прадукцыйнасці і сацыяльнаму дабрабыту. | |
23 сакавіка |
Сусветны метэаралагічны дзень |
Праца Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) у галіне прагназавання надвор’я надзвычай важная для такіх абласцей, як харчовая бяспека, водныя рэсурсы і транспарт. | |
24 сакавіка | Сусветны дзень барацьбы з сухотамі | У гэты дзень у 1882 годзе годзе доктар Роберт Кох прадставіў сваё адкрыццё сухотнай палачкі групе лекараў у Берліне. Афіцыйна гэты дзень быў абвешчаны ў 1992 годзе Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. | |
2-гі аўторак красавіка | Еўрапейскі дзень роўнай зарплаты | Заснаваны фондам BPW Europe, які аб’ядноўвае жанчын у бізнесе і прафесіі. | Розныя зарплаты |
7 красавіка | Сусветны дзень здароўя | Абвешчаны ў 1950 годзе Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя для павышэння дасведчанасці аб непатрэбных пакутах і намаганнях, неабходных для забеспячэння жыцця і добрага здароўя. | Хвіліначку |
8 красавіка | Міжнародны дзень цыганоў-рама | Гэты дзень быў афіцыйна абвешчаны ў 1990 годзе для падтрымкі цыганскай культуры і павышэння дасведчанасці аб праблемах, з якімі сутыкаюцца цыганы-рама. | Доста! |
23 красавіка | Сусветны дзень кніг і аўтарскага права | Адзначаючы гэты дзень, ЮНЕСКА імкнецца паспрыяць чытанню, выдавецкай справе і абароне інтэлектуальнай уласнасці пры дапамозе аўтарскага права. Гэты дзень упершыню адзначаўся ў 1995 годзе. Таксама вядомы як Сусветны дзень кнігі. | |
28 красавіка | Сусветны дзень аховы працы | Абвешчаны Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП). | |
1 мая | Дзень міжнароднай салідарнасці рабочых | Таксама вядомы як «Першае мая». Адзначаецца як свята міжнароднага працоўнага руху. | Пасяджэнне прафсаюза |
2-я субота мая | Сусветны дзень справядлівага гандлю | Заснаваны Сусветнай арганізацыяй справядлівага гандлю. | Увага, мы ўсё бачым! |
3 мая | Сусветны дзень свабоды друку | Абвешчаны ЮНЕСКА ў 1993 годзе для падтрымкі свабоды друку ва ўсім свеце і прызнання свабоднай, плюралістычнай і незалежнай прэсы неад’емным кампанентам дэмакратычнага грамадства. | Першая паласа |
5 мая | Дзень Еўропы (для Савета Еўропы) | Штогадовае свята міру і адзінства ў Еўропе. Існуюць два асобныя святы, якія носяць назву «Дзень Еўропы»: 5 мая для Савета Еўропы і 9 мая для Еўрапейскага саюза. | Усе роўныя – усе розныя |
8 мая | Міжнародны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца | У гэты дзень успамінаюцца і прызнаюцца заслугі Нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ва ўсім свеце. | «Бінга!» на тэму правоў |
8–9 мая | Дні памяці і прымірэння ў гонар тых, хто аддаў сваё жыццё падчас Другой сусветнай вайны | Абвешчаны ў 2004 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН у памяць аб усіх, хто загінуў падчас Другой сусветнай вайны. | Тэгі памяці |
15 мая |
Міжнародны дзень сям’і | Абвешчаны ў 1993 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН для павышэння дасведчанасці аб пытаннях сям’і. | Праца і дзеці |
15 мая |
Міжнародны дзень адмовы ад ваеннай службы па перакананнях сумлення | Заснаваны Інтэрнацыяналам праціўнікаў вайны для прасоўвання негвалтоўных дзеянняў супраць прычын вайны, а таксама для падтрымкі і аб’яднання ва ўсім свеце людзей, якія адмаўляюцца ад удзелу ў вайне або ў падрыхтоўцы да вайны. | |
17 мая | Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй і трансфобіяй | ЮНЭЙДС, Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ (СНІДу). Каардынуецца «Камітэтам IDAHO», размешчаным у Парыжы. | Пагаворым пра секс |
17 мая |
Сусветны дзень электрасувязі і інфармацыйнага грамадства |
Заснаваны ААН у 2005 годзе для павышэння глабальнай дасведчанасці ў пытаннях сацыяльных змен, выкліканых з’яўленнем Інтэрнэту і новых тэхналогій. Адной з яго мэт з’яўляецца таксама памяншэнне лічбавага разрыву. | |
21 мая | Сусветны дзень барацьбы з тэрарызмам | Сусветны дзень барацьбы з тэрарызмам накіраваны супраць усіх форм тэрарызму і гвалту. Ён быў заснаваны ў Індыі, таму што «кожны год тысячы маладых людзей пападаюць у сеткі тэрарыстычных лагераў і арганізацый». | Тэрарызм |
21 мая | Сусветны дзень культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця | Абвешчаны ў 2002 годзе ААН для абароны культурнай разнастайнасці як сродку дасягнення росквіту, устойлівага развіцця і мірнага суіснавання ў глабальных маштабах. | Варыянты нашай будучыні |
22 мая | Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці | Заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН у 2000 годзе для садзейнічання біялагічнай разнастайнасці. Раней святкаваўся 29 снежня. | |
26 мая | Сусветны дзень масавага спорту | Праводзіцца штогод асацыяцыяй TAFISA (міжнароднай асацыяцыяй, якая прасоўвае ідэю «Спорт для ўсіх»). У гэты дзень супольнасці ва ўсім свеце спаборнічаюць адна з адной, каб матываваць як мага больш людзей быць больш фізічна актыўнымі. | Спорт для ўсіх |
28 мая | Еўрапейскае свята суседзяў | Гэты дзень фінансуецца Саветам Еўропы і накіраваны на ўмацаванне мясцовых супольнасцей з дапамогай арганізацыі раённых свят і іншых падобных мерапрыемстваў. | Кветкі і правы |
29 мая | Міжнародны дзень міратворцаў ААН | Абвешчаны ААН у 2002 годзе ў гонар усіх мужчын і жанчын, якія прымалі ўдзел у міратворчых аперацыях ААН і паказалі высокі ўзровень прафесіяналізму, адданасць і адвагу; свята шануе памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за справу міру. | |
31 мая | Сусветны дзень без тытуню | Заснаваны ў 1987 годзе Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя для заахвочвання 24-часового ўстрымання ад усіх форм тытуню і прыцягнення ўвагі сусветнай супольнасці да шырока распаўсюджанага ўжывання тытуню і адпаведных рызык для здароўя. | |
4 чэрвеня | Міжнародны дзень нявінных дзяцей – ахвяр агрэсіі | Праводзіцца з 1982 года для прызнання і напаміну людзям пра пакуты мноства дзяцей – ахвяр фізічнага, псіхалагічнага і эмацыянальнага гвалту і пра неабходнасць абароны правоў дзяцей. | Ці ёсць у нас альтэрнатывы? |
5 чэрвеня | Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя | Генеральная Асамблея ААН абвясціла гэты дзень у 1972 годзе з мэтай павысіць дасведчанасць грамадства пра неабходнасць аховы навакольнага асяроддзя. | Пагуляем на пальцах! |
12 чэрвеня | Сусветны дзень барацьбы з дзіцячай працай | Міжнародная арганізацыя працы (МАП) упершыню адзначыла Сусветны дзень барацьбы з дзіцячай працай у 2002 годзе. | Гісторыя Ашыка |
17 чэрвеня | Сусветны дзень барацьбы з апустыньваннем і засухай | Абвешчаны ААН у 1995 годзе для павышэння дасведчанасці аб неабходнасці міжнароднага супрацоўніцтва для барацьбы з апустыньваннем і наступствамі засухі, уключаючы рэалізацыю Канвенцыі па барацьбе з апустыньваннем. | |
20 чэрвеня | Сусветны дзень бежанцаў | Абвешчаны ў 2000 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар 50-гадовага юбілею прыняцця Канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951 года. | Можна ўвайсці? |
23 чэрвеня | Дзень дзяржаўнай службы ААН | Абвешчаны ААН з мэтай падкрэсліць уклад дзяржаўнай службы ў працэс развіцця. | |
26 чэрвеня |
Міжнародны дзень барацьбы з ужываннем наркотыкаў і іх незаконным абаротам |
У 1987 годзе Генеральная Асамблея ААН вырашыла абвясціць гэты дзень для ўзмацнення мер і супрацоўніцтва з мэтай вызвалення сусветнага грамадства ад наркотыкаў. | |
26 чэрвеня | Міжнародны дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у падтрымку ахвяр катаванняў | Абвешчаны ААН у 1997 годзе, гэты дзень накіраваны на ліквідацыю катаванняў і эфектыўнае выкананне Канвенцыі 1984 года супраць катаванняў і іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання ці пакарання. Упершыню гэты дзень быў адзначаны 26 чэрвеня 1987 года. | Чахал супраць Вялікабрытаніі |
1-я субота ліпеня | Міжнародны дзень кааператываў | Абвешчаны ў 1992 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН. Гэтай датай адзначаецца стагоддзе Міжнароднага кааператыўнага альянсу ў пацвярджэнне таго, што кааператывы з’яўляюцца неабходным фактарам эканамічнага і сацыяльнага развіцця. | |
11 ліпеня | Сусветны дзень народанасельніцтва | Абвешчаны ў 1989 годзе Праграмай развіцця ААН (ПРААН) для прыцягнення ўвагі да тэрміновасці і важнасці праблем народанасельніцтва. | |
18 ліпеня | Міжнародны дзень Нельсана Мандэлы | У 2009 годзе ААН абвясціла 18 ліпеня «Міжнародным днём Нельсана Мандэлы» ў знак прызнання ўкладу былога прэзідэнта Паўднёвай Афрыкі ў культуру міру і свабоды. | Гераіні і героі |
2 жніўня | Дзень памяці ахвяр генацыду цыганоў-рама і сінці | Гэта дата азначае ліквідацыю так званага «сямейнага цыганскага лагера», калі нацысты забілі амаль тры тысячы мужчын, жанчын і дзяцей у газавых камерах Біркенау ў ноч з 2 на 3 жніўня 1944 года. | |
6 жніўня | Дзень памяці ахвяр Хірасімы | У гэты дзень шануюць памяць ахвяр першай атамнай бамбардзіроўкі ў Хірасіме (Японія) у 1945 годзе. | |
9 жніўня | Міжнародны дзень карэнных народаў свету | Абвешчаны ў 1994 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН для падтрымкі і абароны правоў карэнных народаў свету. | Мака-кітабоі |
12 жніўня | Міжнародны дзень моладзі | Абвешчаны ААН у 1999 годзе для прыцягнення ўвагі да праблем моладзі ва ўсім свеце. | Варыянты нашай будучыні |
23 жніўня | Міжнародны дзень памяці ахвяр гандлю рабамі і яго ліквідацыі | Дзень, абвешчаны ЮНЕСКА ў памяць ахвяр трансатлантычнага гандлю рабамі. Ён нагадвае пра падзеі, якія адбыліся 23 жніўня 1791 года, калі рабы Санта-Дамінга ў Карыбскім басейне паднялі паўстанне, якое ў канчатковым выніку прывяло да рэвалюцыі на Гаіці і спрыяла справе абароны правоў чалавека. | Храналогія правоў |
23 жніўня |
Еўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму |
Абвешчаны Еўрапейскім парламентам у 2008 годзе. | |
8 верасня | Міжнародны дзень пісьменнасці | Абвешчаны ЮНЕСКА, гэты дзень упершыню быў адзначаны ў 1966 годзе. Яго мэта – падкрэсліць важнасць пісьменнасці для асоб, супольнасцей і грамадстваў. | Адукацыя для ўсіх? |
15 верасня | Міжнародны дзень дэмакратыі | Абвешчаны ААН у 2007 годзе. | Вузы супрацоўніцтва |
19 верасня | Дзень выбарчага права | У гэты дзень у 1893 годзе Новая Зеландыя дала жанчынам права голасу, стаўшы такім чынам першай краінай свету, у якой было ўведзена ўсеагульнае выбарчае права. | Выбірай! |
21 верасня | Міжнародны дзень міру | Абвешчаны ў 1981 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН як дзень усеагульнага спынення агню і адмовы ад гвалту, запрашэнне ўсіх нацый і людзей спыніць варожыя дзеянні ўсяго на адзін дзень. | Мячэць у Сліпівілі |
28 верасня | Міжнародны дзень права ведаць | Заснаваны прыхільнікамі свабоднага доступу да інфармацыі ва ўсім свеце. Упершыню адзначаўся ў 2003 годзе. Яго мэта – павышэнне дасведчанасці аб праве кожнага на доступ да інфармацыі, якой валодае ўрад. | На лесвіцы |
1-шы панядзелак кастрычніка | Сусветны дзень Хабітат (гарадоў без трушчоб) | Упершыню адзначаўся ў 1986 годзе. Мэта гэтага дня – заклікаць задумацца пра стан нашых гарадоў і асноўнае права чалавека на прыдатнае жыллё. | Аповесць пра два гарады |
2-я серада кастрычніка | Міжнародны дзень змяншэння рызыкі стыхійных бедстваў | Абвешчаны ААН у 2002 годзе для прасоўвання глабальнай культуры памяншэння рызыкі бедстваў, уключаючы іх прадухіленне, змякчэнне і гатоўнасць да іх. | Сетка жыцця |
1 кастрычніка | Міжнародны дзень пажылых людзей | У 1990 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла гэты дзень з мэтай павышэння дасведчанасці па пытаннях, якія тычацца пажылых людзей, і для прызнання ўкладу пажылых людзей у грамадства. | |
1 кастрычніка | Міжнародны дзень музыкі | Абвешчаны ў 1975 годзе Міжнародным музычным саветам для прасоўвання музыкі ва ўсіх пластах грамадства. | |
2 кастрычніка | Міжнародны дзень ненасілля | Міжнародны дзень ненасілля, абвешчаны ААН, прасоўвае ненасілле праз адукацыю і павышэнне дасведчанасці. Супадае з днём нараджэння Махатмы Гандзі. | Гвалт у маім жыцці |
5 кастрычніка | Сусветны дзень настаўніка | Абвешчаны ЮНЕСКА ў 1994 годзе з мэтай мабілізаваць падтрымку настаўнікаў і забяспечыць задавальненне настаўнікамі патрэб будучых пакаленняў. | Хутка састарэе |
7 кастрычніка |
Сусветны дзень дзеянняў за дастойную працу |
Абвешчанае ў 2008 годзе Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў, гэта свята прысвечана змаганню прафсаюзаў ва ўсім свеце за дастойную працу. | Я хачу працаваць! |
2-гі чацвер кастрычніка | Сусветны дзень зроку | Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла гэты дзень днём прыцягнення глабальнай увагі да праблем слепаты, праблем зроку і рэабілітацыі людзей з праблемамі зроку. | Змяніце свае акуляры |
10 кастрычніка | Міжнародны дзень барацьбы са смяротным пакараннем | Адзначаецца з 2002 года па ініцыятыве Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання. | Калі прыйдзе заўтра |
10 кастрычніка | Сусветны дзень псіхічнага здароўя | Упершыню адзначаўся ў 1992 годзе па ініцыятыве Сусветнай федэрацыі псіхічнага здароўя. | Хто я такія? |
Тыдзень, на які выпадае 15 кастрычніка | Еўрапейскі тыдзень мясцовай дэмакратыі | Падтрымліваецца Саветам Еўропы для ўмацавання ведаў аб мясцовай дэмакратыі і прасоўвання ідэі аб удзеле ў мясцовым дэмакратычным жыцці. | Пачуць голас кожнага |
16 кастрычніка | Сусветны дзень харчавання | Абвешчаны ААН у 1979 годзе для павышэння дасведчанасці насельніцтва аб сусветнай праблеме харчавання і ўмацавання салідарнасці ў барацьбе з голадам, недаяданнем і беднасцю. | Зрабі крок наперад |
17 кастрычніка | Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю беднасці | Абвешчаны ў 1992 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН для павышэння дасведчанасці аб неабходнасці ліквідацыі беднасці і нястачы ва ўсіх краінах, асабліва ў краінах, якія развіваюцца. | Барацьба за багацце і ўладу |
24 кастрычніка | Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый | Абвешчаны ў 1947 годзе ў гонар юбілею прыняцця Статута ААН. Гэты дзень «павінен быць прысвечаны інфармаванню народаў свету аб мэтах і дасягненнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і ўзмацненню падтрымкі яе працы». | |
24–30 кастрычніка | Тыдзень раззбраення | У 1978 годзе ААН абвясціла Тыдзень раззбраення, каб падкрэсліць небяспеку гонкі ўзбраенняў, распаўсюдзіць інфармацыю пра неабходнасць яе спынення і павысіць разуменне насельніцтвам тэрміновасці праблемы раззбраення. | |
25 кастрычніка | Міжнародны дзень мастака | Міжнародны дзень мастака быў абвешчаны па масавай ініцыятыве простых людзей. 25 кастрычніка – дзень нараджэння Пікаса. | Гульні з відарысамі |
3 лістапада | Міжнародны дзень мужчын | Міжнародны дзень мужчын быў упершыню адзначаны ў 1999 годзе ў Трынідадзе і Табага. Гэта свята падтрымлівае ААН. Яно прыцягвае ўвагу да здароўя мужчын і хлопчыкаў, паляпшае гендарныя адносіны і падкрэслівае станоўчыя мужчынскія мадэлі для пераймання. | Шлях у краіну Роўнасці |
4 лістапада | Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека | Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека была падпісана ў гэты дзень у 1950 годзе. | Электрастанцыя |
6 лістапада | Міжнародны дзень прадухілення эксплуатацыі навакольнага асяроддзя падчас вайны і ўзброеных канфліктаў | Гэты дзень быў абвешчаны ААН у 2001 годзе для садзейнічання абароне нашага агульнага навакольнага асяроддзя падчас узброеных канфліктаў, калі экасістэмам і прыродным рэсурсам наносіцца шкода, якая мае працяглыя наступствы пасля заканчэння такіх канфліктаў і выходзіць за рамкі нацыянальных тэрыторый і сучаснага пакалення. | |
9 лістапада | Міжнародны дзень супраць фашызму і антысемітызму (Крыштальная ноч) | У гэты дзень у 1938 годзе нацысты пачалі масавыя пагромы яўрэяў. Многія сінагогі і крамы былі атакаваны і спалены. З-за разбітых вітрын гэта ноч атрымала назву «Крыштальная ноч». Дзень прызнаны Саветам Еўропы. | |
9 лістапада | Падзенне Берлінскай сцяны ў 1989 годзе | Гэты дзень сімвалізуе пачатак падзення бар’ераў паміж Заходняй і Усходняй Еўропай. | |
11 лістапада | Сусветны дзень навукі за мір і развіццё | Абвешчаны ЮНЕСКА ў 2001 годзе для павышэння ўзроўню інфармаванасці грамадскасці аб ролі навукі ў мірным і ўстойлівым развіцці грамадства. Ён таксама спрыяе нацыянальнай і міжнароднай салідарнасці ў пытаннях навуковага супрацоўніцтва паміж краінамі. | |
16 лістапада | Міжнародны дзень, прысвечаны цярпімасці | Абвешчаны ЮНЕСКА ў 1995 годзе для павышэння дасведчанасці аб небяспецы нецярпімасці. | Вернікі |
18 лістапада | Дзень барацьбы з гандлем людзьмі | Абвешчаны ў 2007 годзе ў адпаведнасці з рэкамендацыяй Еўрапейскага парламента; гэты дзень спрыяе павышэнню дасведчанасці аб неабходнасці паляпшэння палітыкі, накіраванай на прадухіленне гандлю людзьмі і барацьбу з ім. | |
20 лістапада | Сусветны дзень дзіцяці | Абвешчаны ААН у 1954 годзе як дзень сусветнага братэрства і разумення паміж дзецьмі, а таксама дзень мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне дабрабыту дзяцей ва ўсім свеце. | Правы дзяцей |
21 лістапада | Сусветны дзень тэлебачання | Абвешчаны ААН у 1996 годзе для заахвочвання абмену тэлевізійнымі праграмамі, прысвечанымі праблемам міру, бяспекі, а таксама сацыяльнага і эканамічнага развіцця і пашырэння культурнага абмену. | Гульні з відарысамі |
25 лістапада | Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын | Актывісткі адзначаюць 25 лістапада як дзень барацьбы супраць гвалту з 1981 года. У 1999 годзе гэты дзень быў прызнаны ААН з мэтай павысіць дасведчанасць грамадскасці і «сказаць “не” гвалту ў дачыненні да жанчын». | Хатнія справы |
29 лістапада | Міжнародны дзень салідарнасці з палесцінскім народам | Абвешчаны ААН у 1977 годзе з мэтай выказаць салідарнасць шляхам арганізацыі выставак, прысвечаных тэме правоў палесцінцаў, і іншых культурных мерапрыемстваў. | |
1 снежня | Сусветны дзень барацьбы са СНІДам | Абвешчаны ААН (СААЗ) у 1988 годзе з нагоды занепакоенасці пандэмічным размахам распаўсюджвання сіндрому набытага імунадэфіцыту (СНІДу). | Доступ да лекаў |
2 снежня | Міжнародны дзень барацьбы за адмену рабства | У памяць прыняцця ААН у 1949 годзе Канвенцыі аб барацьбе з гандлем людзьмі і з эксплуатацыяй прастытуцыі трэцімі асобамі. | |
3 снежня | Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю | Абвешчаны ААН у 1992 годзе для павышэння дасведчанасці і вызначэння мер для паляпшэння сітуацыі людзей з інваліднасцю і забеспячэння іх роўнымі магчымасцямі. | Убачыць свае магчымасці |
5 снежня | Міжнародны дзень добраахвотнікаў у імя эканамічнага і сацыяльнага развіцця | Абвешчаны ААН у 1985 годзе для павышэння інфармаванасці пра ўклад валанцёрскіх службаў, стымулюючы такім чынам людзей любой прафесіі прапаноўваць свае паслугі ў якасці добраахвотнікаў як у сваёй краіне, так і за мяжой. | Дзе вы стаіце? |
9 снежня | Міжнародны дзень барацьбы з карупцыяй | Абвешчаны ААН у 2003 годзе для павышэння дасведчанасці аб карупцыі, спынення прыняцця карупцыі як непазбежнага факта і вызначэння карупцыі як адной з галоўных перашкод на шляху да развіцця. | |
10 снежня | Дзень правоў чалавека | У 1950 годзе Генеральная Асамблея ААН прапанавала ўсім дзяржавам і зацікаўленым арганізацыям адзначыць гэты дзень для таго, каб увекавечыць гадавіну прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў 1948 годзе. | Гульня «Намалюй слова», Сыграем гэта, Змагары за правы |
18 снежня | Міжнародны дзень мігранта | Абвешчаны ААН у 2002 годзе з мэтай забяспечыць павагу правоў чалавека і асноўных свабод усіх мігрантаў. | Тры рэчы |
20 снежня | Міжнародны дзень салідарнасці людзей | Ініцыятыва ААН, распачатая ў 2005 годзе ў рамках барацьбы з беднасцю для святкавання нашага адзінства ў разнастайнасці і прасоўвання салідарнасці для дасягнення Мэт развіцця тысячагоддзя. | Колькі нам трэба? |